Беларуская Служба

Нямецкія і расійскія палітыкі патаемна сустракаюцца ў Абу-Дабі

05.12.2025 11:03
 Грамадзяне абедзвюх краін могуць бесперашкодна падарожнічаць туды. У пустыннай краіне ім гарантавана дыскрэтнасць
-
Абу-Дабіwikipedia.pl/Wadiia - Praca własna/CC BY-SA 4.0

У Абу-Дабі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) адбываюцца канфідэнцыйныя сустрэчы паміж палітыкамі і лабістамі з Германіі і Расіі, паведамляе Польскае агенцтва друку PAP са спасылкай на нямецкую газету Die Zeit.

«Эмірат Абу-Дабі — ідэальнае месца для таемных сустрэч дыпламатаў з Германіі і Расіі. Грамадзяне абедзвюх краін могуць бесперашкодна падарожнічаць туды. У пустыннай краіне ім гарантавана дыскрэтнасць», — перадае PAP.

У першыя выходныя лістапада дэлегацыя давераных асоб Пуціна арандавала нумары ў раскошным гатэлі Bab al-Qasr на ўзбярэжжы Персідскага заліва для таемнай сустрэчы з былымі нямецкімі палітыкамі і лабістамі.

Паводле звестак Die Zeit, гэта была як мінімум чацвёртая сустрэча паміж немцамі і расіянамі. Сустрэча адбылася раней у сталіцы Азербайджана Баку. У Абу-Дабі прысутнічалі Рональд Пафала з ХДС (,блізкі супрацоўнік канцлер Ангелы Меркель) і Марцін Хофман, прэзідэнт Нямецка-расійскага форуму, а таксама, верагодна, былы лідар СДПГ Маціяс Платцэк.

Расійскі бок прадстаўлялі старшыня назіральнага савета «Газпрома» Віктар Зубкоў і прадстаўнік Пуціна па правах чалавека Валерый Фадзееў. Фадзееву, як адзначае рэдакцыя, забаронены ўезд у ЕС з-за яго ваеннай прапаганды. Міхаіл Швыдкой, прадстаўнік Пуціна па культуры, у апошні момант адмяніў свой удзел.

Паводле звестак Die Zeit, тэмай перамоваў паміж «старымі сябрамі» з'яўляецца адраджэнне «Пецярбургскага дыялогу» — фармату нямецка-расійскіх перамоваў, ініцыяванага ў 2001 годзе канцлерам Герхардам Шродэрам і Пуціным. Меркель адмяніла «Пецярбургскі дыялог» у 2021 годзіе з-за напружанасці паміж Берлінам і Масквой.

Die Zeit паведамляе, што падчас сустрэчы ў Абу-Дабі нямецкі бок абвясціў, што Пафала і Хофман паедуць у Маскву ў пачатку снежня. Акрамя таго, Міхаіл Швыдкой можа наведаць Германію. Паведамляецца, што міністр замежных спраў Ёган Вадэфуль даў згоду на яго візіт.

«Гэта быў бы першы візіт прадстаўніка расійскага ўрада з пачатку вайны супраць Украіны і палітычны трыумф Крамля», — ацаніла Die Zeit.

Газета адзначыла, што Швыдкой не ўваходзіць у спіс асоб, якім забаронены ўезд у Германію, і гадамі падтрымлівае цесныя сувязі з Германіяй. У гады ахаладження палітычных зносін ён часта наведваў Германію, за Die Zeit перадае Польскае агенцтва друку.

яс