Сейм працуе над законапраектам аб Нацыянальнай сістэме кібербяспекі. Адным з яго наступстваў можа стаць выцясненне кітайскай кампаніі Huawei з польскага рынку. Улады ў Пекіне незадаволеныя гэтым законапраектам, паведалмляецца на сайце money.pl.
Гэта ў асноўным звязана з тым, што ён уводзіць катэгорыю пастаўшчыкоў тэхналогій высокай рызыкі, што на практыцы азначае выключэнне расійскіх і кітайскіх пастаўшчыкоў з польскіх тэндэраў. Гэта асабліва тычыцца кітайскага гіганта Huawei, які мае сувязі з урадам Пекіна.
Яшчэ ў кастрычніку тэхналагічны гігант накіраваў ліст польскаму ўраду са скаргай на прапанаваныя ў законапраекце рашэнні і на тое, што новыя правілы могуць фактычна прывесці да выключэння Huawei з польскага рынку тэхналогій.
Неафіцыйныя крыніцы, набліжаныя да кітайскай кампаніі, гавораць аб магчымай скарзе на Польшчу ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Паведамляецца, што папярэджанне было накіравана камітэту па тэхнічных бар'ерах у гандлі.
Паводле аўтараў ліста, закон, які рыхтуецца ў Польшчы, уводзіць «дыскрымінацыю па прыкмеце нацыянальнага паходжання пастаўшчыкоў паслуг ІКТ з краін, якія не ўваходзяць у ЕС і НАТА».
Намеснік міністра лічбавізацыі Дарыюш Стандэрскі ў інтэрв'ю money.pl заявіў, што пра ніякія афіцыйныя папярэджанні з кітайскага боку Польшчы не паведамлялася.
«Гэты закон сістэмна ўзмацняе кібербяспеку ў Польшчы. Палажэнне аб рызыкоўных пастаўшчыках важнае, таму што, як мы бачым на прыкладзе ўкраінска-расійскай вайны, яна таксама вядзецца на кіберузроўні. Таму кампаніі з незразумелымі сувязямі або сумніўнымі тэхнічнымі рашэннямі павінны прадэманстраваць, ці маюць яны поўную абарону ад несанкцыянаванага ўмяшання», сцвярджае Стандэрскі.
Кібербяспека і справа птушынага мяса
З іншага боку, ходзяць чуткі пра магчымыя кітайскія меры помсты. Адна з крыніц, знаёмая з сітуацыяй, адзначае, што, нягледзячы на заявы Кітая аб адкрыцці кітайскага рынку для птушынага мяса з Польшчы, гэтага пакуль не адбылося.
22 лістапада 2025 года кітайскі бок апублікаваў паведамленне аб зняцці забароны на імпарт гэтага мяса з Польшчы, — падкрэслівае Міністэрства замежных спраў.
У лістападзе Bloomberg паведаміў, што Еўрапейская камісія шукае спосабы прымусіць дзяржавы-члены адмовіцца ад выкарыстання тэхналагічных рашэнняў, якія прапануюць кітайскія кампаніі Huawei і ZTE.
У ЕС распаўсюджанае меркаванне, што перадача кантролю над крытычна важнай нацыянальнай інфраструктурай кампаніям, якія маюць цесныя сувязі з Пекінам, можа пагражаць нацыянальным інтарэсам бяспекі дзяржаў-членаў ЕС.
яс