На лініі Канцылярыя прэзідэнта Караля Наўроцкага – урад Дональда Туска наспявае чарговая спрэчка за кампетэнцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Паводле выдання, каманда прэзідэнта «хоча манапалізаваць« падрыхтоўку да ўдзелу Польшчы ў паседжаннях Групы G20. У прыватнасці гаворка ідзе пра, удзел Польшчы ў запланаваных на будучы год сустрэчах групы, якая аб'ядноўвае 19 найважнейшых краін свету, Еўрапейскі Саюз і Афрыканскі Саюз.
Нагадваем, Польшча атрымала ад амерыканцаў запрашэнне далучыцца да ўдзелу ў паседжаннях у часе, калі працу групы будуць ачольваць ЗША, то бок у будучым годзе.
Саміт G20 павінен адбыцца ў снежні 2026 года ў Маямі на Фларыдзе. На пачатку снежня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа пацвердзіў удзел Польшчы ў сустрэчах групы.
«Пасля слоў Рубіа і афіцыйнага запрашэння ўсё ўскладнілася. Удзел у працы G20 адбываецца на некалькіх узроўнях: асобна сустракаюцца кіраўнікі дзяржаў, міністры, у тым ліку міністры замежных спраў і фінансаў», – нагадвае Gazeta Wyborcza.
Паводле выдання, урад прапанаваў, каб удзел Польшчы каардынавалі «два так званыя шэрпы: намеснік міністра замежных спраў Марцін Басацкі і кіраўнік Упраўлення міжнароднай палітыкі ў Канцылярыі прэзідэнта Марцін Пшыдач».
«Асяроддзе прэзідэнта зноў паскардзілася ў Белы дом. У выніку Вашынгтон адказаў, што амерыканцы жадаюць абмяркоўваць падрыхтоўку (польскага ўдзелу – рэд.) выключна з Марцінам Пшыдачам. Міністр з Канцылярыі прэзідэнта неадкладна пахваліўся гэтым у сацсетках», – паведаміла крыніца інфармацыі ва ўрадзе, якую цытуе Gazeta Wyborcza.
аз