Беларуская Служба

Рэакцыя на падзеі ў Венесуэле: Еўропа павінна рыхтавацца да ўласных «спецыяльных аперацый»

04.01.2026 14:20
ЗША пад кіраўніцтвам Трампа мяняе сусветны парадак. Гэта трывожны сігнал для нашай часткі свету.  
   ()         .
Венесуэльцы ў Маямі (ЗША) цешацца ў адказ на ваенныя ўдары ЗША па Венесуэле.EPA/CRISTOBAL HERRERA-ULASHKEVICH

Правядзенне маланкавай аперацыі, завершанай захопам дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадура з выкарыстаннем верталётаў і сіл спецыяльнага прызначэння, з’яўляецца пацвярджэннем прыдатнасці нядаўна апублікаванай Нацыянальнай стратэгіі бяспекі ЗША. Вашынгтон тым самым, з аднаго боку, рэалізуе палажэнні дактрыны Манро ХІХ стагоддзя, з другога — дэманструе, наколькі ашаламляльна эфектыўна здольныя дзейнічаць амерыканцы. Таму цяжка не параўноўваць гадзінную амерыканскую «special military operation» з расійскай «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», якая доўжыцца ўжо 1411-ты дзень.

Частка грамадскай думкі, безумоўна, перажыла своеасаблівы флэшбэк да 24 лютага 2022 года, калі расійскія верталёты перасеклі мяжу Украіны з боку Беларусі і накіраваліся да аэрадрома ў Гастомелі, каб узяць яго пад кантроль і падрыхтаваць глебу для сухапутнага акружэння Кіева. Тады ўкраінцы збілі чатыры расійскія машыны, часткова знішчылі элітны дэсант, а праз месяц выціснулі расіян з поўначы краіны.

Амерыканцы ў суботняй аперацыі не страцілі ніводнага Chinook, Black Hawk ці Apache, свабодна пранікаючы ў паветраную прастору венесуэльскай сталіцы, абароненай адной з наймацнейшых сістэм супрацьпаветранай абароны, заснаванай, між іншым, на расійскім і кітайскім абсталяванні. З аднаго боку, гэта сведчыць пра велізарную працу, праведзеную амерыканскімі разведвальнымі службамі, з другога — нараджае абгрунтаваныя падазрэнні адносна далёка зайшоўшай тэатралізацыі ўсяго прадпрыемства.

Незалежна ад поспеху ці правалу далейшага развіцця сітуацыі ў сцэнарыі regime change (змены рэжымаў), Дональд Трамп і Злучаныя Штаты дэманструюць супернікам, што «пругкае напружанне мускулаў» у іх выпадку не з’яўляецца выключна рыторычным прыёмам, а выкарыстанне ўзброенай сілы — рэальны і базавы інструмент знешняй палітыкі. Гэта мае далёкасяжныя наступствы для глабальнай архітэктуры бяспекі, якая ўсё выразней рухаецца ў бок сістэмнай нестабільнасці.

Ці з’явіцца на радарах амерыканцаў рэжым аяталаў у Іране, які ўжо тыдзень знаходзіцца ў стане ўнутранага крызісу, ці рэжым на Кубе, пакажуць наступныя тыдні 2026 года. Пэўным застаецца тэмп змены мыслення пра свет: паводле Stockholm International Peace Research Institute (SIPRI), 2024 і 2025 гады былі найбольш актыўнымі з пункту гледжання колькасці поўнамаштабных узброеных канфліктаў з часоў Другой сусветнай вайны. Гэта азначае, што свет уваходзіць у фазу хаосу ў міжнародных адносінах: папярэдні парадак абрынуўся, а новы яшчэ не сфармаваўся (дзеля дакладнасці — сёння не хапае нават дыскусіі пра тое, які парадак мы хочам будаваць).

У такіх умовах выйграюць лідараў з адкрыта аўтарытарнымі рысамі, якія ўспрымаюць ваенную сілу як натуральны — у адпаведнасці з думкай Макіявелі — інструмент палітыкі. Разбураецца табу, накладзенае на Расію пасля яе «аперацыі» супраць Украіны, і адначасова адкрываецца акно магчымасцяў для Кітая, які плануе аналагічны сцэнар адносна Тайваня. Пасыл аперацыі ЗША адназначны: вялікія дзяржавы маюць права рэалізоўваць уласныя інтарэсы коштам рэшткаў сусветнага правапарадку — парадку, які, як справядліва заўважаць некаторыя, на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў сам быў інструментам у руках гегемона.

Адначасова, колькі б расійскае міністэрства замежных спраў ні спрабавала прадаць Глабальнаму Поўдню наратыў пра «амерыканскую агрэсію», поле для манеўру тут застаецца абмежаваным. Крэмль губляе чарговага квазі-саюзніка, якому ахвотна пастаўляў старое савецкае ўзбраенне, і адначасова з’яўляецца пагроза амерыканскага кантролю над венесуэльскімі радовішчамі нафты, што магло б завяршыць працэс маргіналізацыі расійскага экспарту «чорнага золата». Аляксандр Лукашэнка, які падпявае Маскве і грымотна папярэджвае пра «другі В’етнам», таксама гуляе не ў сваёй лізе — Лацінская Амерыка ў оптыцы ЗША застаецца натуральнай зонай уплыву, у якой знешнія актары маюць абмежаваную дзеяздольнасць.

Аднак гэта не гучыць аптымістычна з пункту гледжання Еўропы, якая сутыкаецца з расійскім неаімперыялізмам, таксама заснаваным на логіцы зон уплыву. Паколькі такі рэжым ужо прыняты, а Захад не ў стане паўплываць на змену парадыгмы, Еўропа павінна пачаць рыхтавацца да ўласнага шырокага спектру «спецыяльных аперацый» — накіраваных на дэкапітацыю праціўніка.

Леон Пінчак, аналітык па бяспецы і ўсходніх справах выдання Polityka Insight

Расія выкарыстае інтэрвенцыю ЗША ў Венесуэле ў прапагандысцкіх мэтах у вайне з Украінай – польскі палітолаг

03.01.2026 17:07
МЗС Расіі заявіла, што дзеянні ЗША ўяўляюць сабой акт узброенай агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы.

Латушка пра звяржэнне Мадура: Калі няма дыялогу з грамадствам і падтрымкі народа, канец улады заўсёды нечаканы і жорсткі

04.01.2026 11:18
«Час працуе супраць дыктатуры», – адзначыў Латушка.