У апошнія дні прэзідэнт Дональд Трамп зноў пачаў заяўляць, што Злучаныя Штаты зацікаўленыя далучэннем Грэнландыі. Сярод іншага, амерыканскі прэзідэнт сказаў, што Злучаным Штатам «патрэбна Грэнландыя з меркаванняў нацыянальнай бяспекі», сцвярджаючы, што ў рэгіёне дзейнічаюць расійскія і кітайскія войскі. Белы дом заявіў, што «актыўна» абмяркоўвае прапанову аб набыцці гэтай дацкай тэрыторыі. У аўторак 6 студзеня адміністрацыя Трампа пацвердзіла Польскаму радыё, што разглядае розныя сцэнарыі далучэння Грэнландыі, у тым ліку з выкарыстаннем амерыканскіх вайскоўцаў.
Пагрозлівыя заявы амерыканскага прэзідэнта выклікаюць усё большую напружанасць у еўрапейскіх сталіцах. Міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёкке Расмусен запатрабаваў сустрэчы з Маркам Рубіа. Дзяржаўны сакратар ЗША пацвердзіў, што на наступным тыдні сустрэнецца з прадстаўніком Даніі. Аднак, у размове з журналістамі ў Вашынгтоне Марк Рубіа не выключыў «вайсковы сцэнар».
— Калі прэзідэнт бачыць пагрозу нацыянальнай бяспецы Злучаных Штатаў, прэзідэнт мае магчымасць вырашыць яе ваенным шляхам. Як дыпламат, я заўсёды аддаю перавагу альтэрнатыўным рашэнням – і гэта таксама тычыцца Венесуэлы.
Пытанне Грэнландыі патрабуе асцярожнасці і сур'ёзнага стаўлення да заяў, якія гучаць у ЗША, заявіў міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро. У інтэрвʼю радыё France Inter дыпламат паведаміў, што размаўляў на тэму Грэнландыі з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа і той запярэчыў, што востраў можа стаць аб'ектам амерыканскага нападу.
— Я думаю, што нам трэба быць асцярожнымі і ставіцца да гэтага пытання сур'ёзна, але такім чынам, каб не перабольшваць некаторыя заявы, якія чуваць. Учора я размаўляў па тэлефоне з дзяржаўным сакратаром і міністрам замежных спраў ЗША Марка Рубіа, які выключыў магчымасць таго, што балазе адбылося ў Венесуэле, можа паўтарыцца ў Грэнландыі.
Францыя і яе саюзнікі ў цяперашні час працуюць над адказам на магчымыя дзеянні ЗША ў дачыненні да Грэнландыі. Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро зазначыў, што пытанне Грэнландыі ўздымалася падчас перамоў у фармаце «Веймарскага трохвугольніка», якія прайшлі ў Парыжы. Таксама была прынята сумесная заява лідараў Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Іспаніі ды Вялікабрытаніі, у якой была выказаная падтрымку Даніі ў звязку з прэтэнзіямі Дональда Трампа што да Грэнландыі.
Сілавы захоп Грэнландыі Злучанымі Штатамі азначаў бы канец НАТА, заявіў камісар ЕС па пытаннях абароны і касмічнай прасторы Андрус Кубілюс, прамаўляючы на літоўскім грамадскім тэлебачанні LRT.
— Калі б так здарылася, хаця я ў гэта не веру, гэта было б канцом трансатлантычных сувязяў ды НАТА. ЗША могуць узмацніць бяспеку Грэнландыі ды рэгіёну праз разбудову вайсковых баз. Такія магчымасці ўжо існуюць і няма патрэбы пагражаць ды шантажыраваць саюзнікаў.
Злучаныя Штаты не маюць абсалютна ніякіх юрыдычных падстаў прэтэндаваць на Грэнландыю, сцвярджае прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Гражына Шалагоўская. У інтэрвʼю Польскаму радыё даследчыца скандынаўскай гісторыі таксама зазначыла, што жаданне ЗША захапіць востраў вынікае з імперскіх амбіцыяў прэзідэнта Дональда Трампа.
Грэнландыя – залежная тэрыторыя Даніі, што зʼяўляецца вынікам гістарычнага дамінавання Скандынавіі над рэгіёнам і пацверджана міжнароднымі пагадненнямі, якія дагэтуль складаюць прававую аснову суверэнітэту Даніі над найбуйнейшым у свеце востравам. Адно з такіх пагадненняў было заключана ў 1917 годзе паміж Даніяй і Злучанымі Штатамі. У той час Капенгаген прадаў ЗША свае карыбскія ўладанні: востраў Святога Крыжа, востраў Святога Тамаша і востраў Святога Яна. У рамках пагаднення, заключанага ў той час, ЗША пацвердзілі прыналежнасць Грэнландыі да Даніі, і – як падкрэслівае прафесар Гражына Шалагоўская – гэтая дамова дзейнічае дагэтуль.
— Злучаныя Штаты не маюць ніякага права, што самі пацвердзілі ў дамове з 1917-га года. Без вялікіх палітычных спекуляцыяў, трэба сказаць, што прэзідэнт Трамп мае імперскі стыль паводзін, адсюль ціск на захоп выспы. З гэтай жа прычыны ён паглядаў у бок Канады і таксама без аніякіх юрыдычных падстаў. З Грэнландыяй тая самая сітуацыя.
Заява прэзідэнта Дональда Трампа аб тым, што Злучаныя Штаты павінны ўзяць пад кантроль Грэнландыю з меркаванняў нацыянальнай бяспекі, выклікалі спрэчкі ў Злучаных Штатах. Многія амерыканскія палітыкі, у тым ліку рэспубліканцы, папярэджваюць, што такія пагрозы ў адрас саюзніка небяспечныя, перадае з Вашынгтону карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.
—Дональд Трамп і члены яго адміністрацыі ўжо некалькі дзён гавораць пра неабходнасць далучэння Грэнландыі. Прэзідэнт высмейваў абарончыя магчымасці Даніі, а яго дарадца Стывен Мілер заявіў, што калі ЗША захопяць Грэнландыю, еўрапейскія саюзнікі будуць бяссільныя што-небудзь зрабіць. Прэс-сакратар Белага дома Каралін Левіт нават не выключыла выкарыстання сілы для захопу Грэнландыі. У Кангрэсе гэтыя заявы былі сустрэтыя з недаверам і ўсё большай заклапочанасцю, у тым ліку сярод некаторых рэспубліканцаў. Сустаршыні двухпартыйнай групы «Сябры Даніі ў Кангрэсе», рэспубліканец Блэйк Мур і дэмакрат Стэні Хоер, папярэдзілі, што пагроза анексіі непатрэбная і небяспечная. Кангрэсмен Дон Бэйкан, рэспубліканец ад Небраскі, таксама выступіў з крытыкай, заклікаўшы ЗША спыніць абражаць саюзнікаў. Сенатар Том Ціліс з Паўночнай Караліны, у сваю чаргу, заявіў, што анексія фактычна будзе раўназначнай уварванню, што непрымальна.
Адміністрацыя прэзідэнта Дональда Трампа зноў зацікавіліся лёсам Грэнландыі, заяўляецца, што разглядаюцца розныя сцэнарыі ад далучэння па захоп Грэнландыі, прычым нават з выкарыстаннем узброеных сіл ЗША. Апошнія заявы амерыканскага прэзідэнта і яго памочнікаў выклікаюць усё большую напружанасць у адносінах з Еўропай.
Юры Ліхтаровіч