Беларуская Служба

99 гадоў таму польская паліцыя арыштавала сотні членаў Беларускай сялянска-рабочай грамады (ФОТА)

14.01.2026 06:03
Яе лідары, у тым ліку Браніслаў Тарашкевіч, былі асуджаныя на гучным працэсе ў Вільні ў 1928 годзе.
Аўдыё
  • 99 гадоў таму польская паліцыя арыштавала сотні членаў Беларускай сялянска-рабочай грамады
  .  ( ):  1-   . , . , . ;  2-   . , . , . , . , . ; : . , . , . , . -, . . . 1923
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А. Аўсянік, Ф. Ярэміч, П. Валошын; у 2-м радзе — В. Багдановіч, М. Кахановіч, Б. Тарашкевіч, А. Назарэўскі, А. Уласаў; стаяць: В. Рагуля, С. Якавюк, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла. Варшава. 1923фота: Куфэрак Віленшчыны / М. Казлоўскі. — Маладзечна: 2007. — № 1 (12). — С. 16. Unknown author

14 студзеня 1927 года польская паліцыя арыштавала некалькі сотняў членаў партыі «Беларуская сялянска-рабочая грамада», у тым ліку некалькіх дэпутатаў Сейма Польшчы, сярод якіх быў Браніслаў Тарашкевіч. Партыя цесна супрацоўнічала з нелегальнай Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ), што стала прычынай прызнання яе польскімі ўладамі падрыўной арганізацыяй, якая дзейнічала на карысць СССР.

21 сакавіка 1927 года «Грамада» была забароненая. Яе лідары былі арыштаваныя ў студзені 1927 года і асуджаныя на гучным працэсе ў Вільні ў 1928 годзе. Але пра ўсё па парадку.

Навагрудак, 1920-30-ыя гады. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe  Навагрудак, 1920-30-ыя гады. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) была буйнейшай беларуская грамадска-палітычнай арганізацыяй, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі, у Польшчы, у міжваенны перыяд (1925–1927 г.г.). Грамада ўзначальвала масавы рух за сацыяльныя і нацыянальныя правы, мела тысячы членаў і сапраўды была блізкай да беларускага народа.

Партыйны білет члена БСРГ. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак
Партыйны білет члена БСРГ. Крыніца: commons.wikimedia.org/грамадскі набытак

БСРГ узнікла 24 чэрвеня 1925 года ў Польшчы, а яе заснавальнікамі выступілі дэпутаты польскага Сейма: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын і Пятро Мятла, а таксама іншыя дзеячы беларускай нацменшасці ў даваеннай Польшчы. Беларуская сялянска-рабочая грамада мела філіялы ў ваяводствах і паветах Заходняй Беларусі.

Грамада выступала за нацыянальнае вызваленне Беларусі, стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, сацыяльныя правы сялян і працоўных, выкарыстоўваючы легальную платформу для рэвалюцыйнай дзейнасці. Была блізка звязаная з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі, якая, як вядома, фінансавалася бальшавікамі, што і прывяло да дэлегалізацыі арганізацыі польскімі ўладамі. КПЗБ афіцыйнай Варшавай лічылася тэрарыстычнай арганізацыяй, што і стала ў выніку прычынай разгрому Грамады.

Свайго часу Грамада была самай вялікай партыяй у Заходняй Беларусі і налічвала 100-150 тыс. членаў паводле стану на 1926 год. Выдавала газеты «Беларуская справа», «Народная справа» і інш. Акрамя таго, арганізоўвала забастоўкі, мітынгі і барацьбу за беларускія школы, што прывяло да ўздыму масавага руху. Пад уплывам Грамады актывізавалі працу прагрэсіўная культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы, беларускае выдавецкае, навуковае і дабрачыннае таварыствы, Беларускі студэнцкі саюз.

Дэпутат Сейма Польшчы Браніслаў Тарашкевіч, 1927 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Дэпутат Сейма Польшчы Браніслаў Тарашкевіч, 1927 года. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Але кіраўніцтва БСРГ актыўна таксама працавала ў Сейме Польшчы. У парламенце дзейнічаў Беларускі пасольскі клуб (па-польску poseł – дэпутат Сейма) прадстаўнікоў беларускай меншасці, якія выступалі ў абарону правоў беларусаў Польшчы. У складзе клубу было 11 дэпутатаў. 23 студзеня 1923 года прадстаўнік клубу Браніслаў Тарашкевіч выступіў з першай прамовай з парламенцкай трыбуны. Пра што казаў Тарашкевіч? Гаворыць гісторык Яўген Дудкін (запіс 2023 года).

- Спадар Браніслаў пачаў з прамаўлення крыўдаў, выказаў заўвагі пра рэпрэсіі, якія чынілі польскія ўлады. Мне здаецца, што гэта не лепшы падыход, каб навесці масты. Канешне, былі праблемы, былі чыноўнікі, якія парушалі закон, але, каб знайсці саюзнікаў у парламенце, дзе БПК складаў толькі 3%, трэба было пайсці шляхам кампрамісаў, сказаць, што Польшча магла бы атрымаць ад таго, што падтрымае беларускі бок. Усё выступленне – гэта было апавяданне крыўдаў у адносінах польскага боку, хаця ў 1919-1920 г.г. польскі бок фінансаваў беларускія школы, беларускую газету ў Мінску. Беларускія палітыкі былі недальнабачныя. Сярод патрабаванняў была, між іншым, перадача зямлі сялянам. Польскія памешчыкі на гэта б не пайшлі. Такі сацыялістычны спосаб вырашэння праблемы напружваў палякаў.

14 студзеня 1927 года польская паліцыя арыштавала некалькі сотняў членаў партыі «Беларуская сялянска-рабочая грамада», у тым ліку некалькіх дэпутатаў Сейма Польшчы, сярод якіх быў Браніслаў Тарашкевіч.

Паседжанне Сейму Польшчы. 1930 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe Паседжанне Сейму Польшчы. 1930 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

А вось у сакавіку 1927 года з-за сувязяў з КПЗБ і Савецкім Саюзам польскія ўлады забаранілі БСРГ, арыштаваўшы больш за 4 тыс. актывістаў і абвінаваціўшы іх у камунізме. Яны былі аддадзеныя пад суд.

Патруль польскай Дзяржаўнай паліцыі на матацыкле. Варшава, жнівень 1932 года Патруль польскай Дзяржаўнай паліцыі на матацыкле. Варшава, жнівень 1932 года

У маі 1928 года Браніслаў Тарашкевіч быў асуджаны на 12 гадоў турмы. У 1929 годзе тэрмін зняволення быў зменшаны да 8 гадоў, а вось у ліпені 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова вызвалены турмы. 6 верасня 1933 года палітык быў абменены паміж польскім і савецкім бакамі на сталінскага вязня, беларускага драматурга і публіцыста Францішка Аляхновіча, аўтара вядомай кнігі «У кіпцюрах ГПУ».

Лёс Тарашкевіча, як і многіх беларускіх дзеячаў даваеннай Польшчы, трагічны. 5 мая 1937 года ён быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Яму інкрымінавалася змова дзеля звяржэння савецкай улады і стварэнне пад кіраўніцтвам Польшчы «буржуазнай» Беларускай Народнай Рэспублікі. У спісе членаў выдуманага ўрада, нібыта сфармаванага членамі БНЦ, быў і Тарашкевіч. 5 студзеня 1938 года сталінскай «двойкай» ён быў прыгавораны да расстрэлу. Паводле афіцыйнай версіі, расстраляны 29 кастрычніка 1938 года ў Мінску. Аднак даследчык Леанід Маракоў выказаў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў у выніку катаванняў, якія цягнуліся дзевяць месяцаў. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР у 1957 годзе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу