У швейцарскім курорце Давос адбываецца 56-ы Сусветны эканамічны форум. Саміт, які арганізуецца з 1971 года, з'яўляецца адным з самых прэстыжных эканамічных і палітычных форумаў у свеце. У ім удзельнічаюць палітычныя лідары, у тым ліку прэзідэнты і прэм'ер-міністры, а таксама прадстаўнікі бізнесу, навукі і культуры. Сёлета ўвага ўдзельнікаў накіраваная на дзеянні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа - патрабаванне прадаць яму Грэнландыю і прапанову стварыць Раду міру.
Сусветны эканамічны форум у Давосе праходзіць пад дэвізам «Дух дыялогу». Назіральнікі называюць яго найважнейшым форумам у гісторыі. На ім абмяркоўваюць тэмы, якія могуць вызначыць будучыню свету. Галоўным удзельнікам сустрэчы з’яўляецца, без сумнення, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, у сувязі з чым магчымыя цікавыя і непрадказальныя рашэнні. Гэта першая магчымасць для прэзідэнта ЗША сустрэцца з еўрапейскімі лідарамі пасля падзей у Венесуэле, патрабаванняў адносна Грэнландыі і пагрозы ўвесці высокія мытныя тарыфы ў адносінах краін, якія не згодныя на тое, каб ЗША кантралявалі гэты востраў, а таксама прапановы Трампа стварыць Раду міру па пытаннях Газы. ЗША адправілі моцную дэлегацыю на форум. «Давос ператвараецца ў Маленькую Амерыку», — паведамляюць швейцарскія СМІ.
У Польшчы найбольш пытанняў выклікала запрашэнне ў Раду міру, накіраванае прэзідэнту Каралю Наўроцкаму. Членства звязана з унясеннем аплаты – 1 мільярд долараў ЗША (за пастаяннае членства). Прапановы ўдзелу атрымалі таксама кіраўнікі Расіі і Беларусі. Вядома ўжо, што Аляксандр Лукашэнка намераны ўвайсці ў раду.
Караль Наўроцкі асцярожна паставіўся да прапановы. Ён размаўляў на гэтую тэму з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Гаворыць прадстаўнік Рады міністраў Адам Шлапка (Adam Szłapka).
- Кожны ўдзел Польшчы ў якой-небудзь міжнароднай арганізацыі або падпісанне міжнароднай дамовы патрабуе згоды рады міністраў. Неабходна правесці глыбейшы аналіз прапановы, каб Рада міністраў магла выразіць такую згоду.
Міністр у Канцылярыі прэзідэнта Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) адзначыў, што Караль Наўроцкі званіў па гэтым пытанні прэм’ер-міністру.
- Справа настолькі сур’ёзная і настолькі адказная, што неабходна да яе падыходзіць з халоднай галавой. Гэта можа мець вялікі ўплыў на бяспеку Польшчы, а таксама на глабальную бяспеку.
Сам Караль Наўроцкі (Karol Nawrocki) казаў на форуме, што пытанне Грэнландыі павінна вырашыцца пры дапамозе дыпламатыі. Падчас дыскусіі ён падкрэсліў, што сёння патрэбная салідарнасць. На ягоную думку, Дональд Трамп імкнецца ўмацаваць НАТА.
- Еўропе патрэбная салідарнасць, але ёсць таксама неабходнасць будаваць добрыя трансатлантычныя адносіны. Яны вельмі важныя. Мы ў Еўропе ведаем, колькі памылак Еўропа зрабіла да і пасля 2022 года. Дональд Трамп спрабуе пераканаць нашых еўрапейскіх партнёраў, што нам трэба ўмацоўваць бяспеку.
Падчас сваёй прамовы Дональд Трамп адзначыў, што ён любіць Еўропу, але яна рухаецца ў няправільным кірунку. «У апошнія дзесяцігоддзі ў Вашынгтоне і еўрапейскіх сталіцах усталявалася меркаванне, што адзіны спосаб развіцця сучаснай заходняй эканомікі — гэта пастаяннае павелічэнне дзяржаўных выдаткаў, некантраляваная масавая міграцыя і бясконцы імпарт з-за мяжы», — заявіў Трамп, адзначаючы, што гэта няправільная палітыка.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на гэты раз не прыехаў у Давос. На фоне масіраваных расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры, украінскі палітык адзначыў, што для яго дзяржавы важны канкрэтны вынік размоў, які дазволіць зберагчы жыцці ўкраінцаў. Перш за ўсё патрэбнае ўзбраенне.
- Ракеты для супрацьпаветранай абароны патрэбныя кожны дзень, зброя патрэбная кожны дзень. Абсталяванне для аднаўлення, для рэзерву патрэбнае кожны дзень. Калі форум у Давосе зможа забяспечыць рэальны вынік для Украіны, Украіна будзе там прадстаўлена. Нікому не патрэбная пустая палітыка і размова без рэзультатаў. Трэба займацца сітуацыяй у краіне.
Расійскія дзяржаўныя СМІ паведамілі пра сустрэчу прадстаўнікоў Белага дома і Крамля – Кірыла Дзмітрыева са Стывам Уікафам і Джарэдам Кушнерам. Дарадчык Пуціна заявіў, што “ўсё больш людзей у Еўропе разумеюць, што Расія мае рацыю”. Дзмітрыеў параўнаў сітуацыю Расіі з дзеяннямі Трумпа на міжнароднай арэне. Паводле ягоных слоў, ЗША павінны цалкам разумець неабходнасць Расіі мець уладу над Крымам, таксама, як Амерыцы патрэбная Грэнландыя.
Губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам (Gavin Newsom) жорстка прайшоўся па еўрапейскіх лідарах на форуме ў Давосе, заклікаўшы іх быць моцнымі ў адносінах з Трампам. Ньюсам крытыкаваў сусветных лідараў за пакорлівасць і заявіў, што варта было б прынесці накаленнікі — настолькі ахвотна многія «ўстаюць на калені». Па словах Ньюсaма, Трамп рэагуе толькі на сілу - ніякая «класічная дыпламатыя» тут не працуе.
- Прыйшоў час узяць сябе ў рукі, паводзіць сябе сур'ёзна, быць цвёрдымі. Вам патрэбны хрыбет. Трэба мець прынцыпы і аб'яднацца. Я не магу гэтага цярпець. Можна прынесці накаленнікі для ўсіх сусветных лідараў... Раздаюць Нобелеўскія прэміі... Я спадзяюся, што людзі зразумеюць, наколькі жаласна яны выглядаюць на сусветнай арэне. Я маю на ўвазе, прынамсі, з амерыканскага пункту гледжання. Гэта сорамна. Еўрапейцы павінны самі вырашаць, што рабіць. Але адно яны не могуць зрабіць — гэта тое, што рабілі дагэтуль. А яны толькі бавіліся. Гэты хлопец робіць з людзей дурняў. І гэта сорамна. Еўрапейцы думаюць, што гэта дыпламатыя, і што гэта спрацуе. Дыпламатыя з Дональдам Трампам? Ён — тыраназаўр. Альбо ты спарваешся з ім, альбо ён цябе з'ядае.
На форуме прысутнічае і кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская. Яна ўдзельнічала ў дыскусіі пад назваю «Ці здольная Расія падтрымліваць ваенную эканоміку?». Ціханоўская казала пра санкцыі, іх уплыў на здольнасць Расіі весці вайну. Яна адзначыла, што санкцыі працуюць.
- Лукашэнка вызваляе людзей, таму што санкцыі працуюць, і ізаляцыя працуе, і ён гатовы нават вызваліць сваіх вялікіх ворагаў, каб толькі пазбавіцца ад санкцый. І ў нашым выпадку мы распрацавалі формулу: амерыканскія санкцыі за вызваленне людзей, еўрапейскія санкцыі – за вызваленне краіны. Еўрапейскія санкцыі значна мацнейшыя за амерыканскія, мы просім Еўропу не капіяваць палітыку Трампа адносна санкцый, таму што нам патрэбныя нейкія гарантыі для Беларусі. І, безумоўна, калі мы гаворым пра аслабленне Расіі, мы не павінны забываць пра краіны, якія падтрымліваюць Расію ў гэтай вайне. Эканоміка Лукашэнкі працуе на Расію, вырабляючы тавары для вайны. Большасць расійскіх ракетных комплексаў выкарыстоўваюць беларускія шасі, а беларускія банкі выкарыстоўваюцца для ваенных кантрактаў. Так што, яшчэ рана здымаць санкцыі з беларускага рэжыму, бо гэта ўмацуе Расію.
Ціханоўская правяла таксама сустрэчу з Шымонам Мідэрам (Szymon Midera), дырэктарам PKO Bank Polski — найбуйнейшага дзяржаўнага банка Польшчы, у якога шмат беларускіх кліентаў. Былі закрануты найбольш вострыя праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў беларусамі, якія пакуль не маюць ВНЖ ці дазволу на працу ў Польшчы, ці ў якіх пратэрмінаваныя пашпарты, і як можна іх вырашыць, у тым ліку на еўрапейскім узроўні.
IAR/нг