У нядзелю прэзідэнты Польшчы, Літвы і Украіны Караль Наўроцкі, Гітанас Наўседа і Уладзімір Зяленскі прынялі ўдзел у цырымоніях у Вільні, прысвечаных 163-й гадавіне пачатку Студзеньскага паўстання. На ўрачыстасці прысутнічала і разам з прэзідэнтамі ўскладала кветкі Святлана Ціханоўская. Значнай стала прамова Уладзіміра Зяленскага, які шмат увагі прысвяціў Беларусі, што не здарылася яшчэ год таму.
Літоўскі, польскі і ўкраінскі прэзідэнты ўдзельнічалі ў цырымоніі, прысвечанай 163-й гадавіне пачатку Паўстання 1863-1864 гадоў, а таксама ў сустрэчы Люблінскага трохкутніка, фармату, які злучае Варшаву, Вільню і Кіеў. Лідары трох краін абмеркавалі бягучую сітуацыю з бяспекай, агрэсіўную палітыку Расіі і тое, як на яе рэагаваць.
На ўрачыстасці прысутнічала беларуская дэлегацыя на чале са Святланай Ціханоўскай. Упершыню падчас прамовы Уладзімір Зяленскі гаварыў пра Беларусь, таксама сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Гэта відавочная змены падыходу ўкраінскага прэзідэнта да офіцу Святланы Ціханоўскай.
У сваёй прамове ў Віленскім кафедральным саборы Караль Наўроцкі падкрэсліў, што Студзеньскае паўстанне, хоць і пацярпела паразу ў ваенным плане, стала перамогай у маральным і духоўным вымярэннях. Прэзідэнт Польшчы падкрэсліў, што свабода грунтуецца на памяці і салідарнасці.
Свабода, роўнасць і незалежнасць – вось найважнейшыя ідэалы Студзеньскага паўстання, гаварыў Караль Наўроцкі. Прэзідэнт падкрэсліў, што як тады, так і сёння гэтыя тры народы супрацоўнічаюць адзін з адным:
- Гэта не быў зрыў аднаго народу. Маніфест 22 студзеня 1863 году заклікаў да змагання палякаў, ліцвінаў і русінаў. Сімвалы паўстання – арол, пагоня і Арханёл Міхал – гаворылі выразна: гэта была супольная справа народаў, якія сёння зноў стаяць побач.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сцвярджаў, што імкненне да свабоды суправаджала папярэднія пакаленні і дапамагала ім перажыць новыя хвалі рэпрэсій, прымусовай ідэалагічнай апрацоўкі і знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці.
Гітанас Наўседа сказаў, што тая ж прыхільнасць да свабоды застаецца з намі і па сённяшні дзень – адмова падпарадкоўвацца жорсткай тыраніі і змірыцца з ёй. Прэзідэнт Літвы дадаў, што ў цяперашні час гэта відавочна ва Украіне:
- Ужо амаль чатыры гады Расія ўсімі сіламі спрабуе знішчыць надзею ўкраінцаў на больш свабоднае, светлае і больш квітнеючае жыццё, народжанае на Майдане. І мы прыкладаем усе намаганні, каб Украіна магла працягваць барацьбу і ў рэшце рэшт перамагчы нашага агульнага ворага. Прыклад Украіны найбольш выразна дэманструе, што сапраўднае, аўтэнтычнае жаданне свабоды немагчыма перамагчы.
Паўстанне 1863-1864 гадоў паказала, што лёс палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў – «быць разам». «І наш поспех – украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў – можа быць толькі агульным поспехам», – сказаў Зяленскі ў Віленскім кафедральным саборы.
Паводле слоў Зяленскага, кожны ў Еўропе павінен штодня працаваць дзеля моцнай Еўропы. «Вось чаму важна, каб Еўропа не страціла ніводнага з народаў, якія жывуць у свабодзе. Вось чаму для Еўропы надзвычай важна не губляць часу, бо кожнае спазненне, мае свае наступствы», – сцвярджаў Уладзімір Зяленскі:
- Беларусь усё яшчэ вымушана існаваць як расійскае генерал-губернатарства. Цяпер, праз столькі гадоў пасля Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, усё яшчэ актуальна для Беларусі. Хоць гэта ўжо спрацавала для ўкраінцаў, літоўцаў і палякаў.
І гэта актуальна не толькі таму, што ён мае рацыю, але і таму, што беларусам усё яшчэ трэба атрымаць сапраўдную незалежнасць і сапраўдную бяспеку жыцця. Пакуль што ў белага шпіца Лукашэнкі засталося больш правоў, чым у народа Беларусі, на жаль. Быў шанец у 2020 годзе гэта змяніць, і я ўпэўнены, што будзе яшчэ адзін шанец, але тады проста не хапіла падтрымкі беларусаў.
А цяпер мы ўсе адчуваем, наколькі цяжэй, наколькі даражэй, наколькі небяспечней гэта стала для ўсіх з-за залежнасці беларусаў ад Масквы. Залежнасці, якая не змяншаецца. Расійскія аператары ракетных установак дзейнічаюць ва Украіне, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Расія выкарыстоўвае Беларусь як палігон для шантажу Еўропы і свету Арэшнікамі. Прамысловасць у Беларусі працуе на расійскую вайну, а гандлёвыя сувязі дапамагаюць Пуціну купляць кампаненты, неабходныя для стварэння пагрозы ўсім нам у Еўропе.
Вось чаму важна, каб Еўропа не страціла ніводнага з народаў, якія жывуць у свабодзе. Вось чаму для Еўропы вельмі важна не губляць час. Вось чаму ўсе мы ў Еўропе павінны кожны дзень працаваць дзеля моцнай Еўропы. Паўстанне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе, каб зараз адтуль не было пагроз. Еўропа і свет павінны былі падтрымаць людзей, якія паўсталі, і гісторыя была б іншай, больш бяспечнай.
Тое ж самае можна сказаць і пра Студзеньскае паўстанне, пра іншыя паўстанні народаў, якія не былі падтрыманы іншымі дзяржавамі недзе побач. У выніку гісторыя карае тых, хто застаецца ўбаку.
Прамова Уладзіміра Зяленскага была значнай, бо яшчэ ў мінулым годзе ўкраінскі лідар не прысвяціў увагі беларусам.
Сустрэча С. Ціханоўскай і У. Зяленскага
У Вільні таксама адбылася першая двухбаковая сустрэча прэзідэнта Украіны і Святланы Ціхноўскай. Яна ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу і падзякавала за моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў 1863 году.
Яна падзякавала Прэзідэнту за ягоную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, і за тое, што кіраўніцтва Украіны раздзяляе беларусаў і рэжым. Ціханоўская асобна згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама партызанаў, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны, а таксама беларусаў ва Украіне. Беларуская лідарка таксама асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў.
Ціханоўская падзякавала Прэзідэнту, а таксама ягонай камандзе (у прыватнасці Кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта – Кірылу Буданаву) за прыняцце апошняй групы вызваленых палітвязняў. Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку падобнага кшталту надалей.
Ціханоўская і Зяленскі таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку, супольную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі, і памагатых рэжыму, у тым ліку – за вываз украінскіх дзяцей.
Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі, гэтак жа як гэта зрабілі шматлікія іншыя дэмакратычныя краіны. А таксама больш шчыльнае супрацоўніцтва з Місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве.
Прэзідэнт Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.
ав