Еўропа не можа шукаць апраўданняў, каб пакрыўдзіцца на ЗША. Моцная Еўропа і моцныя адносіны з ЗША – гэта ўсё яшчэ магчыма, але дасягнуць гэтай мэты будзе няпроста, кажа ў інтэрв'ю выданню Gazeta Wyborcza былы амерыканскі пасол у Польшчы.
Даніэль Фрыд быў паслом ЗША ў Варшаве з 1997 па 2000 год, пазней працаваў дарадцам прэзідэнта Джорджа Буша і дарадцам дзяржаўнага сакратара па еўрапейскіх і еўразійскіх пытаннях.
«За сваё доўгае жыццё я быў сведкам шматлікіх крызісаў у адносінах паміж ЗША і Еўропай. Давайце паглядзім, што чакае нас наперадзе. Мы можам пабудаваць яшчэ больш моцныя адносіны, заснаваныя на вельмі моцнай Еўропе, і тады еўрапейскі голас будзе значна больш чутны. Дасягнуць гэтага будзе няпроста, але гэта магчымае», – кажа ён.
Даніэль Фрыд падкрэслівае, што «ёсць шмат спадчыннікаў дактрыны Рэйгана сярод рэспубліканцаў – у Кангрэсе і ў адміністрацыі. Таму замест таго, каб скардзіцца на Дональда Трампа, Еўропа павінна шукаць хаўруснікаў сярод іх.
«Еўрапейцы не павінны шукаць падставы, каб пакрыўдзіцца на амерыканцаў», – лічыць Фрыд.
Ён таксама каментуе рэакцыю цяперашняга пасла ЗША на адмову спікера Сейма Польшчы Уладзімежа Чажастага падтрымаць кандыдатуру Дональда Трампа на Нобелеўскую прэмію міру.
«Тое, што адбылося, было шкодным і непатрэбным (...). Я лічу, што пасол Роўз, які зʼяўляецца адданым сябрам Польшчы і падтрымлівае добрыя адносіны паміж нашымі краінамі, дрэнна адрэагаваў на сітуацыю, якую ён успрыняў, як напад на прэзідэнта Трампа. І яна «выбухнула» ў яго руках», – кажа былы амбасадар.
«Вядома, я разумею рэакцыю і абурэнне палякаў. Але гэта не канец свету. Ёсць спосабы выправіць гэта», – дадае ён у размове з выданнем Gazeta Wyborcza
аз