Беларуская Служба

Эксперт пра абвінавачанні Расіі ў бок Польшчы за замах на генерала: Амаль напрошвалася, каб «прыплясці» сюды польскія спецслужбы

13.02.2026 15:03
ФСБ сцвярджае, што ўкраінская разведка арганізавала замах на генерала Уладзіміра Аляксеева разам з польскай разведкай. Палякі, нібыта, завербавалі нападніка.
-
Генерал-лейтэнант Уладзімір Аляксееў https://commons.wikimedia.org

Замах адбыўся ў Маскве 6 лютага.  У выніку інцыдэнту Уладзімір Аляксееў быў цяжка паранены. Маскоўскія следчыя службы паведамілі, што нападнік выстрэліў у яго некалькі раз. Замах адбыўся ў жылым комплексе на Валакаламскай шашы ў Маскве.

Важна адзначыць, што Расія не прадставіла абсалютна ніякіх доказаў гэтых абвінавачванняў. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга рашуча адмовіў удзел Кіева ў пакушэнні. Польшча таксама адмаўляе ўдзел у замаху на Аляксеева.

Расійскія службы бяспекі праз два дні абвясцілі, што падазраваны ў нападзе — грамадзянін Расіі Любамір Корба, які нарадзіўся ва Украіне, быў экстрадаваны ў Маскву з Дубая.

ФСБ паведаміла таксама, што адзін з саўдзельнікаў Корбы быў арыштаваны ў Маскве, а жанчына, якая, нібыта, таксама працавала з падазраваным, уцякла ва Украіну.

Эксперт у галіне бяспекі Гжэгаж Кучыньскі ў размове з Польскім радыё замежнага вяшчання заявіў, што абвінавачанне Украіны ў адказнасці за замах на Аляксеева не з’яўляецца ніякай нечаканасцю.

— Кожны дагэтуль замах на расійскага чыноўніка ці функцыянера, асабліва высокага рангу, прыпісваўся ўкраінскім спецслужбам. Тым больш што напярэдадні, як падкрэслівалі расіяне, Зяленскі згадаў пра ўзмацненне дыверсійных дзеянняў на тэрыторыі Расіі, маючы, відаць, на ўвазе ўдары па расійскай інфраструктуры, і гэта было выкарыстана Расіяй як нібыта доказ таго, што Зяленскі падаў сігнал.

Гжэгаж Кучыньскі звяртае ўвагу на кантэкст мірных перамоваў у Абу-Дабі, у якіх важную ролю адыгрываюць афіцэры расійскай ваеннай выведкі, а таксама на тое, што абвінавачанне з’явілася яшчэ да таго, як быў затрыманы, нібыта, выканаўца замаху, а Сяргей Лаўроў абвінаваціў Украіну ў імкненні сарваць мірныя перамовы.

— З расійскага боку меркаванні былі даволі разнастайныя. Гучалі і галасы, што гэта, нібыта, не сам Зяленскі хацеў сарваць перамовы і аддаў загад ліквідаваць Аляксеева, а што гэта было дзеянне так званай «партыі вайны» з украінскага боку — нейкай групы, зацікаўленай у працягванні вайны. З’явіліся таксама меркаванні, што калі гэты замах быў расійскай правакацыяй, то ён не абавязкова быў даручаны з самага верху, але мог быць рэалізацыяй мэты найвышэйшых дзяржаўных колаў, каб сарваць перамовы.

Польскі эксперт мяркуе, што замах на Аляксеева мог быць і ўнутранай барацьбой пэўных колаў у самой Расіі, якія хочуць, каб вайна працягвалася і каб не было мірнага пагаднення.

— Вядома, што ГРУ, гэта значыць ваенная выведка, і ФСБ ніколі асабліва не ладзілі паміж сабой яшчэ з савецкіх часоў, калі быў КДБ, а не ФСБ. Несумненна, мы маем справу з пастаянным суперніцтвам гэтых службаў. Бывалі моманты, калі ФСБ відавочна дамінавала, а ГРУ было сур’ёзна аслабленае. Аднак вайна з Украінай у пэўным сэнсе ўмацоўвае ГРУ за кошт ФСБ. Тым больш, што ФСБ абвінавачвалі ў тым, што сітуацыя ва Украіне была цалкам няправільна ацэнена, і таму адбыўся правал першай «маланкавай» кампаніі, бо аказалася, што Украіна зусім не такая слабая.

І за гэта ў ФСБ паляцелі галовы. Гжэгаж Кучыньскі адзначае, што сам факт вядзення рэгулярнай вайны ўмацоўвае ваенныя службы, у тым ліку ваенную выведку. Акрамя таго, трэба памятаць, што ГРУ адыгрывае вядучую ролю ў гібрыднай вайне супраць Захаду.

— Я маю на ўвазе рознага роду акты сабатажу і дыверсіі ў Еўропе. ГРУ таксама фактычна курыруе розныя фармаванні ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу. Магчыма, што на Лубянцы палічылі, што гэта занадта шмат і трэба аслабіць суперніка. Варта таксама памятаць, што контрвыведвальную абарону войску, у тым ліку і ваеннай выведцы (ГРУ), забяспечвае ФСБ, а менавіта адпаведны дэпартамент ФСБ — ваенная контрвыведка. Гэта таксама ідзе яшчэ з савецкіх часоў, калі так званая грамадзянская контрвыведка прыкрывала ваенную, але пры гэтым магла весці сабатаж супраць вайскоўцаў. Як, напрыклад, цяпер — усе карупцыйныя справы ў войску вядзе ваенная контрвыведка, якая ўваходзіць у склад ФСБ.

Польскі эксперт нагадвае, што нядаўна адбылася змена кіраўніка ваеннай контрвыведкі. Ім стаў генерал Іван Ткачоў — адна з найбольш уплывовых фігур на Лубянцы, якога ў свой час звязвалі з Ігарам Сечыным.

 — У верасні было пацверджана, што ён стаў новым кіраўніком ваеннай контрвыведкі, і гэта, безумоўна, сведчыць пра рост значэння гэтай структуры, паколькі на яе чале паставілі «цяжкавагавіка», як кажуць расіяне. Я б не выключаў, што гэта элемент барацьбы паміж спецслужбамі. Гэта магла быць правакацыя з боку ФСБ супраць ГРУ, напрыклад, праз неналежную ахову Аляксеева. Або ж уся аперацыя магла быць сфабрыкаваная кімсьці ў самой Расіі.

На думку польскага эксперта, Польшчу абвінавацілі ва ўдзеле ў замаху на расійскага генерала таму, што Расія проста выкарыстала абставіны, каб абвінаваціць Варшаву.

— Проста выкарысталі факт, што сын уяўнога выканаўцы замаху, які нібыта страляў у Аляксеева, ужо шмат гадоў пастаянна пражывае ў Польшчы і мае польскае грамадзянства. Калі яны атрымалі такую інфармацыю, дык амаль напрошвалася, каб «прыплясці» сюды польскія спецслужбы. На мой погляд, гэта нелагічна, бо калі гэты нібыта выканаўца — Любамір Корба — пастаянна жыў у Тарнопалі, дык навошта ўкраінскім службам звяртацца да польскіх партнёраў, каб завербаваць яго праз сына, які, паводле расійскай інфармацыі, жыве ў Сілезіі? Я правяраў у сацыяльных сетках — і сапраўды ёсць чалавек з такім імем і прозвішчам, які жыве там, пра што гаварылася ў паведамленні ФСБ. На маю думку, малаверагодна, што польскія службы завербавалі праз сына выканаўцу і перадалі яго ўкраінскаму боку. Гэта выглядае нелагічна. Мне здаецца, з’явілася зручная нагода ўдарыць па Польшчы праз сямейныя сувязі і гэтым скарысталіся. Я б не шукаў тут нічога больш.

На думку Гжэгажа Кучыньскага, незалежна ад таго, ці была гэта ўкраінская аперацыя, ці нейкія ўнутрырасійскія разборкі, яна ў любым выпадку ўзмоцніць напружанне ўнутры расійскай эліты, перадусім паміж спецслужбамі — паміж ГРУ і ФСБ.

Уладзімір Аляксееў знаходзіцца пад санкцыямі Захаду за меркаваную ролю ў кібератаках, якія прыпісваюцца Расіі. Ён таксама быў адказны за арганізацыю нападу на двайнога агента Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі ў 2018 годзе з выкарыстаннем нервова-паралітычнага рэчыва «Навічок».

Украінскія СМІ паведамлялі, што ён быў галоўным перамоўшчыкам Крамля на перамовах аб вывадзе ўкраінскіх войскаў з металургічнага завода «Азоўсталь» у Марыупалі ў маі 2022 года. Ён таксама быў адным з высокапастаўленых чыноўнікаў, якія вялі перамовы з Яўгенам Прыгожыным, заснавальнікам наймітаў «Групы Вагнера», калі той спрабаваў здзейсніць дзяржаўны пераварот у Расіі ў чэрвені 2023 года.

яс