Сейм прыняў закон аб праграме SAFE. Аднак ён выклікае шмат пытанняў у дэпутатаў ад апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць». Пазыка ў межах праграмы SAFE будзе мець працэнтную стаўку 3,17% у першы год — паведаміла Міністэрства фінансаў падчас пасяджэння камісій Сената — другой палаты польскага парламента, якая зацвярджае законы, якія прайшлі праз Сейм. Стаўка будзе зменнай, што, на думку апазіцыі, праблематычна з улікам вельмі доўгага — 45-гадовага — тэрміну пагашэння, таксама звяртаючы ўвагу на падвойны стандарты Еўракамісіі па пытаннях светапогляду.
Агулам гаворка ідзе пра амаль 44 млрд еўра, аднак планы ўрада сутыкнуліся з жорсткім супрацівам апазіцыі. Спрэчкі выбухлі ў камісіях Сената Польшчы па абароне, а таксама па бюджэце і дзяржаўных фінансах.
Сенатары асабліва ўважліва распытвалі пра рэальныя выдаткі на абслугоўванне доўгу, якія — паводле ранейшых заяў — павінны былі складаць 3–4%. Намеснік дырэктара дэпартамента дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў Марэк Шчэрбак удакладніў, што апошняя бягучая стаўка склала 3,17%. Як ён патлумачыў, кошт пазыкі SAFE непасрэдна залежыць ад даходнасці аблігацый, якія выпускае Еўрапейская Камісія. Прадстаўнік ведамства падкрэсліў, што Брусель выступае ў ролі пасярэдніка, які «ні выйграе, ні прайграе» — ён проста перакладае выдаткі на фінансаванне, заснаваныя на высокім крэдытным рэйтынгу ЕС.
Аднак гэтыя тлумачэнні не супакоілі апазіцыі. Сенатар Войцех Скуркевіч з партыі «Права і справядлівасць» лічыць механізм зменнай стаўкі трывожным з прычыны вельмі доўгага, 45-гадовага, перыяду пагашэння.
«Патэнцыял праграмы велізарны, бо як мінімум дзесяць дзяржаў я ведаю, якія хочуць закупляць зброю ў Польшчы», — у сваю чаргу заявіў у эфіры Першай праграмы Польскага радыё еўрадэпутат Анджэй Халіцкі, прадстаўнік «Грамадзянскай кааліцыі», намеснік старшыні фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў ЕП. У палітыка запыталі, ці пагражае еўрапейская пазыка незалежнасці Польшчы, на што ўказвае апазіцыя?
— Не, гэта абсурд. Яна не толькі не пагражае, але і з’яўляецца вельмі моцным фактарам эканамічнага росту, у тым ліку патэнцыйнага, а перадусім — развіцця нашых абаронных прадпрыемстваў, стварэння новых працоўных месцаў, павелічэння вытворчасці, на якую існуе вялікі попыт з боку замежных партнёраў. Сёння, напрыклад, у Польшчу прыбывае дэлегацыя Еўрапейскага Парламента, адказная за праграму SAFE, каб наведаць патэнцыйныя вытворчыя пляцоўкі — у Радаме і на заводах MESKO ў Скаржыска-Каменнай.
Нагадаем слухачам: праграма SAFE — гэта нізкапрацэнтныя пазыкі на патрэбы абароны і бяспекі. Гэта сродкі Еўрапейскага Саюза. Аднак, паводле палітыкаў апазіцыйных «Права і справядлівасці» і «Канфедэрацыі», у будучыні ЕС можа запатрабаваць нешта ўзамен. Напрыклад, як сцвярджае былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы ва ўрадзе «Пі С» Марыюш Блашчак, фінансаванне можа быць прыпыненае, калі Польшча не прыме большую колькасць мігрантаў або не прызнае пэўныя ідэалагічныя патрабаванні.
— Калі запускаюцца значныя сродкі на еўрапейскую бяспеку, а ўжо цяпер з улікам вялікай цікавасці гаворыцца нават пра магчымы SAFE II, — хоць пакуль засяродзімся на дзейнай праграме, — то перад намі шанец умацаваць бяспеку Польшчы, вырабляць у сябе для еўрапейскага рынку. Падкрэслю: не толькі для ўнутраных патрэб. Альтэрнатыва простая — можна адмовіцца. Тады мы будзем менш бяспечнымі, без новых працоўных месцаў, без замоў, без продажу абсталявання на мільярды еўра, боепрыпасаў, ракет, вырабленых у Польшчы. І гаворка не толькі пра ўзбраенне — гэта і праекты падвойнага прызначэння: інфраструктура, крытычная інфраструктура, сховішчы, умацаванне ўсходняй мяжы. Пытанне простае: мы хочам быць больш бяспечнымі ці не?
Некаторыя палітыкі апазіцыі сцвярджаюць, што цяпер умовы выгадныя, але ў будучыні могуць з’явіцца дадатковая патрабаванні, калі гэтага захоча Еўракамісія. Ці ёсць у праграме або ў праве ЕС механізм, які дазволіць у будучыні спыніць фінансаванне, калі Польшча не выканае патрабаванняў у сферы міграцыі або светапоглядных пытанняў?
— Не. Гэта не Нацыянальны план аднаўлення Польшчы, дзе існуюць так званыя вехі і канкрэтныя прававыя абавязанні, на якія, дарэчы, пагаджаўся ўрад Матэвуша Маравецкгаг. Калі дзяржава-чалец парушае агульныя прынцыпы, як гэта было ў выпадку з Венгрыя, можа быць запушчаная працэдура паводле 7-га артыкула Дагавора аб ЕС, якая прадугледжвае магчымасць прыпынення выдачы сродкаў. Але гэта зусім іншы механізм. Я зыходжу з таго, што Польшча не парушае і не будзе парушаць агульныя правілы. А калі нехта думае пра іншае, то гэта проста нявыгадна — лепш заставацца прававой дзяржавай, дзейнічаць у межах Канстытуцыі і законаў.
Аднак прадстаўнікі «Права і справядлівасці» выказваюць асцярогі, што ў будучыні інтэрпрэтацыя прынцыпаў вяршэнства права можа змяніцца.
— Яна не можа быць рознай. Права — гэта нормы і працэдуры, аднолькавыя для ўсіх. Выключэнняў няма.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў, што пакуль не вызначыўся з рашэннем адносна закона, калі ён паступіць на яго подпіс. Магчыма прэзідэнцкае вета для праграмы SAFE.
— Лічу, што калі прэзідэнт Наўроцкі ўбачыць, наколькі беспадстаўнымі былі некаторыя аргументы апазіцыі — напрыклад, пра тое, што сродкі нібыта будуць накіраваныя ў Германію, — ён зменіць сваю ацэнку. Германія, маючы крэдытны рэйтынг AAA, можа прыцягваць сродкі пад ніжэйшыя працэнты, чым ЕС. Дыяпазон у ЕС складае прыкладна ад 2 да 3% — усё залежыць ад моманту эмісіі і фінансавай кан’юнктуры. Германія, як буйнейшая і багацейшая краіна, запусціла ўласную праграму эмісіі аблігацый на 500 млрд еўра з канстытуцыйным замацаваннем. Таму хутчэй Германія будзе закупляць прадукцыю ў Польшчы, а не наадварот.
Слухайце аўдыё!
эж