Увесь свет затаіў дыханне, назіраючы за падзеямі на Блізкім Усходзе. Нагадаем, ноччу з пятніцы на суботу ваенныя сілы ЗША і Ізраіля нанеслі ракетныя ўдары па пазіцыях у Іране. Галоўная мэта – трансфармацыя рэжыму ў дзяржаве. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп выступіў з рэзкай прамовай, у якой аргументаваў неабходнасць нанесці ўдар пагрозай ад праграмы распрацоўкі ядзернай зброі ў Іране. Развіццё падзей у вялікай ступені залежыць ад таго, як павядуць сябе важнейшыя саюзнікі Ірана – Кітай і Расія.
Надоечы іранскія СМІ пацвердзілі смерць вярхоўнага кіраўніка Ірана аяталы Хаменеі. Разам з ім былі забітыя некаторыя прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва краіны. Такім чынам, ЗША і Ізраіль маглі заявіць пра першы поспех ад сваіх удараў. Тым не менш, да змены кіруючага рэжыму яшчэ далёка, улады паказалі падчас апошніх пратэстаў, што яны гатовыя да вельмі жорсткага падаўлення як галасоў незадаволенасці ўнутры дзяржавы, так і да жорсткага адказу на вонкавы ўдар. Іран не страціў кіравальнасці, ён нанёс удары ў адказ па Ізраілі і іншых дзяржавах.
Баявыя дзеянні адбываюцца на Блізкім усходзе, але ўжо паявілася інфармацыя пра напады з бок Ірану на ваенныя базы заходніх краін. Хто можа аказаць падтрымку Ірану? Яго галоўныя саюзнікі - Кітай і Расія па-рознаму адрэагавалі на ліквідацыю Алі Хаменеі. МЗС Кітая абмежавалася асуджэннем яго забойства, але ад спачування ўстрымалася. У Расіі спачуванні наконт смерці «выбітнага дзяржаўнага дзеяча» выказаў сам Пуцін. Што цікава, у Беларусі са словамі спачування выступіў толькі старшыня Палаты Прадстаўнікоў. Так што, у Мінску больш глядзяць на Кітай, чым на Расію. Карэспандэнт Польскага радыё ў Кітаі Томаш Саевіч адказвае на пытанне, чаму Кітай рэагуе стрымана.
— Кітайцы, як мы ўсе, чакаюць развіцця падзей, бо сітуацыя абвастраецца, цяжка даваць прагнозы. Як вядома, іранскія ўлады абвясцілі, што адміністрацыя будзе працягваць працаваць. Дональд Трамп абяцаў вельмі жорсткі адказ, калі Іран вырашыць ударыць. Мы ўжо бачылі амерыканскія ды ізраільскія абстрэлы, але ў нядзелю выбухі было чуваць у Досе, Дубаі і Кувейце. Іран таксама атакаваў ваенныя мэты, гэта амерыканскія ваенныя аб'екты ў Амане. Так што цяжка прадбачыць, у якім кірунку будзе развівацца сітуацыя.
Іран, несумненна, разлічвае на падтрымку з боку Кітая і Расіі. Ці ёсць небяспека, што Іран атрымае ад сваіх саюзнікаў дапамогу, у тым ліку ваенную? Дагэтуль падтрымка была выключна палітычнай, - нагадвае Томаш Саевіч.
— Пытанне ў тым, як гэтая палітычная падтрымка будзе пашырацца і ці яна выльецца ў канкрэтныя дзеянні, перш за ўсё мілітарныя. На маю думку, гэта вялікая чырвоная лінія, якую правёў Захад, у тым ліку сам Дональд Трамп, а таксама лідары Ізраіля. Той, хто асмеліцца аказаць ваенную дапамогу Ірану, а не толькі абмежавацца словамі і жэстамі, можа выклікаць вялікі гнеў Злучаных Штатаў. Трэба нагадаць, што паміж Кітаем і ЗША ідуць перамовы, рыхтуецца візіт Дональда Трампа ў Кітай. Таму я не думаю, каб Кітай рызыкаваў пагаршэннем міжнародных адносін, у тым ліку з Амерыкай, пагаршэннем сітуацыі ва ўласнай эканоміцы, дзеля таго, каб ратаваць Іран.
Іран абвясціў, што ён не мае намеру падпарадкавацца амерыканскім загадам. Палітолаг Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытута будучыні, прадставіў у сваім дакладзе тры варыянты развіцця падзей. Адзін з варыянтаў – зацягванне канфлікту на месяц і даўжэй. Тады ён становіцца ўсё больш небяспечным для Кітая.
— Гэта зона нестабільнасці ўздоўж межаў Кітая. У такім выпадку Кітай паносіць страты. Ён канешне можа купляць іранскую нафту, але бяспека транзіту грузаў, развіццё паўднёвага шляху пастаўкі тавараў, які праходзіць праз іранскую тэрыторыю, гэта ўжо становіцца выклікам.
У сваю чаргу, другі саюзнік Ірана – Расія – атрымлівае ад развіцця падзей шэраг карысці. Па-першае, цэны на нафту могуць рэзка вырасці, адпаведна, і даходы расійскага бюджэту. Па-другое, увага на нейкі час будзе прыкаваная да іншай часткі свету, чым Еўропа і вайна ва Украіне. Гэта складаны выклік для Еўропы, - гаворыць Ігар Тышкевіч.
— Расійская Федэрацыя можа паспрабаваць нанесці максімальныя страты ўкраінскай эканоміцы, украінскай інфраструктуры для таго, каб атрымаць з аднаго боку, магчыма, нейкія лепшыя ўмовы для правядзення актыўных баявых дзеянняў на фронце, з другога боку, лепшыя перагаворныя пазіцыі. Для Еўрапейскага Саюза такая сітуацыя вельмі непрыемная, яна небяспечная, паколькі значная частка еўрапейскіх праграм у рэгіёне замарожваюцца, паколькі пытанні супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы ЗША пад пытаннем. І, натуральна, пытанне цэн на нафту, што таксама для Еўропы вельмі адчувальнае.
28 лютага Злучаныя Штаты нанеслі ўдар па Іране. Прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што мэтай аперацыі было знішчэнне ядзернага патэнцыялу і пагроз, якія зыходзілі ад іранскага рэжыму. У выніку ўдараў загінуў вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі. Трамп мяркуе, што актыўная фаза аперацыі можа працягвацца да 4 тыдняў.
PR 24/нг