Пасля 12 дзён вайны на Блізкім Усходзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вайна з Іранам скончыцца «вельмі хутка». Яшчэ нядаўна амерыканскі прэзідэнт не выключаў таго, што вайна можа зацягнуцца.
Паводле словаў Дональда Трампа, ён хоча дасягнуць сітуацыі, калі Іран спыніць ядзерную праграму і не зможа пагражаць рэгіёну балістычнымі ракетамі. Амерыканскі лідар таксама адзначыў, што хацеў бы, каб новы іранскі кіраўнік праводзіў іншую палітыку, чым яго папярэднікі.
Са свайго боку, іранскія афіцыйныя асобы сігналізуюць аб гатовасці да зацяжной канфрантацыі. Намеснік міністра замежных спраў Ірана Казем Гарыбабадзі заявіў, што Іран пагодзіцца на спыненне вайны толькі пры ўмовах гарантыі немагчымасці паўтарэння падобнага канфлікту. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана заявіў, што менавіта яны «вызначаць канец вайны».
Пра прычыны цяперашняга абвастрэння на Блізкім Усходзе і пра магчымыя наступствы вайны з Іранам для Еўропы мы паразмаўлялі з сацыёлагам і выкладчыцай факультэту ўсходазнаўства Варшаўскага ўніверсітэту Людвікай Влодэк.
— Выказванні Трампа вельмі зменлівыя. У сваёй прамове ў Мар-а-Лага, адразу пасля нападаў, ён казаў, што вайна будзе доўжыцца доўга, што амерыканскія салдаты будуць гінуць, але Амерыка будзе бяспечнай, а таксама ён казаў пра свабоду для іранскага народу. Пазней прэзідэнт ЗША запэўніваў, што Вашынгтон не імкнецца да змены рэжыму, і вайна будзе вельмі кароткай. На маю думку, тут шмат непрадуманых дзеянняў, бо саюзнікі Злучаных Штатаў у Персідскім заліве настойліва раілі ЗША не пачынаць аперацыю. Магчыма, Ізраіль падштурхнуў да гэтага нападу, а Злучаныя Штаты проста далучыліся.
Не было так, што Іран справакаваў удары?
— Я не ведаю, як Іран мог справакаваць гэтыя ўдары. Калі рэжым задушыў у крыві пратэсты ў студзені, забіўшы 7 тысяч сваіх грамадзян, Трамп абяцаў прыйсці на дапамогу. Нічога падобнага не адбылося. Напад быў здзейснены праз месяц, калі Іран, здавалася, сурʼёзна пачаў удзельнічаць у перамовах. Тэгеран вельмі імкнуўся дасягнуць пагаднення, бо санкцыі душаць іранскую эканоміку. У пэўнай ступені нядаўнія пратэсты былі выкліканы дрэнным станам эканомікі.
Аднак пасля 12 дзён бамбардаванняў, Іранскі рэжым трымаецца. Дзякуючы чаму?
— Іран — магутная краіна; гэта не проста нейкая маленькая дзяржава, гэта не Афганістан — адна з самых бедных і адсталых краін свету. Іран зʼяўляецца высокаіндустрыяльнай краінай з 90 мільёнамі насельніцтва. У яго добра падрыхтаваная армія, асабліва Рэвалюцыйная гвардыя, на якую рэжым выдаткаваў шмат грошай, і даволі сучасная сістэма ўзбраення. Іранская тэакратыя перажыла доўгую вайну з Іракам. Іранская бюракратыя вядомая ва ўсім свеце больш за тысячу гадоў і мае традыцыю падтрымання ў добрым стане цэнтралізаванай дзяржавы. У Іране, напрыклад, ніякіх сепаратысцкіх рухаў не было. Гэта прыстойная, адносна добра арганізаваная дзяржава, у рэгіянальным плане. Смерць Хаменеі не паралізавала краіну.
Ці гэта азначае, што нас чакае доўгатэрміновая вайна?
— На маю думку, Трамп, напэўна, быў бы варʼятам, калі б пачаў доўгатэрміновую вайну з Іранам. Трамп прыйшоў да ўлады, заявіўшы, што Амерыка — найперш, і забраў амерыканскія грошы з такіх ініцыятыў, як USAID і Радыё «Свабодная Еўропа», і тут раптам ён укладвае значна больш грошай у ваенную аперацыю. Тут шмат супярэчнасцяў. Спачатку, пасля той кароткай вайны ў мінулым чэрвені, казалі, што мэты дасягнутыя, таму што быў знішчаны ядзерны патэнцыял Ірана, і Іран больш ні для каго не ўяўляе пагрозы. Цяпер аказваецца, што Тэгеран раптам уяўляе пагрозу і яго трэба зноў атакаваць.
Калі Трамп абвесціць пра перамогу толькі са свайго боку — што зробіць Іран? Ці рэжым будзе спрабаваць помсціць?
— Я думаю, што з іх боку шмат слоў. Нехта з Рэвалюцыйнай гвардыі заявіў, што заканчэнне вайны залежыць не ад Злучаных Штатаў, а ад Ірану. Мне здаецца, што гэта даволі смелая заява, бо ў інтарэсах Тэгерану не весці доўгую вайну. На маю думку, калі Ізраіль і ЗША скончаць бамбардаванне, Іран таксама спыніць свае абстрэлы. Таму што, як я ўжо казала, эканамічнае становішча Ірану дрэннае. Краіна мае фінансавыя праблемы, але, вядома, рэжыму таксама трэба падтрымліваць атмасферу перамогі, гневу і дэманстрацыі сваёй сілы.
Насамрэч, цяперашні рэжым мае вельмі слабую ўнутраную легітымнасць, зазначыла экспертка.
— Рэжым перастаў забяспечваць сваіх грамадзян тым, што давала яму стабільную падтрымку на працягу многіх гадоў. Гэта азначае, што спыніліся субсідыі на бензін і прадукты харчавання. Ёсць праблемы з працоўнымі месцамі і інфляцыяй, якая моцна бʼе па грамадстве. Рэжым імкнецца захаваць сябе як моцнага гульца ў рэгіёне, але таксама і як моцнага гульца перад сваімі ўласнымі грамадзянамі. На словах яны абавязкова ператвораць усё ў сваю ў перамогу. Калі амерыканцы спыняць бамбіць, яны скажуць, што ЗША спыніліся, таму што баяліся нас. Аднак я не веру, што Іран хоча працягваць вайну, бо проста не можа сабе гэтага дазволіць.
Што чакае Еўропу, з чым нам давядзецца сутыкнуцца? Ужо ў Бельгіі выбухнула бомба каля сінагогі. Прагучаў заклік да вайны супраць няверных з боку шыіцкіх імамаў. Ці можа Іранскі канфлікт распаўсюдзіцца на Еўропу?
— Я думаю, што значна больш сурʼёзная праблема заключаецца ў тым, што цэны на нафту выраслі, што значна палегчыць Пуціну фінансаванне агрэсіі супраць Украіны, і, на маю думку, гэта наша галоўная праблема ў Еўропе. Злучаныя Штаты фактычна спынілі сваю дапамогу Украіне, і цяпер, калі яны будуць уцягнуты ў працяглую ваенную аперацыю, гэта, безумоўна, не дапаможа зноў прыцягнуць іх увагу да украінскай праблемы. Што да Кітаю, яны былі даволі прадказальным гульцом на міжнароднай арэне да гэтага часу, і абвастрэнне канфлікту на Блізкім Усходзе абсалютна не ў іх інтарэсах. Саюзнікі Злучаных Штатаў таксама, здаецца, незадаволеныя тым, што на іх тэрыторыю пачалі падаць бомбы, і, верагодна, зробяць усё магчымае, каб пераканаць амерыканскіх сяброў дээскалаваць гэты канфлікт. Так што, можа, я занадта аптымістычная, але я не думаю, што гэта перарасце ў Трэцюю сусветную вайну, прынамсі, пакуль што.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч