Беларуская Служба

Польскі дыпламат: Вайна на Блізкім Усходзе падрывае трансатлантычныя адносіны

19.03.2026 15:25
«І аналітыкі, і еўрапейскія лідары ацэньваюць сітуацыю як такую, што развіваецца ў дрэнным кірунку».
Аўдыё
  • Польскі дыпламат: Вайна на Блізкім Усходзе падрывае трансатлантычныя адносіны
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп PAP/EPA/JIM LO SCALZO / POOL

— Мне падаецца, што НАТА дапуcкае вельмі сур’ёзную памылку, — заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адносна рашэння некаторых дзяржаў не ўдзельнічаць у аперацыі па разблакаванні Армузскай пратокі. Наколькі небяспечныя такія словы амерыканскага лідара? Адказвае былы міністр замежных спраў Польшчы ва ўрадзе «Права і Справядлівасці» Яцэк Чапутовіч. Дыпламат паразважаў пра ўплыў канфлікту на Блізкім Усходзе на стан трансатлантычных адносін.

— У пэўным сэнсе гэта заклік да саюзнікаў Злучаных Штатаў далучыцца да гэтай аперацыі. І не толькі ў ваенным, але і ў палітычным плане падтрымаць ЗША і Ізраіль. Аднак з боку краін Еўрапейскага Саюза і Канады назіраецца значная стрыманасць, бо гэтая вайна развіваецца не ў найлепшым кірунку. Акрамя таго, гэтыя дзяржавы слушна лічаць, што не ўдзельнічалі ў прыняцці рашэння аб удары па Іране. Дык чаму яны павінны падзяляць яго наступствы разам з ЗША?

Але Дональд Трамп кажа: «Ніхто не хоча, каб Іран меў ядзерную зброю, усе з гэтым згодныя, толькі дапамагаць не хочуць. Мы павінны гэта запомніць, бо гэта шакуе».

— Так, тут бачная вялікая розніца паміж першай і другой кадэнцыямі Дональда Трампа. Тады Іран таксама ўспрымаўся як вельмі сур’ёзная пагроза і быў важным пунктам адліку для амерыканскай палітыкі, перадусім як пагроза для Ізраіля. Але тады Злучаныя Штаты карысталіся дыпламатычнымі інструментамі: скасавалі ядзернае пагадненне, арганізавалі ў Варшаве Блізкаўсходнюю канферэнцыю, якую называлі антыіранскай.

Цяпер жа выкарыстоўваецца ваенная сіла — і гэта вельмі істотная змена, наступствы якой могуць быць сур’ёзнымі. Тут, можна сказаць, была дапушчана памылка ў ацэнцы сітуацыі. Дональд Трамп, відаць, меркаваў, што ўсё будзе, як у Венесуэле: удасца ліквідаваць лідара, а мясцовае грамадства падтрымае гэтыя дзеянні. Трамп нават казаў, што гатовы ўказаць наступнага духоўнага лідара Ірана. Але высветлілася, што тое, што дзейнічае ў адным культурным і геаграфічным кантэксце, не дзейнічае ў іншым. І адсюль цяпер у ЗША вялікая праблема — як выйсці з гэтага канфлікту.

Дык як з яго выйсці? Адступіць як мага хутчэй, завяршыць вайну і растлумачыць свету, у чым была яе мэта?

— Праблема ў тым, што тут няма добрага выйсця. Кожнае рашэнне звязана з пэўнымі наступствамі і выкліча адчуванне паразы. Можна, вядома, назваць гэта поспехам, але калі Злучаныя Штаты адступяць, не дасягнуўшы нават частковых мэт, гэта будзе выглядаць як няўдача. Я ўжо не кажу пра змену рэжыму.

Сітуацыя няпростая, і аналітыкі, а таксама еўрапейскія лідары ацэньваюць яе як такую, што развіваецца ў дрэнным кірунку. Таму яны не хочуць уцягвацца ў ініцыятыву, якая можа скончыцца паразай. Адсюль і расчараванне ў ЗША. І трэба сказаць: для нас гэта таксама дрэнна, бо аслабляюцца трансатлантычныя сувязі. Гэта ўплывае і на сітуацыю ва Украіне, і на НАТА, і на гарантыі бяспекі. Праблема вельмі сур’ёзная, але мы не маем на яе ўплыву — маем тое, што маем.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо выказвае занепакоенасць: чым даўжэй працягваецца вайна з Іранам, тым больш церпіць Украіна. Палітык адзначае, што для Уладзіміра Пуціна працяглая вайна на Блізкім Усходзе — гэта перавага. Акрамя росту цэн на энергарэсурсы, вайна азначае і вычэрпванне амерыканскіх рэсурсаў, у тым ліку сістэм супрацьпаветранай абароны. Зяленскі нават падлічыў у інтэрв’ю BBC, што неўзабаве могуць скончыцца ракеты Patriot. ЗША вырабляюць каля 60–65 ракет у месяц, гэта прыкладна 700–800 у год. А ў першы дзень вайны на Блізкім Усходзе было выкарыстана 803 такія ракеты.

— Сапраўды. Гэта адна з пагроз — вычэрпванне запасаў, найперш ракет, якія выкарыстоўваюцца для перахопу балістычных ракет Ірана. Але ёсць і іншая праблема: Захад пакуль не мае дастатковых тэхналогій для эфектыўнай барацьбы з дронамі. Таму часам супраць іх ужываюцца вельмі дарагія ракеты.

Гэта сведчыць пра тое, што адпаведныя высновы з папярэдніх сітуацый не былі зробленыя ў поўнай меры. Падобнае ўжо адбывалася, калі даводзілася выкарыстоўваць неадпаведныя, занадта дарагія сродкі супраць танных, у тым ліку неўзброеных дронаў-імітацый падчас вераснёўскай атакі на Польшчу.  Гэта паказвае, што Захад апынуўся ў складаным становішчы — пакуль няма эфектыўнага адказу ні на расійскія, ні на іранскія дзеянні.

Другая важная праблема — гэта аслабленне санкцый ЗША супраць Расіі. У выніку Расія атрымлівае выгаду ад высокіх цэн на нафту, мае больш сродкаў на развіццё эканомікі, ваеннай прамысловасці і вядзенне вайны. Акрамя таго, яна атрымлівае і палітычную перавагу, дэманструючы гатоўнасць дасягнуць сваіх мэт — падобна да таго, як гэта робяць Злучаныя Штаты.

Усё гэта для нас неспрыяльна. Увага і рэсурсы ЗША адцягваюцца ад найважнейшага для нас канфлікту — вайны ва Украіне. У цэнтры ўвагі апынаецца Блізкі Усход, што пагаршае сітуацыю.

Ці можна сказаць, што Дональд Трамп адклаў украінскае пытанне ўбок?

— Хутчэй варта сказаць, што мірныя перамовы проста спыніліся. Гэта дрэнна, бо Украіна разлічвала на пэўнае пагадненне, на спыненне агню. У гэтай сітуацыі Расія выглядае мацнейшай. Я б не казаў, што адбылася поўная адмова, але відавочна, што ўвага пераключылася. Тыя ж самыя людзі ўдзельнічаюць у розных напрамках — напрыклад, перамоўшчык — Стыў Віткаў, які таксама займаецца іранскім пытаннем.

Гэта азначае, што гэты канфлікт цяпер для іх важнейшы. Ён важны і з пункту гледжання ўнутранай палітыкі ЗША, будучыні Дональд Трамп і Рэспубліканскай партыі.  Для іх Ізраіль, Іран  —  ключавыя пытанні ў знешняй палітыцы, таму менавіта туды цяпер скіраваная асноўная ўвага.

Слухайце аўдыё!

эж