Беларуская Служба

Следчая камісія па справе праслухоўвання палітыкаў – самая сакрэтная камісія ў гісторыі польскага Сейма

19.03.2026 16:01
Толькі некалькі дэпутатаў змогуць пазнаёміцца з сакрэтнай часткай справаздачы аб працы камісіі… і гэта праблема.
 a .
Будынак Сеймa Польшчы.By I, Kpalion, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2247495

З сакрэтнай часткай справаздачы аб працы Сеймавай камісіі па расследаванні законнасці выкарыстання праграмнага забеспячэння Pegasus змогуць пазнаёміцца выключна некалькі дэпутатаў, паведамляе Rzeczpospolita.

Нагадаем, камісія была cклікана на пачатку 2024 года для расследавання скандалу, звязанага праслухоўваннем грамадзян (таксама палітыкаў апазіцыі) з выкарыстаннем шпіёнскага праграмнага забеспячэння. Галоўная мэта камісіі — праверка законнасці, правільнасці і мэтанакіраванасці аператыўнай і разведвальнай дзейнасці, якая праводзілася з ейным выкарыстаннем у перыяд з 2015 па 2023 гады, то бок у часе ўлады правых сілаў у Польшчы.

Як паведамляе газета, справаздача будзе падзелена на тры часткі: адкрытую, якая будзе агульна даступная, сакрэтную — даступную ўсім дэпутатам і цалкам сакрэтную, якая будзе ўтрымліваць інфармацыю аб працы сістэмы Pegasus, запуску аператыўнага назірання, яго абгрунтаваннях і рашэннях суда.

Праблема з доступам да сакрэтнай часткі справаздачы

Паводле газеты, усе веды, сабраныя членамі камісіі, наогул даступныя невялікай групе — усяго з 15 дэпутатаў, якія маюць права на доступ да матэрыялаў з грыфам «цалкам сакрэтна». Гэта, між іншым, прэм'ер, каардынатар спецслужбаў і члены Сеймавай камісіі па справах спецслужбаў.

У сваю чаргу, толькі пяць з 10-ці дэпутатаў-членаў камісіі па справе Pegasusa маюць дазвол, выдадзены Агенцтвам унутранай бяспекі (ABW), які дае права на доступ да матэрыялаў з грыфам «цалкам сакрэтна». Нават намеснікі старшыні згаданай камісіі такога права не маюць.

— Гэта прэцэдэнт. Падобнай сітуацыі ў Сейме раней ніколі не было, — кажа дэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» і член камісіі Вітольд Зэмбачыньскі.

— Праблема ў тым, што найважнейшыя высновы ўтрымліваюцца ў частцы справаздачы з грыфам «цалкам сакрэтна», — падкрэслівае дэпутат.

Як галасаваць дэпутатам, калі ў іх абмежаваны доступ да інфармацыі?

Нягледзячы на двухгадовыя намаганні дэпутатаў, службы адмовілі камісіі ў доступе да матэрыялаў, звязаных з аператыўным назіраннем з выкарыстаннем шпіёнскага праграмнага забеспячэння. Камісія звярнулася нават у Бюро аналізаў Сейма з запытам, як сфармуляваць некаторыя са сваіх высноў, не парушаючы грыфу «цалкам сакрэтна».

Праблема ў тым, што Сейм павінен прыняць справаздачу камісіі, каб яна магла завяршыць сваю працу. Між тым, як галасаваць дэпутатам, калі ў іх няма доступу да ўсёй справаздачы.

Паводле газеты, якая спасылаецца на спецслужбы, камісія можа абмеркаваць пэўныя пытанні асобна на закрытым пасяджэнні, не цытуючы матэрыялаў з грыфам «цалкам сакрэтна» і тады перадаць справаздачу ў Сейм.
Паводле дакладу, прадстаўленага былым генпракурорам Адамам Боднарам, у перыяд з 2017 па 2022 год тры службы — кожная з дазволу суда — выкарыстоўвалі сістэму Pegasus у дачыненні да 578 асоб.

У 2017 годзе Pegasus быў выкарыстаны ў дачыненні да шасці чалавек, у наступным годзе — у дачыненні да 100, у 2020 годзе — 161, у 2021 годзе — 162, а ў 2022 годзе — толькі ў дачыненні да дзевяці чалавек.

У дакладзе міністра Боднара не пазначана, колькі з іх магло адбыцца з парушэннем законаў.

аз