На пачатку сакавіка Еўрапейскі Парламент прымаў Беларускі дэмакратычны форум. Падзея аб’яднала восем дэмакратычных партый з Беларусі — забароненых і рэпрэсаваных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Форум стаў платформай для каардынацыі дзеянняў у адносінах да Еўропы, а таксама для абмеркавання правоў чалавека, лёсу палітычных вязняў і выклікаў эміграцыі ва ўмовах зменлівага міжнароднага кантэксту. У панэльных дыскусіях удзельнічалі эксперты і нядаўна вызваленыя палітычныя вязні.
Дыскусія пацвердзіла, што, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, дэмакратычныя асяродкі застаюцца актыўнымі і шукаюць рэальнага супрацоўніцтва з Еўропай. Гэта працэс, які патрабуе паслядоўнасці і доўгатэрміновай заангажаванасці. Мерапрыемства было арганізавана, сярод іншых, шматгадовым сябрам Беларусі, еўрадэпутатам ад кіроўнай у Польшчы «Грамадзянскай кааліцыі» Анджэем Халіцкім.
— Свабодная і дэмакратычная Беларусь застаецца важным элементам бяспекі і стабільнасці Еўропы. Таму падтрымка тых, хто, нягледзячы на рэпрэсіі, змагаецца за свабоду і правы чалавека, сёння асабліва важная, — распавёў палітык Беларускай службе Польскага радыё. — Я заўсёды з тымі, хто змагаецца за свабоду, хто знаходзіцца ў сітуацыі, у якой калісьці былі мы ў Польшчы ў 1970-я і -80-я гады. Тады мы чакалі не толькі жэстаў салідарнасці, але і падтрымкі нашых імкненняў да свабоды. Сёння мы абавязаныя аказаць такую дапамогу і падтрымку тым, хто змагаецца за свабоду. Беларусь працягвае барацьбу за вольную, дэмакратычную айчыну, — падсумаваў Халіцкі.
Якое значэнне мае беларускае пытанне для польскай палітыкі, у прыватнасці для ўсходняй палітыкі ў цяперашняй сітуацыі, калі мы бачым, што адбываюцца інтэнсіўныя кантакты паміж Лукашэнкам і адміністрацыяй Трампа?
— Не можа быць згоды і няма ніякага маральнага апраўдання для такога «гандлю». Нават калі некаторыя людзі атрымліваюць свабоду і гэта вынік гэтых размоў, Лукашэнка адначасова асуджае іншых да зняволення ў вельмі цяжкіх умовах, фактычна выкарыстоўваючы іх як аб’ект гандлю. Гэта неэтычна і абсалютна непрымальна. З еўрапейскага пункту гледжання ніякія перамовы не могуць весціся без удзелу дэмакратычнага прадстаўніцтва беларускага грамадства.
Спадар дэпутат, на вашу думку, ці робіць урад Польшчы дастаткова, каб вызваліць Анджэя Пачобута? Пытаю бо, напрыклад, большасць пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ўжо адкрытыя Польшчай, але Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў зняволенні, хоць мы бачым, што некаторыя вядомыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі былі вызваленыя і выдаленыя з Беларусі.
— Анджэй Пачобут не хоча пакідаць Беларусь. Цяпер ён з’яўляецца вельмі каштоўным вязнем для Лукашэнкі, бо гэта чалавек прынцыповы і нязломны. Ён таксама лаўрэат Прэміі Сахарава, якую прысуджае Еўрапарламент, Пачобут шырока вядомы і паважаны ў свеце. Думаю, ён з’яўляецца агульным героем Польшчы і Беларусі менавіта дзякуючы сваёй нязломнасці і характару. Аляксандр Лукашэнка баіцца такіх людзей, як Пачобут, асабліва, калі яны на волі.
Вы працуеце ў Бруселі і Страсбургу. Ці робіцца дастаткова на ўзроўні Еўрапейскага саюза ў беларускім пытанні? Ці памятаюць пра Беларусі ў еўрапейскіх сталіцах?
— У нас у Еўрапейскім парламенце ёсць фармат, які называецца «100 плюс 8». Усе дэмакратычныя партыі, якія хочуць, удзельнічаюць у гэтым фармаце кансультацый і канферэнцый, прымеркаваных Беларусі. Захады маюць таксама практычны характар, бо пастаянна абнаўляюцца дадзеныя пра палітычных вязняў. Дапамога ў рамках гэтага фармату супрацы еўрадэпутатаў мае як прававы, так і больш канкрэтны характар, пра які я не хацеў бы падрабязна гаварыць з меркаванняў бяспекі, але гэты пастаянны кантакт у парламенце існуе. Акрамя таго, вядуцца і палітычныя перамовы. Еўрапейскія структуры дзейнічаюць у гэтым кірунку, каб умешвацца там, дзе гэта можа быць эфектыўным.
Ці не плануе Еўрапейскі Саюз рухацца ў фарватары Вашынгтона па пытанні адмены санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ўзамен на вызвалення палітвязняў?
— Безумоўна, не. Яшчэ раз падкрэслю: наша пазіцыя заключаецца ў тым, што без удзелу прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага грамадства — таго, якое мае сваю легітымнасць, у тым ліку праз перамогу на выбарах 2020 года, звязаную са Святланай Ціханоўскай, і прадстаўніцтва шэрагу палітычных партый з іх лідарамі — ніякія рашэнні прымацца не могуць. Гэта прадстаўніцтва павінна заўсёды ўдзельнічаць у перамовах, і пры еўрапейскіх інстытуцыях яно мае і будзе мець сваё месца.
Слухайце аўдыё!
эж