Беларуская Служба

Гадавіна авіякатастрофы ў Смаленску. «Расійская адміністрацыя дзейнічала зладжана, польская каманда выглядала паралізаванай»

10.04.2026 15:55
Успамінае часовы павераны Польшчы ў Беларусі. 
   -154,     10.04.2010
Абломкі прэзідэнцкага самалёта Ту-154М, які разбіўся пад Смаленскам 10.04.2010 годаФота: Włodzimierz Pac/Polskie Radio

У выданні «Onet» Вітольд Юраш (Witold Jurasz) успамінае 10 красавіка 2010 года, калі ў Смаленску разбіўся самалёт з польскай дзяржаўнай дэлегацыяй, у тым ліку прэзідэнтам Лехам Качыньскім. Ён быў тады часовым павераным Польшчы ў Беларусі. Раніцай даведаўся, што з-за туману самалёт з прэзідэнтам можа быць накіраваны ў Мінск. Ён неадкладна загадаў сабраць усіх дыпламатаў у пасольстве. Праз хвіліну ў размове з калегам, які чакаў у Смаленску, пачуў толькі: «Здарылася катастрофа». Сувязь абарвалася.

Спачатку ён не падумаў пра авіякатастрофу. Прывыкшы да арганізацыйнага хаосу падчас дзяржаўных візітаў, меркаваў, што гаворка ідзе пра нейкі лагістычны інцыдэнт. Толькі калі зноў дазваніўся і пачуў: «Ніхто не выжыў», зразумеў маштаб трагедыі.

Праз некалькі гадзін у Віцебску прызямліліся дзве польскія дэлегацыі: спачатку Яраслаў Качыньскі з палітыкамі партыі «Права і справядлівасць» (PiS), потым Дональд Туск з урадавай дэлегацыяй. Па дарозе ў Смаленск было відаць напружанне — калону з Качыньскім расійская міліцыя запавольвала. На месцы расіяне спачатку не хацелі пускаць дэлегацыю PiS на тэрыторыю аэрапорта. Умяшаўся намеснік міністра замежных спраў Яцэк Найдэр.

На месцы катастрофы Юраш пачуў салодка-металічны пах — як ён пазней даведаўся, тыповы для такіх трагедый. Ён бачыў Дональда Туска за некалькі метраў ад накрытых целаў — прэм’ер быў відавочна ўзрушаны. Адзін з расійскіх чыноўнікаў у белым халаце адсунуў тканіну з аднаго цела і спытаў: «Гэта ваш прэзідэнт?». Юраш пацвердзіў, што так.

Ён таксама быў сведкам сітуацыі, калі пасля апазнання цела брата расійскі прадстаўнік прапанаваў Яраславу Качыньскаму прыняць асабістыя спачуванні ад Уладзіміра Пуціна — у намёце, дзе той знаходзіўся разам з Дональдам Тускам. На заўвагу, што ў такіх умовах нельга выражаць спачуванні брату прэзідэнта, рэакцыі не было. У той дзень падобных паводзін з боку расійскіх уладаў было яшчэ некалькі, хоць звычайныя расіяне часта выказвалі шчырае спачуванне.

Найбольш уразіў яго хаос з польскага боку. Дзве дэлегацыі амаль не кантактавалі паміж сабой. Не хапала юрыстаў і спецыялістаў. Расіяне былі добра арганізаваныя і хутка перанялі ініцыятыву. Юраш падкрэслівае: гэта не аргумент на карысць версіі пра замах — проста расійская адміністрацыя дзейнічала зладжана, у той час як польская выглядала паралізаванай.

нг

У Польшчы згадваюць ахвяр Смаленскай катастрофы, у якой загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы 

10.04.2026 08:33
Прычыны катастрофы дагэтуль не высветленыя, РФ не вярнула Польшчы абломкі ўрадавага борта.