Беларуская Служба

ФСБ зноў пад сцягам Дзяржынскага. Гісторык папярэджвае пра новы курс гэтых службаў

30.04.2026 14:30
Сённяшняе адраджэнне Дзяржынскага, у тым ліку назва Акадэміі ФСБ у яго гонар, відавочна сігналізуе пра нешта іншае.
Супрацоўнік ФСБShutterstock/SGr

На мінулым тыдні Уладзімір Пуцін вярнуў Акадэміі ФСБ, якая рыхтуе афіцэраў расійскай разведкі, імя Фелікса Дзяржынскага, заснавальніка і кіраўніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, створанай неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Расійскі незалежны гісторык Рустам Аляксандэр задаецца пытаннем, чаму дзяржава вяртаецца да сімвалаў, якія яна калісьці адкінула. Ягоныя разважанні прыводзіць сайт Onet.pl.

Пад кіраўніцтвам Фелікса Дзяржынскага ВЧК хутка ператварылася ў маштабную машыну рэпрэсій. Калі ў сакавіку 1918 года ў новай арганізацыі працавала толькі 120 «чэкістаў», то ў 1919 года іх было 100 тысяч. Чэкісты карысталіся беспрэцэдэнтнымі правамі  яны маглі затрымліваць, катаваць і забіваць тысячы людзей: меркаваных шпіёнаў, прыхільнікаў царскага рэжыму, контррэвалюцыянераў, кулакоў і іншых «ворагаў дзяржавы».

У барацьбе са сваімі апанентамі чэкісты выкарыстоўвалі жудасныя катаванні і метады псіхалагічнага ціску. У іх не было формы, але многія насілі скураныя паліто і насельніцтва іх лёгка пазнавала па вопратцы  усё гэта выклікала страх.

У 1922 годзе арганізацыя была ліквідавана, а на яе месцы з'явіліся Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР і НКУС.

Сам Дзяржынскі памёр ад сардэчнага прыступу ў ліпені 1926 года.

Падчас жнівеньскага путчу ў 1991 годзе помнік Дзяржынскаму ў Маскве быў зрынуты, што сімвалізавала выгнанне чэкістаў з расійскай сімвалічнай сферы.

Аднак у 1995 годзе была створана ФСБ, і разам з ёй пачаўся працэс пераасэнсавання чэкісцкіх традыцый і аднаўлення рэпутацыі расійскіх спецслужбаў.

Аднак сённяшняе адраджэнне Дзяржынскага, у тым ліку назва Акадэміі ФСБ у яго гонар, відавочна сігналізуе пра нешта іншае.

— Гаворка ідзе ўжо не пра аднаўленне павагі, а пра страх і самаўпраўнасць як аснову дзеянняў расійскіх спецслужбаў. Узнікае таксама трывожнае пытанне: ці зʼяўляецца гэта сімвалічным папярэджаннем аб будучай траекторыі ФСБ да больш жорсткіх рэпрэсій, ці сапраўдным прызнаннем таго, што страх і рэпрэсіі сталі нормай у сучаснай Расіі, і што новае пакаленне спецслужбаў толькі ўзмоцніць іх  ставіць пытанне Onet.pl услед за гісторыкам Рустамам Аляксандэрам.

яс