Беларуская Служба

76 гадоў еўрапейскай інтэграцыі: паміж мірным праектам і новымі выклікамі

09.05.2026 08:11
У Дзень Еўропы польскія эксперты нагадваюць: перад ЕС стаяць сур’ёзныя выклікі бяспекі.
Аўдыё
  • Палітолаг у Дзень Еўропы: Нам нельга забываць урокі 2014 і 2022 гадоў і вяртацца да «нрамальнасці» у адносінах з РФ і Беларуссю
Ілюстрацыйнае фотаEuropean Union , 2026

Дэбаты, сустрэчы, канцэрты і сямейныя пікнікі — так у Польшчы адзначаюць Дзень Еўропы 9 траўня, які таксама з'яўляецца нагодай для рэфлексіі над выклікамі і пагрозамі, якія стаяць перад ЕС. 

Ідэі аб’яднанай Еўропы існуюць ужо 76 гадоў. 9 траўня 1950 года Робер Шуман прапанаваў бачанне еўрапейскага супрацоўніцтва, якое павінна было аб’яднаць краіны кантынента пасля ліхалецця вайны. Сёння гэтая ідэя — агульная спадчына і штодзённасць мільёнаў еўрапейцаў. Ужо 22 гады Польшча з’яўляецца часткай Еўрапейскага Саюза — карыстаецца яго магчымасцямі, але адначасова нясе адказнасць за яго будучыню.

Сёння Еўрасаюз — гэта аб’яднанне 27 дзяржаў, якія хочуць і надалей заставацца часткай праекта, заснаванага на салідарнасці і супрацоўніцтве, пакідаючы дзверы адкрытымі для будучых членаў.

— Еўрапейскі Саюз ствараўся як мірны праект, які павінен быў не дапусціць вайны. І сёння ён таксама сутыкаецца з пагрозамі бяспекі, бо вайна вярнулася ў Еўропу, — кажа палітолаг Ёланта Шыманьска з Польскага інстытута міжнародных спраў.

— Кантэкст Дня Еўропы, свята ўсяго Еўрапейскага Саюза, сёння цалкам зразумелы. З аднаго боку, гэты праект моцна эвалюцыянаваў. Сёння мы маем зусім іншы інтэграцыйны праект, чым на самым пачатку. З іншага боку, калі паглядзець, напрыклад, на кантэкст бяспекі, то ён у пэўнай ступені падобны. Еўрапейскі Саюз узнікаў як мірны праект, які павінен быў прадухіліць вайну. І сёння ён зноў сутыкаецца з пагрозамі бяспекі, бо вайна вярнулася ў Еўропу.

Варта адзначыць, што інтэграцыйны праект заўсёды быў адкрытым, але, верагодна, 76 гадоў таму ніхто не меркаваў, што яго пашырэнне на Польшчу ды іншыя краіны Усходняй Еўропы можа стаць настолькі рэалістычным сцэнарыем. Мы самі, як палякі, таксама, напэўна, не думалі пра гэта. Пра гэта важна нагадваць, бо пасля 22 гадоў польскага сяброўства ў Еўрасаюзе ў некаторых склалася ўражанне, што гэта ўжо нешта дадзенае раз і назаўжды, і пры гэтым забываюцца пра такія краіны, як Украіна, якія апынуліся па-за гэтай супольнасцю.

Нягледзячы на ўсе крызісы, у Еўропе ўсё яшчэ не хапае сур’ёзнай дыскусіі пра будучыню супольнасці, і Дзень Еўропы — добрая нагода звярнуць на гэта ўвагу, кажа Ёланта Шыманьска.

— З аднаго боку, у нас ёсць дабрабыт, але ён знаходзіцца пад пагрозай, бо Еўропа сутыкаецца з канкурэнцыяй з боку Кітая, які раней не меў такога значэння. Кітайска-амерыканскае суперніцтва таксама ставіць Еўропу перад эканамічнымі дылемамі. Адначасова існуе кантэкст бяспекі і пагроза вайны з боку Расіі.

Сёння ў Еўропе ўжо не так бяспечна, як было яшчэ нядаўна. Еўрапейцы адчуваюць трывогу, і гэта бачна ў сацыялагічных апытаннях. Мы гаворым пра крызіс лідарства, але адначасова самі знаходзімся ў дзіўнай рэальнасці, у якой амаль не застаецца месца для доўгатэрміновага бачання.

76 гадоў пасля стварэння Еўрапейскай эканамічнай супольнасці еўрапейская інтэграцыя і ўсе пасляваенныя намаганні прывялі да трывалай стабільнасці, і, здавалася, на гарызонце не было сур’ёзных выклікаў, але сёння таго свету фактычна ўжо не існуе, — кажа спецыялістка ў сферы міжнародных адносін, Расіі і Усходняй Еўропы з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні Агнешка Брыц.

— Мы знаходзімся ў моманце перагляду міжнароднага парадку. Фармуецца новы міжнародны лад, хоць асобныя элементы старога яшчэ функцыянуюць. Таму мы бачым вялікую фрустрацыю з-за таго, што такія палітыкі, як Дональд Трамп, а таксама іншыя папулісты ў Еўропе, так лёгка ігнаруюць міжнароднае права і міжнародныя інстытуты. Яны сцвярджаюць, што мы павінны разлічваць выключна на сябе, і што не варта спадзявацца на саюзнікаў. Такая пазіцыя сведчыць пра недавер да інстытутаў і фактычна азначае адаптацыю да новай рэальнасці.

Праблема ў тым, што гэтыя новыя правілы, якія навязваюць нам, з аднаго боку, Злучаныя Штаты, а дакладней адміністрацыя Дональда Трампа, а з другога — Расія разам з Кітаем, нагадваюць філасофію «Канцэрта вялікіх дзяржаў» — панаванне мацнейшых і навязванне ўласных правілаў без уліку раней устаноўленых нормаў. Гэта парушэнне базавых прынцыпаў, у тым ліку таго, што межы не павінны змяняцца сілай. 

Еўропа ўжо пачынае адаптавацца: мы бачым, што яна пераадольвае свае слабасці, узмацняе мілітарны патэнцыял, і амаль ніхто ўжо не адкладае павелічэнне выдаткаў на абарону. Таксама выразна змяняецца ўспрыманне Расіі як пагрозы для ўсёй архітэктуры еўрапейскай бяспекі.

Агнешка Брыц лічыць, што цяпер Еўрапейскі Саюз перажывае ключавы момант для сваёй будучыні і бяспекі.

— Гэты момант сёння ключавы. Калі Уладзімір Пуцін вырашыць, што ў яго інтарэсах спыніць вайну або паставіць яе на паўзу, фактычна замарозіўшы канфлікт, паўстане пытанне: ці сапраўды Еўропа зрабіла высновы? Ці мы зноў захочам вярнуцца да ілюзорнага міру і аднавіць дыялог з Расіяй?

Першым крокам можа стаць «перазагрузка» адносін з Беларуссю, другім — з Расіяй. І абодва сцэнары шкодныя як для Польшчы, так і для ўсёй Еўропы, бо гэта будзе сведчыць пра тое, што аб'яднаная Еўропа не засвоіла ўрокі 2014 і 2022 гадоў.

Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ў Еўропе шмат што змянілася, але гэта ўсё яшчэ не той стан, які дае нам сапраўды надзейныя гарантыі бяспекі на будучыню.

Слухайце аўдыё!

эж