Польскі бок разлічвае на дапамогу Анджэя Пачобута ў вызначэнні шляхоў далейшай падьрымкі палякаў у Беларусі. Актывіст зазначыў, што вельмі важнае значэнне для меншасці мае захаванне магчымасці вывучаць польскую мову.
У сераду 20-га мая ў Сэнаце Польшчы адбылася сустрэча з журналістам і актывістам польскай меншасці ў Беларусі, які быў незаконна зняволены рэжымам Лукашэнкі, Анджэем Пачобутам. Падчас 59-й сесіі Сената 11-га склікання быў прадстаўлены акт аб прызначэнні Анджэя Пачобута ў Кансультатыўную раду польскай дыяспары пры спікеру Сената Рэспублікі Польшча. Акт аб прызначэнні ўручыла спікер Сената Малгажата Кідава-Блоньска.
— Сенат Рэспублікі Польшча, адчуваючы адказнасць за палякаў, раскіданых па ўсім свеце, неаднаразова выказваўся ў абарону нашых суайчыннікаў у Беларусі, якія пераследуюцца і знаходзяцца ў зняволенні рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Сенатары паслядоўна заклікаюць да вызвалення палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій супраць польскай меншасці і не дазваляюць міжнароднай грамадскасці забыць пра іх. Я шчыра вітаю сярод нас спадара Анджэя Пачобута. Такія моманты выклікаюць у нас вялікую радасць. Сёння я хацела бы ўручыць спадару Анджэю акт аб прызначэнні ў Кансультатыўную раду польскай дыяспары пры спікеру Сената, куды я прызначыла Вас у 2024 годзе, калі Вы знаходзіліся ў зняволенні ў Беларусі.
Анджэй Пачобут падзякаваў за памяць пра яго і палякаў, якія жывуць у Беларусі.
— Я глыбока ўзрушаны, з аднаго боку, таму што для мяне гонар выступаць у Сенаце, а з другога боку, мне вельмі лёгка выступаць, таму што я ведаю, што знаходжуся сярод сяброў, сярод тых, на каго магу разлічваць у цяжкія часы. Я даведаўся пра гэтае прызначэнне яшчэ ў турме, і быў вельмі ўдзячны. Я зразумеў, што гэта значыць. Гэта азначае, што Сенат не забыўся пра мяне, як не забываў пра палякаў у Беларусі ці палякаў ва ўсім свеце на працягу ўсіх дзесяцігоддзяў свайго існавання. Сенат заўсёды клапаціўся пра палякаў за мяжой, і мы, палякі ў Беларусі, не раз гэта адчувалі. Сёння мяне часцей за ўсё пытаюцца пра мой час у турме, і схільныя разглядаць маю справу ў кантэксце асабістага лёсу. Аднак у мяне зусім іншы погляд на гэтае пытанне. Для мяне гэта проста частка лёсу Саюза палякаў Беларусі, арганізацыі, якую я маю гонар прадстаўляць. Гэтая арганізацыя дзейнічае «нелегальна» ўжо 38 гадоў, 21 з якіх — непрызнаная.
Прызначэнне Анджэя Пачобута – гэта важны сімвал таго, што Польшча не забывае сваіх супляменнікаў , кажа дырэктар Бюро па справах палякаў за мяжой Артур Казлоўскі.
— Анджэй Пачобут, несумненна, сімвал, хоча ён гэтага ці не. Анджэй Пачобут паказаў, што можна перамагчы, што можна быць непахісным, нават перад абліччам такога рэжыму, як рэжым Лукашэнкі. Анджэй Пачобут з'яўляецца членам Кансультатыўнай рады польскай дыяспары пры спікеры Сената, якая адыгрывае вырашальную ролю, бо роля рады заключаецца ў тым, каб кансультаваць спікера і Сенат, падтрымліваць дзейнасць Сената і накіроўваць яе ў тыя сферы, якія сапраўды патрэбныя, рэалістычныя і дасягальныя. Мы падтрымліваем Асацыяцыю Анжэлікі Борыс. Яе прысутнасць у польскай дыяспары і Кансультатыўнай радзе сведчыць пра нашу нязменную сувязь, і я не буду адмаўляць, што Сенат працягвае надаваць прыярытэтнае значэнне падтрымцы нашых супляменнікаў у Беларусі, як маральна і сімвалічна, а таксама матэрыяльна. Вядома, мы не можам абмяркоўваць канкрэтныя пытанні, бо гэта можа патэнцыйна паставіць пад пагрозу нашых суайчыннікаў там.
Журналісты запыталіся ў Анджэя Пачобута, ці ён сапраўды хоча вярнуцца ў Беларусь, які ў гэтым сэнс, і ён адказаў, што адчувае, што абвязаны вярнуцца.
— Верасень — гэта апошні тэрмін майго вяртання ў Беларусь. Я маю на ўвазе, што ідзецца пра з'езд Саюза палякаў Беларусі, пра што вы маглі прачытаць, а я цяпер пацвярджаю. Гэта лагічна, трэба было б спытаць не толькі палякаў у Польшчы, але і палякаў у Беларусі, што яны думаюць пра маё вяртанне. Калі вы спытаеце, вы пачуеце, што мяне чакаюць. Гэта вельмі важна для мяне і для іх, і я адчуваю, што гэта мой абавязак. Паслухайце, нечаму яны выпусцілі мяне, так? Чамусці вярнулі мне гэты пашпарт і сказалі, што я магу вярнуцца? Вось і паглядзім.
На думку cэнатара Гжэгажа Схэтына яшчэ рана Анджэю Пачобуту вяртацца ў Беларусь, лепш засяродзіцца над тым, як лепш можна дапамагчы палякам, якія жывуць у Беларусі.
— Я лічу, што пакуль не, ні сёння, ні заўтра, ні ў гэтыя дні. Яму патрэбен час, каб усё абдумаць. Я разумею, што ён сам вырашыць, але працэс, які прывёў да таго, што ён тут з намі, і карыстаецца свабодай, заняў вельмі шмат часу і запатрабаваў шмат ахвяр. Я лічу, што яму трэба вельмі старанна ўсё абдумаць, бо я проста баюся “беларускага” сцэнару, гэта азначае, што ён вернецца, і гэтак жа, як іншыя, хто вярнуўся, іншыя апазіцыянеры знікне або будзе арыштаваныя. Мы абавязкова павінны падтрымліваць палякаў у Беларусі як мага больш, будаваць з імі адносіны. Калі ласка, памятайце, што беларускае заканадаўства вельмі абмежавальнае, і мы не можам рабіць нічога, што парушала б беларускае заканадаўства, бо яны за гэта заплацяць сваёй свабодай і здароўем. Нам трэба вельмі старанна падумаць і рабіць гэта скаардынавана. Ніхто не ведае лепш, як і наколькі эфектыўна падтрымліваць палякаў у Беларусі, чым Анджэй Пачобут. Гэта, безумоўна, таксама будзе неабходна для гэтага працэсу.
На думку Анджэя Пачобута на дадзеным момант палякам у Беларусі ў першую чаргу патрэбна дапамога ў навучанні польскай мовы для дзяцей.
— Я проста хачу сказаць, што захаванне магчымасці вывучаць польскую мову мае вырашальнае значэнне для польскай меншасці ў Беларусі. Гэта вельмі важна для нас, і гэта пытанне выжывання польскай меншасці ў Беларусі. Гэта вельмі актуальнае пытанне для нас, і мы спадзяемся, што разам мы гэта зробім, як мы зрабілі ў 2005 годзе, калі Саюз палякаў быў забаронены, і людзі казалі, што ў нас няма шанцаў. Але прайшлі гады, і аказалася, што шанцы ёсць, што Саюз існуе, што Саюз функцыянуе. Я спадзяюся, што мы таксама справімся з гэтай вельмі складанай сітуацыяй, мы справімся з вашай падтрымкай, мы справімся разам, і што польская мова будзе гучаць у Беларусі.
У сераду 20-га мая ў Сэнаце Польшчы адбылася сустрэча з журналістам і актывістам польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам, якому быў уручаны акт аб прызначэнні яго ў Кансультатыўную раду польскай дыяспары пры спікеру Сената Рэспублікі Польшча.
Юры Ліхтаровіч