Ужо тыдзень беларуская прапаганда хваліцца фактам размовы Лукашэнкі з прэзідэнтам Францыі. Маўляў, гэта чарговы крок па выхаду з ізаляцыі ў адносінах з Захадам. На думку эксперта, французы спрабуюць паўтарыць амерыканскі падыход і пачаць свой гандаль з рэжымам у Мінску.
У нядзелю 24-га траўня прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў нечаканую тэлефонную размову з Аляксандрам Лукашэнкам. Са слоў мінскага дыктатара французскі прэзідэнт выказаў жаданне дапамагчы беларускім уладам знайсці агульную мову з Еўропай. Лукашэнка анансаваў, што Макрон абяцаў адправіць да яго «сваю давераную асобу» дзеля наладжвання адносін паміж Парыжам і Мінскам.
Журналісты хутка высветлілі, што названы «асабісты прадстаўнік» Эманюэля Макрона — гэта не дарадца французскага прэзідэнта і не афіцыйны пасланнік Парыжа, а прыватная асоба — былы амбасадар, які ўжо некалькі разоў наведваў Беларусь. Прадстаўнікі апазіцыйных сіл ужо выступілі з заявамі, што гэта «ілюзія выхаду з ізаляцыі ў Еўропе». Маўляў, насамрэч працягваецца проста «тэхнічны дыялог».
Ці сапраўды мы маем дачыненне да «тэхнічных кантактаў», ці Парыж хоча праследаваць па шляху Трампа ў адносінах з Лукашэнкам, пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
— Францыя імкнецца нарасціць сваю актыўнасць у геапалітыцы.Гэта звязана з тым, што на дадзены момант Францыя застаецца адзінай еўрапейскай кантынентальнай дзяржавай, якая мае вялікі ядзерны патэнцыял. Гэта адзін з лідараў ЕС. Парыж заўсёды меў геапалітычныя амбіцыі, якія былі скіраваныя традыцыйна на афрыканскі кантынент, а цяпер яны пераарыентуюцца на Усходнюю Еўропы. Гэта звязана яшчэ з тым, што палітыка санкцый не прынесла вынікаў. Сітуацыя ў Беларусі не змянілася, а краіна стала яшчэ больш залежнай ад Расіі. Менавіта таму было вырашана паспрабаваць пачаць кантакты ва ўмовах шырокага крызісу. На маю думку, гэта добрая ініцыятыва, каб краіны Еўропы пачалі спрабаваць вырашаць унутры еўрапейскія праблемы сваімі сіламі. На сённяшні момант, палітыка санкцый сябе вычарпала што да дэмакратызацыі ўнутры Беларусі. Моцным механізмам магла б стаць гуманітарная і вайсковая місія, але ніхто ў Еўропе на гэта не рашыцца. Застаецца ўзмацняць стабільнасць і бяспеку рэгіёну аднаўленнем кантактаў. Важна тут, каб гэтыя кантакты служылі ўмацаванню беларускага суверэнітэту ды забеспячэнню сапраўднага нейтральнага статусу Беларусі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову з аўдыёфайле