У польскіх медыя зноў актыўна абмяркоўваюць верагоднасць узброеных правакацый з боку Расіі супраць краін НАТА. Паводле крыніц, на якія спасылаюцца журналісты, гаворка ідзе не пра поўнамаштабнае ўварванне, а пра магчымыя лакальныя інцыдэнты — у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнікаў або аперацый пад чужым сцягам. Сярод краін, якія тэарэтычна могуць стаць аб'ектам такіх дзеянняў, называюць не толькі дзяржавы Балтыі, але і Польшчу.
Пры гэтым адным з ключавых пытанняў застаецца роля Беларусі: ці здольны рэжым Аляксандра Лукашэнкі непасрэдна ўцягнуць беларускую армію ў вайну супраць Украіны, наколькі баяздольныя Узброеныя сілы Беларусі і ці можа Мінск стаць удзельнікам магчымай правакацыі супраць краіны — члена НАТА? Пра гэта разважае палкоўнік авіацыі ў адстаўцы, ваенны гісторык і эксперт па Усходняй Еўропе Тадэвуш Кшонстэк.
— Спадар палкоўнік, цяпер усё часцей гучаць прагнозы, што Масква можа аддаць загад аб далучэнні беларускіх войскаў да агрэсіі супраць Украіны. Якія, на вашу думку, сёння настроі ў беларускім войску? І калі такі загад сапраўды паступіць, ці будзе ён выкананы?
— Цягам апошніх дзесяці гадоў, на маю думку, у Беларусі адбылася паўторная, значна больш жорсткая русіфікацыя Узброеных сіл і сілавых структур. Гэта стала вынікам страху Аляксандра Лукашэнкі страціць уладу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Найперш яго напалохалі масавыя пратэсты моладзі ў Мінску, але не толькі — выступленні ахапілі многія рэгіёны краіны.
Масква вельмі ўдала выкарыстала гэты страх. Уладзімір Пуцін атрымаў дадатковыя рычагі ціску на Лукашэнку. Але варта звярнуць увагу на адну важную акалічнасць: Беларусь так і не ўступіла ў вайну супраць Украіны. Яна дала Расіі сваю тэрыторыю для дзеянняў авіяцыі і ракетных войскаў, якія наносілі ўдары па ўкраінскіх гарадах. Апошнім часам выкарыстоўваецца і беларуская інфраструктура для навядзення расійскіх беспілотнікаў.
Разам з тым у Лукашэнкі практычна няма прасторы для самастойных рашэнняў. Ён добра разумее: адмова Маскве можа азначаць, што ўжо праз суткі расійскія войскі возьмуць пад кантроль усю тэрыторыю Беларусі, а яго самога або прымусяць сілай пакінуць краіну, або фізічна ліквідуюць. Таму выбару ў яго амаль няма.
Разам з гэтым нельга недаацэньваць і самога Лукашэнку. Чалавек без спецыяльнай паліталагічнай ці дзяржаўна-кіраўнічай адукацыі кіруе краінай ужо больш за тры дзесяцігоддзі. Гэта азначае, што ён здолеў стварыць сістэму ўлады, якая трымаецца на рэальных механізмах кантролю і падтрымкі.
Пасля кожнай сустрэчы ў Маскве, куды Пуцін выклікаў яго, відавочна незадаволены адсутнасцю больш рашучых дзеянняў з боку Мінска, Лукашэнка вяртаўся з яшчэ больш жорсткай рыторыкай у адрас Уладзіміра Зяленскага і Украіны. Рыторыка сапраўды рабілася больш агрэсіўнай, але ён не зрабіў нічога. Гэта адна рэч. Другая справа, што адбываецца ва Узброеных сілах Беларусі. Я абсалютна перакананы, што ў маральным плане гэтае войска расколатае. Несумненна, частка генералітэту і афіцэрскага корпуса цесна звязаная з Масквой. Але ёсць і іншая частка. Што ў гэтых людзей на душы, мы дакладна не ведаем. І, што самае важнае, гэтага таксама не ведае Лукашэнка.
— Выглядае на тое, што сам Лукашэнка не хоча гэта правяраць на практыцы, так?
— Вось менавіта. Добры прыклад — аперацыя ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці. Калі ўкраінцы перайшлі ў наступ, у авангардзе ішлі беларускія добраахвотніцкія падраздзяленні — Полк імя Кастуся Каліноўскага і Атрад «Пагоня». Наперадзе рухалася нават танкавае падраздзяленне пад беларускімі бел-чырвона-белымі сцягамі. Для Лукашэнкі гэта быў вельмі сур'ёзны сігнал. Ён не можа быць упэўнены, што здарылася б, калі б беларускія вайсковыя часці атрымалі загад наступаць на Украіну. Ці ўсе яны выканалі б загад? Ці не перайшла б цэлая брыгада на ўкраінскі бок? Ці не далучыліся б асобныя падраздзяленні да беларускіх добраахвотнікаў? І галоўнае — ці сапраўды ўсе беларускія салдаты былі б гатовыя ваяваць супраць украінцаў на баку Расіі?
Спадар палкоўнік, але пакуль што і Кіеў стараецца моцна не правакаваць рэжым у Мінску. Нягледзячы на жорсткія заявы Уладзіміра Зяленскага і нават апошні ўльтыматум, украінскі бок дзейнічае вельмі асцярожна. Беларускіх грамадзян, якія служаць ва Узброеных сілах Украіны, размяркоўваюць па розных падраздзяленнях, а найбольш арганізаваныя беларускія фарміраванні ўтрымліваюць далей ад беларускай мяжы, каб не даваць Мінску падстаў для эскалацыі. Але гэта можа змяніцца ў кожную хвіліну. А калі ацэньваць выключна ваенны баланс, які патэнцыял сёння Беларусь можа прапанаваць Расіі? Што яна здольная даць з пункту гледжання аператыўных сіл, авіяцыі і сухапутных войскаў? Бо вайна працягваецца, а Беларусь застаецца адным з асноўных пастаўшчыкоў узбраенняў для Расіі.
— Напрыклад, Беларусь мае адносна сучасную авіяцыю. Гэта мадэрнізаваныя ўласнымі сіламі самалёты Су-27, пастаўленыя Расіяй Су-30, а таксама штурмавікі Су-25. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, Беларусь валодае і даволі сучаснай сістэмай супрацьпаветранай абароны. Толькі сучасных зенітных ракетных комплексаў «Тор» у Беларусі каля пятнаццаці дывізіёнаў. Яны размешчаныя ўздоўж асноўнага стратэгічнага напрамку: Брэст — Пінск — Баранавічы — Мінск, а таксама ў раёнах Гродна і на паўднёвым кірунку, бліжэй да мяжы з Украінай. Акрамя таго, Беларусь мае комплексы С-300 і С-400. Іх асноўнае прызначэнне — прыкрыццё заходняга кірунку, найперш у бок Польшчы як краіны — члена НАТА. Найбольш сучасныя сродкі СПА сканцэнтраваныя ў раёне Навагрудка і на поўнач ад Гродна. Беларускае войска адносна невялікае. Аднак у спалучэнні з буйной расійскай вайсковай групоўкай яно магло б стаць істотным узмацненнем. Пытанне толькі ў тым — для якіх задач?
Беларусь не можа пакінуць без прыкрыцця свой заходні кірунак. Яна павінна захоўваць баявы патэнцыял уздоўж умоўнай лініі Нёман — Заходні Буг, забяспечваючы ахову межаў з Польшчай, Літвой і Латвіяй — гэта фактычна мяжа з НАТА.
Таму Мінск не здольны задзейнічаць супраць Украіны ўсе свае сілы. Значная іх частка павінна заставацца на паўночным і заходнім напрамку, а для падтрымкі Расіі можна было б вылучыць толькі адносна невялікі кантынгент. З ваеннага пункту гледжання Расіі ён амаль нічога не дасць. Затое з палітычнага — такое рашэнне мела б вялікае значэнне.
— Апошнім часам у медыя ўсё часцей з'яўляюцца паведамленні пра магчымыя ўзброеныя правакацыі супраць Польшчы. Пры гэтым не выключаецца, што яны могуць адбыцца з тэрыторыі Беларусі або пры яе выкарыстанні, напрыклад з задзейнічаннем расійскіх салдат у беларускай форме, або нанясенні Расіяй ракетна-дронавыя ўдараў з тэрыторыі Беларусі. Як вы ацэньваеце верагоднасць такога сцэнару, асабліва калі гаворка ідзе пра магчымы ўдзел беларускіх войскаў?
— Я лічу, што з боку Беларусі такой правакацыі не будзе — як і прымянення беларускіх Узброеных сіл супраць Польшчы. Лукашэнка добра разумее: такі крок азначаў бы фактычны пачатак вайны, а ён гэтай вайны не хоча. Не хоча яе і Польшча. Ды і Еўропа пасля Другой сусветнай вайны прайшла найдаўжэйшы ў сваёй гісторыі перыяд адноснага міру. Людзі па абодва берагі Бугу разумеюць, якой высокай можа быць цана новага маштабнага канфлікту.
Аднак такое рашэнне можа быць прынятае ў Маскве, незалежна ад волі Лукашэнкі. Такое рашэнне можа прыняць толькі Пуцін. Менавіта расійскія сілы здольныя справакаваць падобны канфлікт. Не выключана, што гэта могуць зрабіць падраздзяленні, пераапранутыя ў беларускую форму. Падобныя метады Масква выкарыстоўвае не адно дзесяцігоддзе.
Я добра памятаю, што яшчэ перад увядзеннем ваеннага становішча ў ПНР у 1981 годзе, у раёне Брэста была сканцэнтраваная цэлая дывізія Савецкай арміі. Значная частка яе вайскоўцаў паходзіла з заходніх рэгіёнаў Савецкага Саюза і свабодна размаўляла па-польску. Некаторыя з іх былі пераапранутыя ў польскую вайсковую форму. Мне самому даводзілася размаўляць з такімі людзьмі. Такія аперацыі расійскія і савецкія спецслужбы выкарыстоўвалі шмат гадоў, калі не стагоддзяў. Таму выключаць падобны сцэнар сёння нельга. Але ў цэлым я пакуль не бачу падстаў лічыць, што Беларусь самастойна пойдзе на маштабную ўзброеную правакацыю супраць Польшчы. Гэта можа зрабіць толькі Пуцін, толькі Масква.
Слухайце аўдыё!
эж