Падтрымка беларусаў у іх імкненні да свабоды — не толькі маральны абавязак Польшчы, але і пытанне яе ўласнай бяспекі. Пра гэта ў размове з Беларускай службай казаў польскі публіцыст і журналіст Dziennik Gazeta Prawna Міхал Патоцкі.
Нагодай для інтэрв'ю стала прэзентацыя кнігі «Архіпелаг Беларусь. Успаміны былых палітычных вязняў», у якой сабраныя сведчанні беларусаў, што прайшлі праз турмы рэжыму Лукашэнкі. Патоцкі тлумачыць, чаму Польшча не павінна вяртацца да «звычайных» адносін з Мінскам, ды як Варшава ацэньвае апошнія крокі Лукашэнкі і якую ролю ў гэтай сітуацыі адыгрываюць Украіна, Расія і Кітай:
— Трэба яшчэ раз нагадаць, што тое, што адбываецца ў Беларусі, не скончылася ў 2020 годзе. Сотні і тысячы палітычных вязняў дагэтуль застаюцца за кратамі. І тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нагадвае тое, пра што мы, палякі, чыталі ў школе — пра сталінскія і нацысцкія лагеры. У палітыцы ёсць не толькі гандаль і прагматызм, але і чалавечае, маральнае вымярэнне, — перакананы публіцыст.
На думку Патоцкага, сёння паміж Варшавай і Мінскам амаль не засталося прасторы для палітычнага дыялогу. Нягледзячы на вызваленне журналіста і прадстаўніка польскай меншасці Анджэя Пачобута, прынцыповая пазіцыя Польшчы не змянілася.
— У польскім палітычным класе існуе кансэнсус: пакуль няма пра што размаўляць з рэжымам Лукашэнкі. Яго роля ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, перакрэсліваюць магчымасць вяртання да нармальных адносін, — адзначае Патоцкі.
Разважаючы пра нядаўнія дзеянні Мінска пасля ўльтыматуму з боку Кіева, журналіст кажа, што Лукашэнка добра ўсведамляе ваенныя магчымасці Украіны:
— Тое, што зрабіў Зяленскі, пакуль выглядае эфектыўным. Лукашэнка разумее, што Украіна здольная наносіць удары па крытычнай інфраструктуры ўглыб Расіі. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку таксама могуць стаць мэтай. Але я не думаю, што Лукашэнка пайшоў бы на выкананне патрабаванняў Кіева без няхай і маўклівай, але згоды Масквы.
Асобную ўвагу Міхал Патоцкі звяртае на актыўнае збліжэнне Мінска з Пекінам. На яго думку, Лукашэнка выкарыстоўвае адносіны з Кітаем як дадатковы рычаг у перамовах з Крамлём, імкнучыся захаваць хаця б абмежаваную прастору для самастойнасці.
Польшча ж, падкрэслівае публіцыст, павінна і надалей падтрымліваць беларускія дэмакратычныя памкненні, бо гэта адпавядае не толькі маральным прынцыпам, але і яе доўгатэрміновым нацыянальным інтарэсам.
Слухайце аўдыё!
эж