— Зʼезд Саюза палякаў у Беларусі запланаваны на 13 верасня, і я маю намер на ім прысутнічаць. Вельмі верагодна, што зʼезд пройдзе ў нармальнай атмасферы. Я не бачу ніякіх перашкод для таго, каб там быць, — заявіў Анджэй Пачобут у размове з журналісткай партала onet.pl на пачатку ліпеня на фестывалі «СМІ і мастацтва» ў Дарлове.
Журналіст і актывіст Саюза палякаў у Беларусі, які больш за пяць гадоў быў палітычным вязнем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і толькі ў траўні пакінуў папраўчую калонію, непахісна плануе вяртацца ў Беларусь.
Як ён тлумачыць, найважнейшай прычынай такога рашэння зʼяўляецца адказнасць перад польскай супольнасцю ў Беларусі, то бок людзьмі, якіх ён прадстаўляў больш за 20 гадоў.
— Калі ты кіраваў людзьмі, ты павінен падзяляць іх лёс, — заявіў ён у інтэрвʼю onet.pl.
У той жа час ён лічыць, што геапалітычная сітуацыя, то бок магчымае пацяпленне ў адносінах паміж рэжымам Лукашэнкі і Захадам, можа паспрыяць ягоным планам.
Анджэй Пачобут хоча вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на рызыку. Ён не хавае, што міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі і прэмʼер Дональд Туск асабіста звярталіся да яго з просьбай застацца ў Польшчы.
— Кожны з гэтых палітыкаў дакладна ведаў, што я не хацеў зʼязджаць з Беларусі, — сказаў Пачобут. Дарэчы, фармальнай забароны на выезд з Польшчы няма.
аз