Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сіла ў дыялогу: Сенат Польшчы ўшанаваў Ежы Гедройца

23.07.2026 15:09
22 ліпеня 2026 года ў Сенаце Польшчы адбылося адкрыццё выставы «Ежы Гедройц. Гульня за Польшчу». Выстава падрыхтавана ў рамках святкавання Года Гедройца, прызначанага сёлета польскім Сенатам.
Аўдыё
  • Ежы Гедройц. Гульня за Польшчу
   - (),      ()       ( )   ,
Маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньска (злева), намеснік маршала Сената Рафал Групінскі (справа) і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі (у цэнтры) падчас адкрыцця выставы, прысвечанай Ежы ГедройцуPAP/Albert Zawada

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі, сярод іншых, пасол Францыі ў Польшчы Этʼен дэ Пансэн, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Тамаш Макоўскі і прадстаўнікі свету культуры і навукі.

Адкрываючы выставу, маршал Сената Малгажата Кідава-Блоньска нагадала, што Ежы Гедройц – незалежны мысліцель, які заклаў падмурак свабоднай Польшчы.

— Выключны чалавек, выдатны рэдактар, журналіст, выдавец, палітычны філосаф, незалежны і бунтарскі мысляр. Менавіта таму, па рашэнні Сената Рэспублікі Польшча, ён абраны патронам 2026-га году. Прыняўшы такую рэзалюцыю, мы хочам аддаць даніну павагі чалавеку, які стварыў падмурак свабоднай Польшчы, хоць большую частку свайго жыцця дзейнічаў за яе межамі.

Выстава была падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай па ініцыятыве намесніка маршала Сената Рафала Групінскага. Прадстаўленая экспазіцыя распавядае гісторыю жыцця і працы чалавека, сканцэнтраванага на Польшчы. Яе назва «гульня» намякае на барацьбу за незалежную і суверэнную дзяржаву, заснаваную на традыцыях і каштоўнасцях, зазначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы Тамаш Макоўскі.

— Феномен Літаратурнага інстытуту «Культура», які абʼядноўвае палітыку, культуру і цывілізацыю. Усё самае каштоўнае, самае прагрэсіўнае існавала дзесяцігоддзямі, сабранае ў невялікім цэнтры, які непасрэдна паўплываў на развіццё Польшчы і аднаўленне незалежнасці ў 1989 годзе, Нацыянальная бібліятэка, якая клапоціцца пра ўсе рэліквіі мінулага, дакументы, вартыя захавання, далучылася да працэсу каталагізацыі і алічбоўвання. Дзякуючы гэтаму, а таксама добраму супрацоўніцтву з Літаратурным інстытутам, вы можаце пазнаёміцца не толькі ў Парыжы, але і ў Варшаве з найкаштоўнейшымі дакументамі парыжскай «Культуры».

Маршалак Сената працытавала думку Гедройца, сказаўшы, што сіла дзяржавы — гэта не толькі ажыццяўленне ўлады, але і ідэі, культура ды адказнае слова. Яна ўзгадала ўплыў Гедройца на знешнюю палітыку Польшчы.

— Паводле Гедройца, «Гульня за Польшчу» не была гульнёй дзеля асабістага поспеху ці палітычных уплываў. Гэта была гульня за будучыню радзімы, дзеля суверэннай, незалежнай дзяржавы, але таксама дзяржавы, якая ўсведамляе свае традыцыі і карані. Гедройц сцвярджаў, што сіла дзяржавы не палягае выключна ў палітыцы, ці ўтрыманні ўлады. Культура таксама вызначае яе сілу. Адказная слова і мужнасць у разважаннях пра будучыню. Мы не павінны забываць пра яго ўплыў на сучасную знешнюю палітыку. Яго бачанне адносін з нашымі ўсходнімі суседзямі застаецца асабліва актуальным. Гедройц разумеў, што трывалая бяспека Польшчы непарыўна звязана са свабодай і незалежнасцю Украіны, а таксама Літвы і Беларусі.

Ініцыятар правядзення выставы віцэ-маршалак Сената Рафал Групіньскі нагадаў, што погляды Гедройца на Усходнюю палітыку былі моцна крытыкаваныя ў тыя часы, але менавіта яны прайшлі выпрабаванне гісторыяй.

— Канцэпцыя ўсходняй палітыкі Мерашэўскага і Гедройца, скіраваная на Украіну, Літву ды Беларусь (ULB), напаткала ў той час велізарны супраціў, хаця б з-за гістарычных пачуццяў. Лондан казаў, што Гедройц вядзе наіўную палітыку. Вядома, было няпроста быць празорцам, быць перакананым у сваіх поглядах і дзесяцігоддзямі ісці менавіта гэтым шляхам да польскай незалежнасці, бачачы ўсе найважнейшыя пытанні і абмяркоўваючы іх інтэлектуальна, аналізуючы іх і аналізуючы палітычна сярод свайго кола паплечнікаў. У выніку незалежнае мысленне некалькіх асоб змагло змяніць гэтую частку Еўропы. Усё пачалося з думкі, простай канстатацыі, што без Украіны Расія ніколі не будзе імперыяй. Як мы бачым, менавіта гэтаму Расія спрабуе сёння супрацьстаяць ваенным уварваннем. Я хацеў бы, каб такі спосаб мыслення заўсёды суправаджаў палітычныя эліты ў Польшчы і каб у палітыцы было як мага менш людзей, якія сёння атакуюць дапамогу Украіне, каб у Польшчы было як мага менш палітычных лайдакоў, і як мага больш вучняў Гедройца.

На сённяшні дзень ва ўмовах вайны, думкі Гедройца рэзануюць з вялікай сілай. Дыялог  гэта сіла. Дыялог з суседзямі  з Украінай, Літвой і Беларуссю  гэта жыццёвая патрэба для Польшчы, перакананы польскі палітык і шматгадовы дэпутат Сейма Роберт Тышкевіч.

— Сёння памяць пра ідэю Гедройца аб будаўніцтве ўсходняга суседства Польшчы як часткі польскай незалежнасці і бяспекі, заглушаецца шумнымі палітыкамі, якія спрабуюць заваяваць унутраную падтрымку, распальваючы атмасферу канфлікту. Гэты канфлікт стаў сёння ў Польшчы гучнейшым, чым спакойная, абʼектыўная думка і ідэя Гедройца, якая кіравала польскай знешняй палітыкай з моманту аднаўлення незалежнасці Польшчы ў 1989 годзе. Яна ніколі не ставілася пад сумнеў. На жаль, сёння мы бачым, што гэтыя ідэі адкідаюць у імя кароткатэрміновых унутраных, партыйных інтарэсаў, без, на маю думку, разумення наступстваў, якія гэта можа прынесці для Польшчы.

Палітык перакананы, што ў Польшчы вернуцца да ідэй Гедройца.

— Я спадзяюся, што пасля такога перыяду палітычных пераваротаў вернецца здаровы сэнс і ўсведамленне таго, што бяспека Польшчы непарыўна звязана з нашым добрасуседствам, супрацоўніцтвам і падтрымкай Украіны. Польшча не мае іншага выбару, калі хоча захаваць сваю незалежнасць, спыніць расійскую агрэсію і не дапусціць размяшчэння расійскіх салдат на межах Польшчы. У яе няма іншага выбару, акрамя як падтрымліваць Украіну, якая змагаецца, падтрымліваць далучэнне Украіны да сямʼі еўрапейскіх народаў, Еўрапейскага Саюза, і ў цэлым звязваць Украіну з Захадам.

Што з Беларуссю?

— У Беларусі дакладна тое ж самае, хоць для таго, каб гэта стала магчымым, павінны адбыцца змены ў Беларусі. Шэсць гадоў таму самі беларусы спрабавалі дасягнуць гэтых змен і былі вельмі блізкія да перамогі. Гэта таксама паказвае, што нават некалькі дзесяцігоддзяў кіравання Аляксандра Лукашэнкі не здушылі мары беларусаў быць часткай Еўропы, быць дэмакратычнай дзяржавай.

У Сенаце Польшчы адкрылася выстава ў рамках Года Гедройца, які «паўплываў на будучыню Польшчы ў свеце культуры, збіраючы найлепшых пісьменнікаў вакол Літаратурнага інстытуту, і ў свеце палітыкі. Пасля 1950-га года тысячы палякаў натхняліся думкамі Гедройца пра будучыню сваёй радзімы. Прысутныя зазначылі, што хацелі б каб у Польшчы і надалей пераважаў спосаб мыслення Гедройца.

Юры Ліхтаровіч