Існуючы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Польшчы мала функцыянальны і патрабуе тэрміновай карэкціроўкі, мяркуе географ, доктар Лукаш Забароўскі з аналітычна-даследчага Інстытуту Сабескага. У інтэрв'ю парталу Business Insider Polska ён назваў гарады, якія найбольш страцілі пасля рэформы 1999 года, і расказаў, чаму цэнтральнае Мазавецкае ваяводства – своеасаблівы феномен, які патрабуе неадкладных змен.
Нагадаем, да 1999 года ў Польшчы існавала 49 ваяводстваў. У выніку рэформы іх колькасць была зменшаная да 16-ці. Яе мэтай была дэцэнтралізацыя ўлады і прыстасаванне адміністрацыйнай структуры дзяржавы да стандартаў Еўрасаюза.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, праведзеная ў Польшчы ў 1999 годзе, лічыцца адным з найвялікшых трансфармацыйных поспехаў пасля 1989 года. Але, паводле эксперта, у яе таксама былі негатыўныя бакі.
Лукаш Забароўскі звяртае ўвагу на тое, што многія буйныя польскія гарады страцілі статус адміністрацыйнага цэнтра ваяводства, што таксама запаволіла іх развіццё. У якасці прыкладу географ прыводзіць 200-тысячныя Бельска-Бялу, Чэнстахову і Радам.
Эксперт прапануе карэкціроўку адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу без стварэння новых ваяводстваў, а шляхам змены межаў і прымянення біпалярнай мадэлі з двума адміністрацыйнымі цэнтрамі. Для прыкладу, у Польшчы ёсць Куяўска-Паморскае ваяводства з двума такімі цэнтрамі – гарадамі Торунь і Быдгашч. У адным горадзе знаходзіцца мясцовы парламент, а ў іншым – упраўленне ваяводы. Такая ж форма функцыянуе ў выпадку Любускага ваяводства з двума цэнтрамі ў гарадах Гожаў і Зялёна Гура.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Польшчы. Крыніца: Stat.gov.pl.
Аднак, паводле Лукаша Забароўскага, найбольш тэрміновай змены патрабуе Мазавецкае ваяводства з цэнтрам у Варшаве. Паводле яго, гэта адміністрацыйная анамалія, у якой няма аналагу ў Польшчы і Еўропе – ніводзін іншы сталічны адміністрацыйны рэгіён не зʼяўляецца адначасова найбуйнейшым як па колькасці насельніцтва, так і па плошчы. Інстытут Сабескага прапанаваў падзяліць рэгіён на Варшаўскае і Плоцка-Седлецкае ваяводствы ды ўключыць радамскі рэгіён у склад Свентакшыскага ваяводства.
На яго думку, Варшава акумулюе зашмат фінансавых сродкаў за кошт развіцця населеных пунктаў рэгіёну, што вядзе да дыспрапорцыі ў доступе да дзяржаўных паслуг. У якасці такога дысбалансу эксперт прыводзіць папулярны летні цягнік эканом-класа Słoneczny («Сонечны»), які курсуе на Балтыку. Хоць аператарам цягніка з’яўляецца рэгіянальная чыгнука Koleje Mazowieckie і фінансуецца ён падаткаплатнікамі з усяго ваяводства, то адпраўляецца ён выключна з Варшавы. Увогуле Мазавецкае ваяводства па эканамічным развіцці набліжаецца да самых багатых рэгіёнаў Еўропы, аднак гэтую статыстыку цягне ўверх Варшава, адначасова акумулюючы дзяржаўныя сродкі. Гэта прыводзіць да вялікіх эканамічных дыспрапорцый – багаты цэнтр і бедныя перыферыйныя раёны.
Лукаш Забароўскі звяртае ўвагу на тое, што еўрапейскія краіны рэгулярна карэктуюць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, калі ўзнікае такая неабходнасць, у сувязі з чым Польшча таксама можа правесці пэўныя змены ў гэтай галіне.
вс