Латвія аднавіла працу адзінага пункта пропуску на мяжы з Беларуссю — «Патэрніекі», закрытага 31 ліпен. Аднак улады не выключаюць, што КПП зноў закрыюць — ужо ў якасці меры супраць нелегальнай міграцыі.
Урад Латвіі мае намер умацаваць усходнюю мяжу тэхнічнымі сродкамі, прыцягнуць Нацыянальныя ўзброеныя сілы і выкарыстаць вучэнні саюзнікаў па НАТА. Пра прычыны ўзмацнення міграцыйнага ціску, магчымыя мэты Мінска і ўнутрыпалітычны кантэкст Латвіі Беларуская служба пагутарыла з аналітыкам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Барташам Хмялеўскім:
— Я назіраю рост колькасці перасячэнняў мяжы прыкладна месяц. Калі параўнаць гадавыя даныя, то за ўвесь мінулы год было зафіксавана 12 тысяч такіх выпадкаў, а да канца ліпеня сёлета — ужо 9 тысяч. Гэта значыць, што дынаміка значна вышэйшая.
Менавіта Латвія сутыкаецца з найвастрэйшай праблемай. Ёй не хапае людзей — найперш супрацоўнікаў Памежнай аховы, здольных кантраляваць мяжу. Хоць яе працягласць параўнальна невялікая — каля 170 кіламетраў, — сітуацыю ўскладняюць яшчэ дзве акалічнасці.
Па-першае, Латвія павольней за ўсіх будавала загароду на мяжы. Наколькі я магу аднавіць карціну паводле латвійскіх СМІ — публічнай інфармацыі няшмат, — сама агароджа яшчэ ўзводзіцца, а паўнавартасная сістэма аховы перыметра пакуль не створана. Гаворка ідзе пра датчыкі, камеры ды іншую электроніку, дзякуючы якой памежнікі могуць своечасова прыбыць менавіта туды, дзе адбываецца парушэнне.
Па-другое, саму мясцовасць складана кантраляваць: мяжа з Беларуссю праходзіць праз густыя лясы, балоты і рэкі.
Мяне, аднак, цікавіць — і я сапраўды не ведаю адказу, — чаго дамагаецца беларускі бок. Адзінае тлумачэнне, якое прыходзіць мне ў галаву: Латвія — самае слабое звяно, і Беларусь, Мінск гэтым карыстаецца.
— Ці можна ўпэўнена сцвярджаць, што за міграцыйным ціскам стаіць Мінск? Ці можа беларускае кіраўніцтва такім чынам дамагацца адкрыцця балтыйскіх партоў для экспарту калійных угнаенняў, або гэта толькі здагадка? Ці абмяркоўваўся такі сцэнар у адносінах з Латвіяй, як раней у выпадку Польшчы і Літвы?
— Так, такія здагадкі гучаць ужо некалькі месяцаў, фактычна ад пачатку года. Гэта звязана са зменай падыходу Вашынгтона да Беларусі. Але калі казаць пра беларуска-амерыканскае збліжэнне, то галоўная перашкода для адкрыцця маршруту перавозкі беларускіх угнаенняў — еўрапейскія санкцыі. Пакуль мала што сведчыць пра гатоўнасць Еўрасаюза іх скасаваць.
Пазіцыя літоўскіх уладаў, асабліва прэзідэнцкага цэнтра, таксама палягае ў тым, што ніякага змякчэння санкцый у дачыненні да Беларусі не будзе. На ўзроўні ўрада ўсё крыху складаней. Не думаю, што Латвія пайшла б насустрач Беларусі ў гэтым пытанні. Тэарэтычна гэта магчыма, аднак транзіт праз Латвію, імаверна, абыдзецца найдаражэй. Самы просты і выгадны маршрут праходзіць праз літоўскі порт Клайпеда, як і да 2020 года. Таму, калі амерыканскі і беларускі ціск нейкім чынам прымусіць ЕС скасаваць санкцыі, мы вернемся да тэмы Клайпеды, а не Рыгі.
У Латвіі ёсць палітычныя сілы, гатовыя падтрымаць скасаванне санкцый або прагматычна ставіцца да гандлю з Расіяй і Беларуссю. Нават калі яны маюць высокую грамадскую падтрымку, кіраваць яны не будуць: астатнія ўдзельнікі палітычнай сістэмы лічаць кааліцыю з імі немагчымай. Гэта партыі, якія ніколі не будуць ва ўрадавай кааліцыі.
— Увосень у Латвіі пройдуць парламенцкія выбары. Ці можна лічыць цяперашні міграцыйны ціск працягам гібрыдных атак, у тым ліку вясновых інцыдэнтаў з украінскімі беспілотнікамі, і спробай паўплываць на выбарчую кампанію?
— Два фактары. Згаданая вамі версія пра тое, што ўрад нібыта распаўся праз інцыдэнт з украінскімі дронамі, якія пад уздзеяннем перашкод траплялі на тэрыторыю Латвіі, — толькі частка праўды. Кабінет распаўся праз унутраныя рознагалоссі і спрэчкі паміж кааліцыйнымі партыямі. Інцыдэнты з беспілотнікамі толькі канчаткова разбурылі давер паміж партнёрамі па кааліцыі. Прычынай была не сама праца расійскіх сістэм падаўлення, праз якую ўкраінскія дроны падалі на тэрыторыі Латвіі.
Што да будучых выбараў, міграцыя сапраўды стала часткай кампаніі: да галасавання застаецца два месяцы. Міністр унутраных спраў прадстаўляе правае нацыяналістычнае Нацыянальнае аб’яднанне — яго прадстаўнікі і самі называюць сябе нацыяналістамі. Ён спрабуе зарабіць на гэтай тэме палітычныя балы і паказаць сябе абаронцам латвійскай дзяржавы. Для латвійскіх правых пытанні міграцыі і мяжы вельмі важныя.
Але калі Беларусь — або Расія праз Беларусь — хоча такім чынам паўплываць на выбары ў Латвіі, то, хутчэй за ўсё, даможацца выніку, процілеглага чаканаму: гэта ўмацоўвае пазіцыі так званых латышскіх партый.
— Наколькі моцны беларускі ўплыў у Латгаліі, дзе значная частка жыхароў памежжа мае беларускія карані і глядзіць дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі? Да пратэстаў 2020 года сувязі Даўгаўпілса і Латгаліі з Беларуссю былі цеснымі: людзі часта перасякалі мяжу, дзейнічалі грамадскія арганізацыі, у тым ліку звязаныя з беларускай амбасадай. Ці можна сёння ацаніць маштаб гэтага ўплыву?
— Найлепшы прыклад такога ўплыву — лёс найбольш радыкальных прарасійскіх палітыкаў і публіцыстаў, якія жывуць у Латвіі. Паказальны выпадак Аляксея Рослікава: да нядаўняга часу ён узначальваў і, здаецца, фармальна ўсё яшчэ ўзначальвае партыю «Стабільнасць!», якая ўжо не фігуруе ў апытаннях. У Латвіі супраць яго распачалі крымінальную справу, пасля чаго ён уцёк — куды? У Беларусь, адкуль цяпер вядзе прапагандысцкую дзейнасць.
У гэтым нешта ёсць: большасць рускамоўных прапагандыстаў і найбольш радыкальных грамадскіх актывістаў з Латвіі ў апошнія месяцы ўцякаюць не ў Расію, а менавіта ў Беларусь. Таму я вылучыў бы рабочую гіпотэзу: у Латвіі мы маем справу не столькі з прарасійскімі настроямі, колькі з настальгіяй па лукашэнкаўскай Беларусі — з прапагандысцкім вобразам Лукашэнкі як «моцнага гаспадарніка» і краіны, дзе чыста, а каўбаса і паліва каштуюць танна. Такія настроі могуць быць пашыраныя сярод старэйшага пакалення жыхароў латвійска-беларускага памежжа.
Нейкія падобныя арганізацыі, безумоўна, існавалі. Пра іх уплыў сведчыць і тое, што, як я ўжо сказаў, найбольш радыкальныя дзеячы ў апошнія месяцы ўцякаюць не ў Расію, а ў Беларусь. У дакладах латвійскіх спецслужбаў на працягу многіх гадоў адзначалася, што Беларусь цікавіцца найперш сваімі грамадзянамі, якія жывуць у Латвіі, але таксама жыхарамі памежжа — асабліва людзьмі беларускага паходжання.
Доўгі час важную ролю адыгрывала эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі — найперш транзіт, перавозкі і гандаль. Калі на выходных закрылі «Патэрніекі», грамадскія СМІ паказалі рэпартаж пра жанчыну, якая збіралася ў беларускі санаторый. Пуцёўка была ўжо аплачаная, але цяпер ёй даводзілася ехаць праз Літву. Гэта значыць, што рух праз мяжу захоўваецца: людзі ездзяць або да нядаўняга часу ездзілі ў Беларусь па танныя тавары і паліва, у санаторыі і на адпачынак. Гэта быў і эканамічны, і турыстычны кірунак.
Акрамя таго, захоўваюцца сямейныя сувязі. Рускамоўная меншасць Латвіі — пераважна нашчадкі перасяленцаў савецкага часу. У многіх дагэтуль ёсць бабулі ды іншыя сваякі ў Беларусі, Украіне або Расіі, і людзі ездзілі туды, каб сустрэцца з сям’ёй. Бадай, гэта ўсё, што можна сказаць пра беларускі ўплыў.
Слухайце аўдыё!
эж