Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўрапейская будучыня — наша выжыванне як нацыі

10.08.2026 11:30
У Варшаве 9 жніўня завяршылася канферэнцыя «Новая Беларусь», прымеркаваная да шостай гадавіны выбараў 2020 года.
Аб'яднаны пераходны кабінет узнагародзіў выбітных беларусаў і замежнікаў Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Удзельнікі канферэнцыі правялі два насычаныя шматлікімі панэляміі і дыскусіямі дні. Прагучала шмат прапаноў, пытанняў, было прадстаўлена шмат праектаў, што дапамогуць як беларусам ў замежжы, так і беларусам у Беларусі. Былі выпрацаваныя агульныя рашэнні па шматлікіх пытаннях і прынятыя рэзалюцыі.

Канферэнцыя завяршылася прамовай Святланы Ціханоўскай і ўзнагароджаннем выбітных беларусаў і замежнікаў.

 — За гэтыя два дні мы маглі пачуць галасы палітычных лідэраў — тых, хто яшчэ нядаўна быў за кратамі. Паслухаць прадстаўнікоў медыяў, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, культурных дзеячоў — сказала Ціханоўская. — У нас былі насычаныя дыскусіі  пра стратэгію адносін з Украінай, пра эканоміку, пра культуру, адукацыю, транснацыянальныя рэпрэсіі, і пра тое, як скарыстаць вакно магчымасцяў, калі яно адкрыецца. 

Да канферэнцыі мы прынялі дзевяць рэзалюцый, якія фіксуюць ключавыя пазіцыі беларускіх дэмакратычных сілаў. 

Адна з рэзалюцый — «Прыярытэты беларуска-ўкраінскай супрацы», падрыхтаваная ў каардынацыі з украінскімі партнёрамі. Безумоўна, прыярытэт нумар адзін — не дапусціць поўнага ўцягвання Беларусі ў вайну. Гэты дакумент, я спадзяюся, дапаможа нам вывесці гэтую супрацу на новы ўзровень. Цяпер трэба напоўніць гэтыя прыярытэты канкрэтнымі праектамі.

Падчас канферэнцыі былі прэзентаваны шэраг практычных інструментаў для беларусаў, якія дапамогуць беларусам бяспечна падарожнічаць. Іншы інструмент дапаможа грамадскім арганізацыям абменьвацца рэсурсамі. 

Былі прэзентаваныя абнаўленні праекту «Тры сланы», а таксама платформы «Прастора». Ужо цяпер там можна знайсці праекты рэформаў для будучай Беларусі: у тым ліку закон аб люстрацыі, аб мясцовым самакіраванні, ці новай канстытуцыі. Станіслаў Салавей прэзентаваў «Раёнку» — сістэму дыстанцыйнай медыцынскай дапамогі для беларусаў унутры краіны.

Мы пачынаем новую кампанію «Постлукашэнкаўская Беларусь». Мы павінны паказаць і беларусам, і нашым партнёрам, якой мы бачым Беларусь пасля дыктатуры. Мы хочам паказаць беларусам альтэрнатыву Расіі.

Мы працягваем кампанію за еўрапейскую будучыню для Беларусі. Як учора сказаў Алесь Бяляцкі, гэта не пытанне «хачу ці не хачу». Гэта пытанне нашага выжывання як нацыі.

Дзмітрый Крук і цэнтр БЕРОК учора прэзентавалі канцэпцыю дарожнай карты еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Яна паказвае, што і як пакрокава патрэбна рабіць, каб краіна ўстойлbва стала на рэйкі Еўраінтэграцыі. Што Еўрапейскі Cаюз можа даць Беларусі, а што Беларусь можа даць Еўрапейскаму Cаюзу.

Мы прапануем Еўрасаюзу стварыць асобны інструмент для падтрымкі дэмакратычнага транзіту і будучай еўрапейскай інтэграцыі Беларусі.

Медалямі Аб’яднанага пераходнага кабінету былі ўзнагароджаныя выбітныя беларусы і грамадзяне іншых краін за працу на карысць Беларусі, захаванне яе культуры і нязломнасць.

ак