Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Небяспечныя палёты над палаючым горадам. Як саюзнікі дапамагалі Варшаўскаму паўстанню

17.08.2026 06:02
Падчас паўстання самалёты саюзнікаў скінулі на горад сотні кантэйнераў са зброяй, боепрыпасамі, харчамі і медыкаментамі.
Аўдыё
  • Падчас Варшаўскага паўстання самалёты саюзнікаў скінулі на горад сотні кантэйнераў са зброяй, боепрыпасамі, харчамі і медыкаментамі
      .
Варшаўскія паўстанцы са скінутай з самалётаў зброяй. Крыніца: Muzeum Powstania Warszawskiego

82 гады таму польская сталіца змагалася з гітлераўскімі захопнікамі — у горадзе працягвалася Варшаўскае паўстанне, якое пачалося 1 жніўня 1944 года. Паўстанцам не хапала ўсяго: боепрыпасаў, зброі, медыкаментаў і харчоў. Часткова гэтыя недахопы ўдавалася перакрыць дзякуючы пастаўкам заходніх саюзнікаў, якія скідвалі грузы на парашутах над палаючым горадам. Матэрыяльная дапамога з паветра стартавала ў пачатку жніўня 1944 года.

Падчас Варшаўскага паўстання больш за 300 саюзніцкіх самалётаў, перш за ўсё ВПС Вялікабрытаніі, скінулі на горад, які змагаўся супраць немцаў, некалькі сотняў кантэйнераў са зброяй, боепрыпасамі, прадуктамі харчавання і медыкаментамі. На жаль, большая частка грузу трапіла ў рукі гітлераўцаў. Саюзнікі таксама панеслі немалыя страты: у выніку збіцця загінула больш за 200 лётчыкаў, якія выконвалі надзвычай небяспечную місію.

У ноч з 4 на 5 жніўня 1944 года самалёты саюзнікаў упершыню праляцелі над Варшавай і скінулі для паўстанцаў дапамогу. Палёты адбываліся рэгулярна, практычна да канца паўстання на пачатку кастрычніка 1944 года. Падчас першай місіі членамі экіпажаў былі выключна палякі, якія служылі ў ВПС Вялікабрытаніі.

Паўстанцы са зброяй. Фота: грамадскі набытак. Паўстанцы са зброяй. Фота: грамадскі набытак.

Маршал брытанскіх Каралеўскіх ВПС сэр Джон Слесар пазней згадваў у эфіры Польскай службы Радыё «Свабодная Еўропа», што аперацыя была надзвычай складанай.

— Мне як камандуючаму брытанскіх ВПС на міжземнаморскім тэатры ваенных дзеянняў было даручана правесці надзвычай складаную аперацыю. Я павінен быў паспрабаваць выканаць загад, які, як мне здавалася, невыканальны: дапамагчы гераічным салдатам Арміі Краёвай, якія змагаліся ў Варшаве, скінуўшы ім зброю і прыпасы.

Удзел у небяспечнай місіі прымалі экіпажы цяжкіх бамбавікоў «Лібератар» і «Галіфакс» з 1586-й польскай эскадрыллі спецыяльнага прызначэння, 31-й і 34-й паўднёваафрыканскіх эскадрылляў, а таксама 148-й і 178-й эскадрылляў брытанскіх Каралеўскіх ВПС.

Самалёты ўзляталі з аэрадрома каля італьянскага горада Брындызі, бо ўлады Савецкага Саюзу не далі дазволу здзяйсняць пасадкі на іх тэрыторыі для дазапраўкі і рамонту. Пілотам даводзілася пераадольваць 3 тыс. км у абодвух напрамках, пераважна над тэрыторыямі, акупаванымі Трэцім Рэйхам, што стварала дадатковую небяспеку для місіі. Акрамя таго, траса праходзіла ў складаных метэаралагічных умовах, над горнымі масівамі. Нямецкія знішчальнікі і зенітная артылерыя пільна сачылі за тым, каб заходняя дапамога не трапляла варшаўскім паўстанцам. У сувязі з гэтым першапачаткова палёты адбываліся толькі ноччу, што стварала дадатковыя праблемы падчас скідвання грузу над горадам.

Але найбольш небяспечным было неба над Варшавай, бо самалёты сходзілі на вышыню каля 100 метраў над зямлёй, каб скідаць кантэйнеры на парашутах у вызначаных месцах. У гэты момант яны траплялі ў найбольшую небяспеку, таму што з зямлі працавалі нямецкія зеніткі, і вялікі бамбавік быў лёгкай цэллю для варожага агню.

— Пад намі  ускраіна Варшавы. Пачынаюць працаваць зеніткі, зенітная артылерыя і малакаліберная зброя. Мы зніжаемся, ляцім над дахамі. Скрозь дым і агонь ледзь бачныя агні месца, дзе нам трэба скінуць груз,  пісаў у сваіх успамінах штурман з 1586-й эскадрыллі спецыяльных аперацый, капітан ВПС Раман Хмель.

ЗША дапамаглі паўстанцам толькі раз, але гэта была маштабная акцыя. Так, 18 верасня 1944 года каля поўдня 110 амерыканскіх бамбавікоў B-17, вядомых як «Лятаючыя крэпасці», праляцелі над польскай сталіцай. На працягу 10 хвілін яны скінулі амаль 1,3 тысячы кантэйнераў са зброяй, лекамі, перавязачнымі матэрыяламі і санітарным абсталяваннем. На жаль, прызямленне грузу не было дакладным  ён апусціўся на парашутах на вялікай плошчы, таму толькі 228 кантэйнераў трапіла ў рукі паўстанцаў. Грузавы рэйс ЗША адбыўся пад кодавай назвай Frantic 7.

Паўстанцы і скінуты на парашуце груз. Здымак: грамадскі набытак. Паўстанцы і скінуты на парашуце груз. Здымак: грамадскі набытак.

Агулам падчас паўстання 306 самалётаў саюзнікаў скінулі на гераічны палаючы горад 159 тон зброі, лекаў і харчоў. Большая частка кантэйнераў трапіла ў рукі немцаў, але тым не менш, кожная дапамога была каштоўнай для байцоў.

— Аперацыі вашых Ваенна-паветраных сіл дазволілі нам працягваць барацьбу. Варшава, якая змагаецца, перадае словы ўдзячнасці і падзякі гераічным лётчыкам,  напісаў саюзнікам 14 жніўня ў дэпешы галоўнакамандуючы Арміі Краёвай генерал Тадэвуш Бор-Камароўскі.

Экіпаж «Лібератара» ВПС Вялікабрытаніі на базе ў Італіі. Крыніца: Wikimedia/грамадскі набытак Экіпаж «Лібератара» ВПС Вялікабрытаніі на базе ў Італіі. Крыніца: Wikimedia/грамадскі набытак

Савецкі Саюз і яго Ваенна-паветраныя сілы далучыліся да дапамогі змагарам толькі пад канец паўстання, калі яго лёс ужо быў прадвызначаны. Скідванне грузаў было арганізаванае з 13 верасня на лёгкіх біпланах У-2. Прычым дапамогу для паўстанцаў саветы скідвалі ў мяшках і без парашута, з-за чаго зброя і боепрыпасы часта прызямляліся ў пашкоджаным стане.

Падчас палётаў над Варшавай у жніўні і верасні 1944 года саюзнікі страцілі 41 самалёт. Паводле гісторыкаў, у выніку небяспечных місій загінула 220-250 членаў экіпажаў бамбавікоў.

У Музеі Варшаўскага паўстання захоўваецца дакладная копія цяжкага бамбавіка «Лібератар» ВПС Вялікабрытаніі ў маштабе 1:1. Гэты самалёт сімвалізуе аказаную Варшаве паветраную падтрымку ў 1944 годзе.

Самалёт з нумарам KG890 (GR-S) належаў польскай 1586-й эскадрыллі спецыяльнага прызначэння. Ён падняўся з базы ў Брындызі. У ноч з 14 на 15 жніўня 1944 года бамбавік здзейсніў грузавы палёт для паўстанцаў. На зваротным шляху ён быў збіты каля Кракава. Увесь экіпаж з сямі чалавек, у тым ліку капітан Збігнеў Шостак, загінуў.

Гэта найбуйнейшы экспанат у Варшаўскім музеі. У яго будаўніцтве былі выкарыстаны арыгінальныя дэталі збітага самалёта.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу