Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Зянон Пазняк: Незалежнасць трэба было прыняць адзінагалосна

25.08.2026 15:00
Чаму камуністычная большасць Вярхоўнага Савета 12-га склікання прагаласавала за забарону кампартыі? Хто падтрымаў маскоўскі путч? Як Беларусь атрымала сваю незалежнасць? 
Аўдыё
  • Як Беларусь 25 жніўня атрымала сваю незалежнасць
Зянон Пазьняк у студыі Беларускай службы Польскага радыёБеларуская служба Польскага радыё

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала канстытуцыйны статус 25 жніўня 1991 года, праз тры дні пасля падаўлення маскоўскага путча. 35 гадоў таму ўсё магло пайсці па іншым сцэнару.

Удзельнікам тых падзей, чалавекам які непасрэдна спрычыніўся да таго, каб Беларусь стала незалежнай, быў дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання ад Беларускага народнага Фронту, легенда беларускага адраджэння — Зянон Станіслававіч Пазняк.

У студыі Беларускай службы Польскага радыё ён узгадвае тыя часы. А таксама тое, што адбылося пасля 1994-га. Чаму пасля першых крокаў незалежнасці, беларусы не здолелі замацаваць яе навечна?

«Мы ад самага пачатку думалі, як вярнуць незалежнасць»

Як 27 дэпутатам ад Беларускага народнага фронту ўдалося скарыстацца вакном магчымасцяў і дамагчыся незалежнасці Беларусі?

Удалося зрабіць тое, што зрабілі, таму што мы былі гатовыя да гэтага. Калі б у нас не было гатовасці, не было б арганізацыі, плана, людзей, то мы разгубіліся б.

Але мы ад самага пачатку, як толькі ўтварылі Фронт, пра гэта думалі. І калі ў Вярхоўны Савет трапілі, мы думалі, як вярнуць незалежнасць.

У 90-м годзе ўжо ў траўні, літаральна праз месяц пасля таго, як апынуліся ў Вярхоўным Савеце, мы ўжо падрыхтавалі Дэкларацыю аб суверэнітэце.

Я яе зачытваў з трыбуны. Камуністы сядзелі ў мёртвай цішыні. Для іх гэта было настолькі дзіўна, што яны не ведалі, што гаварыць. Ну, канешне, галасавалі. Дэкларацыя не прайшла, гэта зразумела. Але ўпершыню яны пачулі, што, панове, Беларусь павінна быць незалежнай, у гэтым наша будучыня, наша існаванне. Інакш нічога не будзе.

Тады ніхто не спадзяваўся, але падзеі пачалі развівацца такім чынам, што яны вымушаныя былі гэтым таксама зацікавіцца.

У Маскве пачаўся канфлікт паміж рознымі камуністычнымі групоўкамі. Адна была на чале з Ельцыным, другая на чале з Гарбачовым. Фактычна гэта быў канфлікт за ўладу.

Але вось гэты момант паспрыяў таму, што ўдалося выкарыстаць час і дасягнуць незалежнасці. Пры тым пытанне стаяла так: калі б на дзень спазніліся, то магло б быць зусім па-іншаму. Вельмі важна было тое, пра што я сказаў адразу, што была арганізацыя, была ідэя, былі дакументы падрыхтаваныя, і мы ведалі, што трэба рабіць.

«Усе рэспублікі Савецкага Саюза павінны аб'явіць аб сваім суверэнітэце»

— Крызіс надыходзіў, Перабудова нічога не давала. І Гарбачоў адчуваў, што можа згубіць уладу канчаткова. Тым больш, што Ельцын быў дастаткова сур'ёзным апанентам. І вось Гарбачоў вырашыў зрабіць такі ход канём: заключыць новы саюзны дагавор, як бы абнавіць Савецкі Саюз. Каб гэта зрабіць, трэба былі суб'екты суверэнітэту, трэба было нейкую ілюзію зрабіць.

І вось неўзабаве пасля таго, як мы ў траўні 90-га зачыталі сваю Дэкларацыю незалежнасці, Гарбачоў вырашыў, што план будзе такі: усе рэспублікі павінны аб'явіць аб сваім суверэнітэце ў межах Савецкага Саюза. А пасля гэтага ўсе павінны заключыць дагавор аб новым Савецкім Саюзе. Гэты план быў дастаткова вядомы, хаця не агучваўся. І з’явілася дырэктыва з боку Масквы для ўсіх саюзных рэспублік прыняць дэкларацыі аб суверэнітэце.

Уявіце сабе, літаральна праз месяц пасля таго, калі мы аб'явілі, што трэба прыняць дэкларацыю аб суверэнітэце, што ў нас Дэкларацыя падрыхтавана і давайце працаваць над гэтым, раптам з Масквы прыходзіць такая дырэктыва. Камуністы разгубіліся, таму што яны нават слова «суверэнітэт» не маглі выгаварыць, яны не ведалі, што гэта такое і што рабіць.

Усё гэта скінулі на Камісію па дзяржаўнаму будаўніцтву. Быў там такі Леанід Козік, дэпутат. На яго ўсё скінулі: "Ну ты давай там што-небудь сделай". Гэты Козік падыходзіць да мяне і кажа: "Зянон Станіслававіч, можа нам апазіцыя дапамагала б у гэтым пытанні?” Я кажу: "З задавальненнем дапаможам. Гэта ж наша агульная справа, давайце.

І вось мы практычна ўся апазіцыя пайшла працаваць у гэту камісію. Мы падрыхтавалі тэкст, падрыхтавалі Дэкларацыю. Ну і далей было доўгае змаганне.

Фактычна нам удалося на 90 адсоткаў зрабіць той тэкст, які мы хацелі. У цэлым гэта была добрая аснова для Дэкларацыі.

«Савецкі Саюз ужо дыхаў на ладан»

Як ў жніўні 1991-га, апазіцыя БНФ змагла дамагчыся фактычнага аб’яўлення незалежнасці? Як за такі кароткі тэрмін змагла падрыхтаваць столькі законаў незалежнай Беларусі? Ці адбылося б тое, што адбылося, каб не путч у Маскве?

Магло быць усяляк. Проста, напэўна, зацягнуўся б час і магло быць трохі па-іншаму. Але адразу пасля 27 ліпеня, калі мы прынялі Дэкларацыю аб суверэнітэце, мы пачалі рыхтавацца. У першую чаргу пачалі рыхтаваць законы.

Мы больш за 40 законаў падрыхтавалі. І не толькі эканамічную канцэпцыю, але і законы аб банкаўскай справе, аб усім. Гэта ўсё было падрыхтована намі. І пра Чарнобыльскую зону таксама падрыхтавалі. Камуністы заразалі нашы законы, але яны не маглі нікуды іх падзець, таму вымушаны былі ствараць свае праекты законаў. На аснове нашых. І ў барацьбе, у дыскусіях, як правіла, мы перамагалі. Законы, канечне, не былі ідэальнымі, бо камуністы шмат там чаго псавалі, але ў цэлым праходзіла наша канцэпцыя.

І таму мы мелі ўжо шмат законаў, якія давалі магчымасць існаваць незалежнай дзяржаве.

У гэты перыяд пачаўся так званы Новагароўскі працэс. Новагарова гэта такое пад Масквой месца, дзе Гарбачоў збіраўся, гаварыў там з рознымі прадстаўнікамі рэспублік пра заключэнне пагаднення аб новым Савецкім Саюзе.

Новы Саюз быў яшчэ горшы за стары. Яны дасылалі нам дакументы, мы іх абмяркоўвалі ў Вярхоўным Савеце з вялікай крытыкай. Там па ўсім было дрэнна і па Чарнобылю, і па ўсім. Я думаю, што калі б там пачалі прымаць гэтыя пагадненні, не ўдалося б з першага разу. вельмі шмат было супярэчнасцяў.

Калі б гэта прынялі, то, канешне, мы б трапілі зноў у такую яму, з якой было б змагацца цяжка. Але сітуацыя ў Савецкім Саюзе ўжо была такая, што ён дыхаў на ладан. Ужо не было той ўлады, таго адзінства, было шмат супярэчнасцяў, шмат прэтэнзій ад розных груп ва ўладзе і ад Ельціна.

Таму калі б не здарыўся путч, то ўсё роўна мы б адстойвалі незалежнасць, але спатрэбілася б троху больш часу.

«У аснове гэтага путча аказаліся абсалютна нікчэмныя людзі»

Камуністы зрабілі абсалютна дурацкую такую справу. Яны вырашылі на аснове старых уяўленняў амаль сталінскіх аб камунізме зрабіць путч, арыштаваць Гарбачова, Ельцына, усіх і, так бы мовіць, паказаць, як трэба будаваць камунізм.

Я вам скажу, што яны маглі б гэта зрабіць, там жа людзі, як кажуць, выхаваныя не на малаку, а на крыві. Але толькі калі б сярод іх быў моцны лідар, калі б яны пачалі дзейнічаць рашуча, яны маглі праліць шмат крыві і сапраўды знішчыць Ельцына і Гарбачова ды ўзяць уладу. І некалькі гадоў былі б рэпрэсіі, яны пратрымаліся б нейкі час. Але ў іх не было ніякіх перспектываў. Гэта была поўная авантура.

Тым больш, што ў аснове гэтага путча аказаліся абсалютна нікчэмныя людзі. Янаеў з дрыжачымі рукамі, Пуга, які не ўмеў ацаніць абстаноўку і застрэліўся.

«ФСБ стала абсалютнай уладай у Расіі»

Зразумела, што за путчам стаялі спецслужбы. Але хто менавіта?

— Думаю, гэта такія палітыкі, як Прымакоў, Кручкоў. КДБ праводзіў сваю палітыку па дэзынтэграцыі Савецкага Саюза. КДБ паставіў задачу прыйсці да ўлады, таму што ўлада была ў камуністаў, а супрацоўнікі КГБ былі выканаўцамі. І яны абкружылі Ельціна, пачалі гаварыць за дэмакратыю. Генерал Каржакоў кнігу напісаў, як яны там за дэмакратыю змагаліся.

Гэта ўсё гэб’ё акружыла Ельцына, патакала яму, заняла ключавыя пазіцыі, прапіхнула свайго нікому невядомага чалавека пад назвай Пуцін. Фактычна ён ніхто. Гэта карпарацыя вырашыла, што гэтага хлопца трэба паставіць, а пасля паглядзім.

І Ельцына адправілі, як кажуць, акуратненька ў адстаўку. Калі б ён не пагадзіўся, яго б проста знішчылі. Проста забілі б і сказалі, што сам памёр ад алкаголю ці яшчэ ад чаго. З 2000 года ФСБ стала абсалютнай уладай у Расіі.

Але ў жніўні адчувалася, што путч быў не падрыхтаваны. Не было адзінства.  І гэта выглядала настолькі брыдка і нікчэмна, што нават камуністы на месцах не спяшаліся выяўляць сябе. Толькі Малафеяў у нас у Беларусі выказаўся.

Але яны былі гатовыя, чакалі, калі путч пераможа. Павярнулася так, што было ўсё супраць іх. Але, калі б мы былі да гэтага не гатовыя, то канешне, мы маглі б і не мець гэтай незалежнасці. 

«Ну что, хлопцы, скора мы вас пух-пух»

Як гэта ўсё адбывалася? Як апазіцыя БНФ перамагла камуністычны Вярхоўны Савет?

— А шостай раніцы па тэлевізары — «Лебядзінае возера» і танцы. Пасля з’явілася аб’ява пра ГКЧП. Усе мы прыехалі ў Вярхоўны Савет, там хто раней, хто пазней. Камуністы таксама прыехалі ў Вярхоўны Савет. Мы прыехалі, некаторыя ўжо ўзялі з сабой зубную пасту і шкарпэткі — гатовыя, што ў турму іх пасадзяць. І гэта было сур'ёзна, таму што на Таварнай чыгуначнай станцыі заўважылі закратаваныя цягнікі. Яны рыхтаваліся.

Адзін з дэпутатаў, такі Жэбрык быў з Ваўкавыску, ён нам казаў 19 жніўня: «Ну что, хлопцы, скора мы вас пух-пух». Разумееце, яны б зрабілі «пух-пух». Я ў гэтым не сумняваюся.

Але мы пачалі збіраць мітынгі хуценька, аб’явілі пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў. 20 жніўня яно было створана. Пачалі рыхтавацца на выпадак збройнага супрацьстаяння. Мы рыхтаваліся, таму што разумелі: альбо мы будзем, альбо не будзем.

Была добрая сувязь з Ельціным, з Масквой, таму што, натуральна, яны тады былі нашы саюзнікі. І атрымалася так, як атрымалася. Праз тры дні гэты путч праваліўся.

І тады некаторыя камуністы засведчылі нам сваю падтрымку. У іх, як кажуць, нос быў у пуху, і яны страшна перапалохаліся, што з імі будзе. Я вельмі настойваў, каб пазачарговую сесію мы правялі адразу 23 жніўня. Але атрымалася сабраць толькі 24 жніўня.

Гэта была цэлая праблема, таму што ніхто не хацеў, ні Дзямянцей, ні Шушкевіч. І мы звярнуліся да Прэзідыума Вярхоўнага Савета. І Прэзідыум прыняў рашэнне аб тым, што павінна быць сесія.

А на сесіі была задача наша выкарыстаць тое, што яны былі страшна напалоханыя. Калі яны напалоханыя, мазгі не працуюць, яны не ведаюць, што рабіць.

Можна было прыняць усё, што заўгодна. І таму, мы цэлую ноч рыхтавалі законы. Мы 14 законаў падрыхтавалі. Нас было ўсяго 27 чалавек, а іх была бальшыня. І мы маглі выйграць толькі, калі яны здадуцца, калі мы іх напалохаем, калі яны адчуюць, што ім трэба выжыць. А каб яны адчулі, што ім трэба выжыць, трэба ім даць магчымасць, не заціснуць іх у кут.

У гэты дзень была доўгая пазіцыйная барацьба.

«Мы камуністычнымі галасамі забаранілі камуністычную партыю»

— Адначасова ўзнялося пытанне пра забарону кампартыі. І трэба было зацвердзіць нашу незалежнасць абавязкова.

Быў такі момант, калі Малафееў, а гэта першы сакратар ЦК, быў недасягаемы, такі важны начальнік. Усе перад ім дрыжэлі. Ну і вось ён махнуў рукой Дземянцею і пайшоў на трыбуну, каб нешта сказаць. Тут уся наша апазіцыя кінулася і не далі яму выступіць.

Гэта для іх страшэнны быў пазор. Яны напалохаліся і вырашылі зрабіць перапынак і правесці перамовы. І ў гэтых перамовах мы ўжо мелі больш прыхільнікаў. У гэтых перамовах фактычна вырашаны быў лёс кампартыі. Яны вырашылі здацца.

Калі вырашылі здацца, яны нас прасілі, каб мы нічога не рабілі. І вось Малафееў выступіў і сказаў, што яны выходзяць з КПСС і ў іх будзе свая незалежная ад КПСС кампартыя. А мы паспелі даведацца, што, аказваецца, Камуністычная партыя Беларусі нават не мела зарэгістраванага статуту.

Мы паставілі пытанне, што ўвогуле гэтую партыю трэба расфармаваць і забараніць. Была дысккусія, камуністы былі ў прастрацыі. І мы дамовіліся, што забаронім часова. А што часова, тое навечна, разумееце. Уявіце, настолькі ўсё дакладна было і настолькі моцны быў націск правільны, што мы камуністычнымі галасамі забаранілі камуністычную партыю. Вось што адбылося.

Суверэнітэт як выратавальны круг

— Яны былі ў такім стане, што ім трэба было кінуць нейкі выратавальны круг, каб яны прагаласавалі. Бо калі б галасаванне было неаднагалоснае, гэта было б дрэнна. Незалежнасць павінна была быць прынята аднагалосна.

Ну і тады я выступіў перад імі, звярнуўся да іх, як да землякоў і сказаў, што ўсе мы беларусы, а на ўсходзе фармуецца новая расійская імперыя ў форме дэмакратыі. Не спадзявайцеся на Ельцына. Мы павінны мець незалежнасць, таму што вакол нас будуць незалежныя дзяржавы. І калі так мы гэтага не зробім, то яны высмакчуць нашую рабочую сілу, эканоміку, ўсё. Мы проста сябе загонім у магілу.

Нам трэба выкарыстаць момант для ўсёй нашай нацыі, для ўсіх нас і аб'явіць незалежнасць дзяржавы. І яны адчулі, што гэта будзе незалежна ад Масквы, што Ельцын не будзе ўплываць, Масква застанецца збоку, і ніхто ім нічога не зробіць.

Яны адчулі, што так змогуць уратавацца. І пачалі выступаць камуністы за незалежнасць. І мы надалі Дэкларацыі аб суверэнітэце канстытуцыйны статус.

У нас ёсць незалежнасць, дзяржава ёсць і па сённяшні дзень. Каб гэтага не адбылося, то мы б, можа, ўжо не існавалі як нацыя.

Ведаеце, што адбывалася далей? Як з’явілася беларускае войска? Якім чынам апазіцыя цэлы год мела жывы эфір для сваё агітацыі? Якіх кандыдатаў Масква падрыхтавала да беларускіх выбараў і хто такі агент “Валет”?

Ці лічыць Зянон Пазняк памылкай публікацыю свайго артыкула пра расійскі імперыялізм? Чаму ён не вярнуўся ў Беларусь у лістападзе 1996-га, каб ўзначаліць пратэст супраць рэферэндуму?

Адказы на гэтыя пытанні слухайце ў нашым аўдыё.

Падрыхтавала Аксана Колб