У перыяды выбарчых кампаніяў у Польшчы, як і ў іншых частках Еўропы, папулярнасць набіраюць ідэі ўльтраправых палітычных сілаў, што мае рэальны ўплыў нават на добра інтэграваных мігрантаў, такіх як беларусы, якія ўносяць значны ўклад у польскую эканоміку, перасцерагае на старонках выдання «Gazeta Wyborcza» былая спецдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2018–2024 гадах.
Анаіс Марын, якая зараз узначальвае адвакацкі аддзел Фонду «Партызанка» («Fundacja Partyzanka»), распавядае ў артыкуле, што цягам апошніх месяцаў дзясяткі беларускіх бежанцаў звярталіся да яе з просьбай умяшацца па справе выпадкаў, калі польскія ўлады адмовілі ім у прытулку.
— Умяшанне ў індывідуальныя працэдуры выходзіць за рамкі паўнамоцтваў незалежных экспертаў ААН. Аднак я маю права і адчуваю абавязак падзяліцца гэтым меркаваннем: большасць беларускіх бежанцаў сутыкнуцца з рэпрэсіямі, калі іх вярнуць на радзіму. Адпраўка іх туды зробіць Польшчу саўдзельніцай сур'ёзных парушэнняў міжнароднага і еўрапейскага права ў гэтай галіне, — перасцерагае Марын.
Яна нагадвае, што большасць людзей, якія з’ехалі з Беларусі лічыцца рэжымам Лукашэнкі «здраднікамі». Акрамя таго, калі за мяжой яны крытыкавалі беларускі рэжым — яго палітыку або выступалі за санкцыі — іх могуць абвінаваціць у экстрэмізме і прыгаварыць да жорсткіх пакаранняў. Між тым, зараз мішэнню КДБ з’яўляюцца не толькі палітычныя актывісты, якія ўдзельнічалі ў антыўладных дэманстрацыях 2020 года, але і людзі, якія эмігравалі ў Польшчу «па эканамічных прычынах», па студэнцкіх візах або для ўзʼяднання семʼяў.
Дадаткова, паводле былой спецдакладчыцы ААН, абгрунтаванні часткі адмоваў у прытулку можна растлумачыць толькі невуцтвам або цынізмам.
— Кожны тыдзень беларусаў адвольна затрымліваюць — у Беларусі або пры перасячэнні мяжы — таму што КДБ ідэнтыфікаваў іх на фотаздымках з дэманстрацый у 2020 годзе або тых, што адбыліся за мяжой з таго часу. Ніводная з гэтых абставін не зʼяўляецца перашкодай, — нагадвае Анаіс Марын.
Такім чынам беларусы апынуліся ў пастцы: краіны, якія іх прымаюць, агулам сталі больш асцярожнымі ў дачыненні да мігрантаў, у чым вінаватыя, як гібрыдныя атакі з боку беларускага рэжыму, так і вярбоўка мігрантаў «з Усходу» для правядзення падрыўной і дыверсійнай дзейнасці ў краінах ЕС.
— Назіраецца бачная стомленасць і зніжэнне талерантнасці да бежанцаў, што адлюстроўваецца ва ўзмацненні нянавісці да ўкраінцаў, але і да беларусаў, якіх успрымаюць як агрэсараў і спекулянтаў, — кажа Марын.
Паводле яе, змены стаўлення бачныя і ў Польшчы. У тым ліку, упершыню ў першай палове 2026 года на заявы аб прадастаўленні прытулку, пададзеныя беларусамі, было выдадзена больш адмоваў. Новая тэндэнцыя выклікае заклапочанасць праваабаронцаў.
аз