Ці можа суддзя пачаць працу, калі парламент яго абраў, але прэзідэнт не прымае прысягі? У Польшчы гэтае пытанне стала прычынай чарговага абвастрэння канстытуцыйнага крызісу. 14 кастрычніка Мацей Бэрак прынёс прысягу суддзі Канстытуцыйнага суда ў Сейме, у прысутнасці старшыняў абедзвюх палат парламента. Прэзідэнта Караля Наўроцкага на цырымоніі не было. Урад лічыць прысягу законнай, прэзідэнцкі лагер яе не прызнае, а кіраўніцтва Трыбунала не дазваляе Бэраку разглядаць справы.
Гаворка пра орган, які правярае, ці адпавядаюць законы Канстытуцыі Польшчы. Ад яго рашэнняў залежаць і паўнамоцтвы дзяржаўных устаноў, і абарона правоў грамадзян. Трыбунал складаецца з 15 суддзяў: Сейм абірае кожнага на дзевяць гадоў без права паўторнага абрання. Канстытуцыя даручае гэты выбар парламенту. Абавязак прынесці прысягу перад прэзідэнтам замацаваны асобным законам. Менавіта вакол ролі прэзідэнта ў гэтай працэдуры і разгарнулася спрэчка.
Мацей Бэрак, блізкі паплечнік прэм'ера Дональда Туска сцвярджае, што выканаў свой абавязак законным спосабам. Прэс-сакратар урада Адам Шлапка настойвае: прэзідэнт не мае права адхіляць выбар Сейма:
— Усялякія сумневы развеяла рашэнне самога суда, прынятае тады, калі ён працаваў належным чынам. Рашэнне K 34/15. Ясней не скажаш. Гэта пацвердзіла і Венецыянская камісія — спецыяльны орган Рады Еўропы. Камісія пацвердзіла, што дапушчальна прынесці прысягу іншым спосабам пры ўмове захавання яе тэксту. Пасля гэтага прысягу неабходна перадаць прэзідэнту Рэспублікі Польшча такім чынам, каб ён мог азнаёміцца з яе зместам.
Венецыянская камісія — дарадчы орган Рады Еўропы ў пытаннях канстытуцыйнага права. У заключэнні, апублікаваным 13 кастрычніка, яна падтрымала абавязак прэзідэнта Польшчы прымаць прысягу без неапраўданай затрымкі. Калі палітык незаконна адмаўляецца гэта рабіць, камісія лічыць канстытуцыйна апраўданым пачатак працы суддзі без яго ўдзелу. Аднак заключэнне камісіі не мае абавязковай юрыдычнай сілы.
Старшыня Сейма Уладзімеж Чажасты лічыць прысягу Бэрака пачаткам вяртання Канстытуцыйнага суда да нармальнай працы:
— Мы завяршаем этап абароны Канстытуцыйнага суда ў імя інтарэсаў прэзідэнта, ПіС ці іншых палітычных сіл. Канстытуцыйны трыбунал таксама не будзе кіравацца тлумачэннямі прэзідэнта, незалежна ад таго, як яго завуць, бо Канстытуцыйны суд — незалежны орган.
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прытрымліваецца супрацьлеглага меркавання: без належнай прысягі Бэрак, паводле яго, суддзёй не стаў. Прэзідэнт прыехаў у Канстытуцыйны трыбунал і падтрымаў мітынгоўцаў, якія сабраліся каля яго ўваходу:
— Абарона Канстытуцыйнага суда на прававых і, як я разумею, грамадскіх падставах цалкам абгрунтаваная. Канстытуцыя Рэспублікі Польшча і дзяржаўны лад краіны вызначаюць, хто з’яўляецца, а хто не з’яўляецца суддзёй Канстытуцыйнага суда.
Спрэчка выйшла і на вуліцу. Каля будынка суда пратэставалі прыхільнікі прэзідэнта і партыі «Права і справядлівасць» — былой кіроўнай сілы. Яны выступалі супраць суддзяў, якія прынеслі прысягу без Наўроцкага, і заяўлялі пра абарону ўстановы ад спробаў пераняць над ёй кантроль урадам.
Старшыня суда Богдан Свянчкоўскі паведаміў, што пакуль не дазволіць Бэраку разглядаць справы. Кіраўнік прэзідэнцкай канцылярыі Збігнеў Багуцкі назваў цырымонію прысягі Бэрака парушэннем заканадаўства:
— Гэта не мае нічога агульнага з прававой дзяржавай, нічога агульнага з дэмакратыяй. А спадар Бэрак, думаю, пакіне вельмі дрэнны след у гісторыі польскага правасуддзя і Канстытуцыйнага суда. Сумны дзень для Трыбунала, сумны дзень для польскай дэмакратыі.
Сама кандыдатура Мацея Бэрака таксама выклікае спрэчкі. Да абрання ён быў міністрам ва ўрадзе Дональда Туска. Такі пераход крытыкавала нават частка кіроўнай кааліцыі. Прэзідэнцкая канцылярыя сумняваецца, ці пацвердзіў ён неабходны прафесійны стаж; Бэрак сцвярджае, што прадставіў доказы.
Але ці дае гэта прэзідэнту права блакаваць прысягу? Былы старшыня суда Ежы Стэмпень перакананы, што не і нагадвае: суддзя абавязаны прынесці прысягу, а адмова ад яе азначае адмову ад пасады.
— Гэта індывідуальны, самастойны акт суддзі, які прыносіць прысягу перад прэзідэнтам, а насамрэч — перад прадстаўніком народа. Калі б высветлілася, што непрыняцце прэзідэнтам прысягі не дазваляе суддзі пачаць працу, гэта азначала б, што прэзідэнт мае паўнамоцтвы кантраляваць Сейм таксама ў пытанні абрання суддзі.
Цяперашні канфлікт працягвае крызіс, які пачаўся ў 2015 годзе са спрэчкі пра абранне суддзяў, у тым ліку на ўжо занятыя месцы. Прызначаных такім чынам асоб называюць «дублёрамі». Парушэнні пры фармаванні складу Трыбунала канстатаваў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Таму спрэчка датычыць таксама законнасці складу органа, які мусіць абараняць Канстытуцыю.
Канстытуцыяналіст Марэк Хмай прапануе склікаць агульны сход суддзяў. На яго думку, гэта можа зрабіць Ганна Корвін-Пятроўска, якая мае найбольшы судзейскі стаж:
— Яна можа склікаць такі сход, калі пасада старшыні суда вакантная. Верагодна, суддзі прыйдуць да высновы, што абранне спадара Свянчкоўскага адбылося з парушэннем, бо ў агульным сходзе, які вылучаў кандыдатаў на старшыню суда, удзельнічалі дзве асобы, якія не мелі на гэта права і не з’яўляюцца суддзямі, — «дублёры».
Гэта прапанова эксперта, а не ўзгоднены шлях выхаду з крызісу. Сёлета Сейм абраў восем суддзяў — большасць складу суда. Аднак пяцёра, уключаючы Бэрака, прынеслі прысягу без прэзідэнта і не могуць пачаць працу. Палітолаг Шыман Асоўскі бачыць тут палітычны пералом:
— Раней Юлія Пшылэмбска, потым Свянчкоўскі кіравалі Канстытуцыйным суда як вылучэнцы ПіС, то-бок Аб’яднаных правых. Цяпер высвятляецца, што яны губляюць большасць. Прэзідэнт спрабуе перашкодзіць, але прысяга перад старшынёй Сейма ўсё ж адбылася.
Асоўскі мяркуе, што абвастрэнне можа палітычна дапамагчы кіроўнай кааліцыі. Аднак адна прысяга не развязала галоўнай праблемы: хто і як забяспечыць суддзям магчымасць працаваць? Праз сітуацыю вакол суда Наўроцкі нават скасаваў візіт у Славенію 15 кастрычніка. Канфлікт вакол канстытуцыйнага суда зноў вызначае парадак дня ўсёй польскай палітыкі.
iar/pap/эж