Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

НАТА нарошчвае сілы для стрымлівання Расіі ў Арктыцы — шведская экспертка

27.10.2026 10:37
За апошнія гады пагоршылася сітуацыя з бяспекай у Арктыцы. У рэгіёне назіраецца растучая мілітарызацыя і адыход ад кааператыўнай дыпламатыі. Шведская экспертка распавяла пра тое, якія наступствы гэта мае для рэгіянальнай архітэктуры бяспекі.
Аўдыё
  • Шведская экспертка распавяла пра сітуацыю з бяспекай у рэгіёне Арктыкі
      Atlantic Council
Дырэктаркай аддзялення «Паўночнай Еўропы» аналітычнага цэнтру Atlantic Council Ан ВісландэрPolskie radio dla Zagranicy/B.Sudin

Арктыка – гэта рэгіён, які дэманструе тое, як змены ў навакольным асяроддзі памнажаюць геапалітычную напружанасць. Арктыка награваецца прыкладна ў чатыры разы хутчэй, чым рэшта свету. Скарачэнне марскога лёду адкрывае шлях для транзіту і доступу да раней недаступных запасаў крытычна важных карысных выкапняў, што прыводзіць да росту прэтэнзіяў, інтэнсіўнай канкурэнцыі ды варожасці.

За апошнія гады выразна відаць курс на мілітарызацыю Арктыкі, асабліва з боку Расіі, якая за апошняе дзесяцігоддзе аднавіла дзясяткі ваенных баз часоў Халоднай вайны, у тым ліку больш за 40 аэрадромаў, партоў і радарных станцый. Апроч таго Масква нарошчвае гібрыднае ўздзеянне праз сабатаж падводных кабеляў сувязі, энергетычных кабеляў і еўрапейскай нафтавай інфраструктуры ў арктычных водах. Пра тое, што адбываецца з бяспекай у Арктычным рэгіёне, мы паразмаўлялі са шведскай паліталагіняй, дырэктаркай аддзялення «Паўночнай Еўропы» аналітычнага цэнтру Atlantic Council Ан Вісландэр.

— Безумоўна, мы назіраем узмацненне ваеннай прысутнасці ў Арктыцы. Яшчэ 15 гадоў таму шмат гаварылі пра канцэпцыю «высокай Поўначы» — рэгіёну з нізкім узроўнем напружанасці і асаблівым статусам. Аднак у 2011 годзе Расія пачала мадэрнізацыю сваіх узброеных сіл, аднаўленне старых баз у Арктыцы, а таксама абнаўленне флоту і сістэм узбраення. Дадаткова вайна ва Украіне паўплывала на сітуацыю ў Арктыцы. Акрамя таго, у рэгіёне актывізаваўся Кітай — пераважна ў сферы навуковых даследаванняў і праз дэклараванне сваіх амбіцыяў. На фоне агульнага пагаршэння сітуацыі ў Еўропе — у прыватнасці, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе — стала відавочнай неабходнасць узмацнення прысутнасці ў Арктыцы, у тым ліку з боку НАТА. Сярод васьмі арктычных дзяржаў Расія — толькі адна; астатнія ж краіны (уключаючы Швецыю і Фінляндыю, якія далучыліся да Альянсу) з'яўляюцца членамі НАТА. Гэта азначае, што Альянс цяпер больш шырока прадстаўлены на Поўначы. Гэта тычыцца як Паўночнай Атлантыкі — дзе фіксаваліся дыверсіі на кабельных лініях, іншыя інцыдэнты і актыўнае выкарыстанне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, — так і паўночнага рэгіёну ў цэлым. Тут НАТА размяшчае перадавыя сухапутныя сілы для стрымлівання: адпаведная групоўка знаходзіцца ў фінскім Раваніемі, а кіруе ёю Швецыя. Варта адзначыць, што Расія размяшчае значную частку свайго стратэгічнага патэнцыялу – сродкаў для нанясення ўдару ў адказ — на базах на Кольскім паўвостраве. Гэтыя сілы прызначаны не столькі для дзеянняў непасрэдна ў Арктыцы, колькі для прымянення ў глабальным маштабе. Існуе таксама рызыка, што ў пэўны момант Расія можа паспрабаваць пашырыць сваю «бастыённую абарону», выкарыстоўваючы для гэтага тэрыторыі суседніх краін — напрыклад, Нарвегіі, Фінляндыі ці Швецыі.

Ці ёсць адзінства ў стаўленні да дзеянняў Расіі, якую ўсе скандынаўскія краіны разглядаюць як пагрозу?

— Мы бачым больш вучэнняў, больш пускаў ракет, у тым ліку выпрабавальных запускаў узбраенняў, больш выпадкаў стварэння перашкод для радыёэлектронных сродкаў, а таксама значна больш сігналаў, якімі абменьваюцца краіны. Аднак я б сказала, што з боку Расіі пакуль няма непасрэднай пагрозы. Хутчэй, існуе неабходнасць быць гатовымі і мець магчымасць стрымліваць Расію ў выпадку, калі ўзнікне такая сітуацыя і спатрэбіцца прыняць меры.

У апошнія гады відаць ўмацаванне супрацы паміж Расіяй ды Кітаем. Як Еўропа ацэньвае змяняючы характар кітайска-расійскага супрацоўніцтва ў рэгіёне? Якія аспекты гэтага супрацоўніцтва выклікаюць асаблівую заклапочанасць з пункту гледжання еўрапейскіх інтарэсаў бяспекі?

— Мы прыглядаемся да гэтага з увагай. Менавіта таму мы павінны быць актыўныя ды прысутныя ў рэгіёне. Яны праводзілі сумесныя ваенныя патруляванні і вучэнні — хаця і не ў вялікіх маштабах, але ўсё ж такі гэта адбывалася ў некаторых раёнах Арктыкі. Тут існуюць значныя эканамічныя інтарэсы: Кітай цяпер закупляе большую частку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), які Расія здабывае ў Арктыцы. Такім чынам, агульная тэндэнцыя — усё большая эканамічная залежнасць Расіі ад Кітая — распаўсюджваецца і на арктычныя рэсурсы ў гэтым рэгіёне. Акрамя таго, Кітай праяўляе ўсё большы інтарэс да Паўночнага марскога шляху, частка якога праходзіць праз тэрытарыяльныя воды Расіі, што патрабуе ад іх супрацоўніцтва. Мы таксама бачым, што Кітай будуе атамныя ледаколы, інвестуе ў спадарожнікі і ў цэлым вельмі зацікаўлены ў выкарыстанні арктычных гандлёвых шляхоў, каб скараціць час і выдаткі на перавозкі. Таму, на мой погляд, цяпер галоўнае — усведамленне сітуацыі: разуменне таго, у якіх сферах яны супрацоўнічаюць, і назіранне за тым, як гэта развіваецца. Ніякага непасрэднага ўмяшання ў гэтым плане пакуль няма.

Ці можаце вы растлумачыць сітуацыю вакол Грэнландыі? Чаму яна настолькі важная? Акрамя таго, ці рэальны, на вашу думу, альянсу паміж ЕС, Канадай і ЗША, накіраваны на абмежаванне расійска-кітайскага супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне?

— Што тычыцца Грэнландыі... Прэзідэнт Трамп згадваў пра кітайскія і расійскія ваенныя караблі непасрэдна каля Грэнландыі. Насамрэч, такога не назіралася. Мяркую, што тут не было нейкай неадкладнай праблемы. Гаворка ідзе хутчэй пра агульную прысутнасць вялікіх дзяржаў у Арктыцы ў розных сферах — гэта пытанне, якое нам неабходна вырашаць. Акрамя таго, Злучаныя Штаты праяўлялі цікавасць да Грэнландыі ў кантэксце ўласнай глабальнай сістэмы абароны, у тым ліку ад стратэгічнай пагрозы з боку Расіі. Але, на мой погляд, пытанне Грэнландыі было, па сутнасці, вырашана дзякуючы ініцыятыве пад назвай «Арктычны вартавы» (Arctic Sentry): мы інтэгравалі патрэбу ў інвестыцыях у бяспеку Арктыкі ў структуру НАТА. Такім чынам, «Арктычны вартавы» — гэта канцэптуальная база, якая абʼядноўвае рэсурсы, магчымасці і вучэнні розных саюзнікаў.

Можаце больш распавесці пра гэтую ініцыятыву, хто ў ёй ўдзельнічае?

— На дадзены момант, у рамках згаданай ініцыятывы ладзяцца палёты шведскіх рэактыўных знішчальнікаў над Грэнландыяй для абароны яе паветранай прасторы, альбо вучэнні з удзелам розных караблёў, падводных лодак і іншых сродкаў абароны. Гэтую дзейнасць можна пашырыць аж да канадскага Арктычнага рэгіёну. Можна абʼяднаць Крайнюю Поўнач, канадскую Арктыку і Аляску ў адзіную сетку з дапамогай датчыкаў, каб атрымліваць больш поўныя дадзеныя пра тое, што там адбываецца. Для гэтага таксама можна выкарыстоўваць новыя тэхналогіі — напрыклад, беспілотныя сістэмы і дроны, — што дазволіць лепш кантраляваць сітуацыю. Акрамя таго, можна ўдасканаліць сродкі супрацьдзеяння падводным лодкам. Адзін з важных для НАТА аспектаў — не дапускаць праходу расійскіх падводных лодак праз праход паміж Грэнландыяй, Ісландыяй і Вялікабрытаніяй (так званы «рубеж GIUK»), каб яны не змаглі сарваць дастаўку падмацаванняў ці перарэзаць марскія камунікацыі ў Паўночнай Атлантыцы. Думаю, у гэтай сферы таксама можна наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва паміж усімі ўцягнутымі бакамі.

Аналітыкі ўсё часцей сцвярджаюць, што арктычнае стрымліванне больш не можа абапірацца ў першую чаргу на сканцэнтраваныя, стацыянарныя ваенныя базы. Прыведзены вамі прыклад, сведчыць пра тое, што распрацоўваецца больш мабільная архітэктура абароны і бяспекі для вырашэння праблем Арктыкі, так?

— Безумоўна. Арктыка — гэта велізарная тэрыторыя, вельмі слаба заселеная, дзе большую частку года пануе цемра і холад, а дзейнічаць надзвычай складана. Таму, хоць і можна, вядома, у пэўнай ступені размяшчаць там стацыянарныя абʼекты, перавагу ўсё ж варта аддаваць мабільным сродкам, здольным ахопліваць шырокія прасторы і працаваць менавіта там, дзе яны патрэбныя ў канкрэтны момант. Такім чынам, я лічу, што з зʼяўленнем новых тэхналогіяў адкрыюцца і новыя магчымасці для сумеснага развіцця гэтага напрамку ў межах Альянсу — на карысць бяспекі ў рэгіёне.

Ці ўздзеянне на грамадства можа быць часткай пытання бяспекі? За апошнія гады расіяне ўдасканалілі менавіта такі падыход. Яны выкарыстоўвалі нелегальных мігрантаў, як інструмент ціску, ладзяць кампаніі па дэзінфармацыі, выкарыстоўваюць НДА ды царкву для ўздзеяння на грамадства, напрыклад РПЦ. Ці ў скандынаўскіх краінах ёсць разуменне, як адказваць на такія пагрозы?

— Я лічу, што тут важна, каб сярод людзей была ўстойлівасць на маніпуляцый. Неабходна даносіць да іх факты: чаму Расія ўяўляе пагрозу, што можа адбыцца і чаму менавіта. Возьмем, напрыклад, інвестыцыі ў інфраструктуру на поўначы, якія закранаюць мясцовыя супольнасці, карэнныя народы і гэтак далей. У такіх сітуацыях вельмі важна весці прамы дыялог: уладам варта ўзаемадзейнічаць непасрэдна з грамадзянскай супольнасцю — запрашаць яе да размовы, дазваляць задаваць пытанні і весці дыскусію. Гэта дапаможа перадухіліць уздзеянне дэзынфармацыі і іншых негатыўных з’яваў, якія ўзнікаюць ва ўмовах нявызначанасці наконт таго, што менавіта робяць (ці не робяць) улады.

Ці ёсць такая ўстойлівасць, ці ўсведамляюць людзі расійскую пагрозу?

— Думаю, што ёсць добрае разуменне. У Швецыі, напрыклад, існуе спецыяльная ўстанова – Агенцтва па псіхалагічнай абароне. Яно праводзіць даволі шмат мерапрыемстваў па інфармаванні грамадскасці. Сродкі масавай інфармацыі таксама надаюць значную ўвагу падобнай дзейнасці. Акрамя таго, у нас назіраецца пэўны скептыцызм у адносінах да Расіі — магчыма, гістарычна абумоўлены, таму, калі людзі адчуюць, што крыніцай такой інфармацыі, кампаній ці іншых дзеянняў зʼяўляецца Расія, яны паставяцца да гэтага адпаведна.

Але, расіяне ідуць часта на хітрыкі, напрыклад у Польшчы, яны не дзейнічаюць наўпрост, каб сфармаваць негатыўнае стаўленне да ўкраінцаў, але імкнуцца правесці вельмі хітрую псіхалагічную кампанію ў сацыяльных сетках для маніпулявання жанчынамі, разлічаную на некалькі гадоў.

— Так, я ўпэўнена, што яны ўвесь час спрабуюць. Пакуль што ў нас наступствы не такія, як можна назіраць у некаторых іншых краінах. Дакладна не ведаю чаму. Магчыма, справа ў тым, што мы вядзём актыўную камунікацыю з нашымі грамадзянамі па гэтых пытаннях. Сродкі масавай інфармацыі таксама шмат расказваюць пра вайну ва Украіне, пра тое, што там адбываецца і як дзейнічаюць расіяне. Вядома, мы не застрахаваныя ад усяго. Спробы ёсць, як і пэўныя наступствы, але, бадай, не ў такой ступені, як у некаторых іншых еўрапейскіх краінах.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч