Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Уроцлаўскі Калегіум Усходняй Еўропы адзначае 25-годдзе. «Народы нашага рэгіёну мацнейшыя разам»

27.10.2026 16:17
Пачатак Калегіуму дала простая думка: калі палякі і немцы здолелі стварыць месца для прымірэння, падобная прастора патрэбная і ўсходнім суседзям Польшчы.
Аўдыё
  • Уроцлаўскі Калегіум Усходняй Еўропы адзначае 25-годдзе: «Народы нашага рэгіёну мацнейшыя разам»
 -
Ян Новак-ЕзяранскіFoto: NAC

Дваццаць пяць гадоў таму ва Уроцлаве паўстаў Калегіум Усходняй Еўропы — месца дыялогу Польшчы з усходнімі суседзямі. Яго заснавальнік Ян Новак-Езяранскі верыў: каб паразумецца, трэба ведаць адно аднаго — чытаць кнігі суседзяў, разумець іх мінулае, сустракацца і размаўляць.

Сёння Фундацыя імя Яна-Новака Езяранскага выдае літаратуру, ладзіць дыскусіі і падтрымлівае сувязі паміж грамадствамі рэгіёна. Пра тое, што трымае іх разам, чаму культура асабліва патрэбная ў несвабодзе і якое месца ў гэтай супольнасці займаюць беларусы, гаворым з кіраўніком Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынасам Вайчунасам.

Пачатак Калегіуму дала простая думка: калі палякі і немцы здолелі стварыць месца для прымірэння, падобная прастора патрэбная і ўсходнім суседзям Польшчы. За гэтай задумай стаяў асабісты досвед Новака-Езяранскага — кур’ера ваеннага падполля і голаса свабоднай Польшчы ў эміграцыі.

— Ян Новак-Езяранскі быў героем Другой сусветнай вайны, знакамітым «кур’ерам з Варшавы»: перадаваў звесткі ад падполля польскаму ўраду ў выгнанні ў Лондане. Пасля шмат гадоў узначальваў польскую рэдакцыю Радыё Свабодная Еўропа ў Мюнхене. Нават выйшаўшы на пенсію — толькі паводле ўзросту, — актыўна дамагаўся далучэння Польшчы да Еўрасаюза і НАТА.

Пасля смерці жонкі ён вярнуўся ў Польшчу, падарожнічаў па краіне і трапіў у Кшыжовую каля Свідніцы. Убачыў месца сустрэч польскай і нямецкай моладзі, прыклад прымірэння, і спытаў: чаму няма чагосьці падобнага для стасункаў з Усходняй Еўропай? Найперш думаў пра ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў, менш — пра расіян ды іншыя народы рэгіёна.

Разам з Анджэем Дамброўскім, шматгадовым старшынёй, а цяпер намеснікам старшыні Калегіума, яны задумалі дом сустрэч. Палякі пазнавалі б культуры ўсходніх суседзяў, а ўкраінцы, беларусы і літоўцы — польскі досвед пераўтварэнняў і польскі погляд на XX стагоддзе.

Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады, грамадскія арганізацыі і Нацыянальны інстытут імя Асалінскіх. Але важна было стварыць менавіта грамадзянскую ўстанову — саміх грамадзян для грамадзян. Устаноўчы акт падпісалі ва ўроцлаўскай ратушы.

Польшча тады была іншай: менш заможнай і разнастайнай, затое поўнай аптымізму. Украінцаў і беларусаў тут жыло значна менш. Жалезная заслона раздзяляла не толькі Усход і Захад, але і краіны ўсходняга блока. Да суседзяў даходзіла пераважна дазволеная культура. У памяці і стасунках палякаў з украінцамі, беларусамі ды літоўцамі заставаліся вялізныя белыя плямы. Дзеля іх пераадолення і заснавалі Калегіум, які пасля смерці Новака-Езяранскага атрымаў яго імя.

Лаўрынас Вайчунас таксама гаворыць пра супольнасць без геаграфічных межаў, але з выразнай асновай — імкненню да свабоды і дэмакратыі. Таму падтрымка беларусаў для Калегіума непарыўная з яго місіяй, а досвед эміграцыі дапамагае зразумець, што рабіць, калі палітычнае дзеянне абмежаванае.

— Гэта аснова: супольнасць свабодных людзей. Мы верым, што яе можна пабудаваць. Часам узнікае спакуса думаць: кожны больш зробіць у сваёй краіне. Падчас вайны і ў Польшчы, і ва Украіне гучыць: толькі мы маем рацыю, толькі самі сябе абаронім. А мы перакананыя, што разам мацнейшыя — як дэмакратычная супольнасць грамадзян.

Для беларусаў гэта значна большы выклік, чым для ўкраінцаў, літоўцаў ці палякаў. Мы вельмі салідарныя з беларусамі, падтрымліваем сувязі найперш з дэмакратычнай эміграцыяй і дыяспарай. Верым, што перамога Украіны можа паспрыяць змене рэжыму Лукашэнкі і дапамагчы ўсяму рэгіёну будаваць супольнасць свабодных людзей. Бо гэта магчыма толькі ў дэмакратычных краінах.

Мы не збіраемся праводзіць рысу: тут Еўропа, а далей ужо не. Гаворка пра павагу да традыцый і каштоўнасцяў, якіх нікому не навязваем. Літва, Польшча, Украіна і Беларусь маюць у сваёй гісторыі традыцыю свабоды і незалежнасці. Яе трэба аднаўляць і развіваць дзеля ўсіх нас.

Ці ў цяперашніх рэаліях, калі, гістарычныя спрэчкі кепска ўплываюць на польска-украінскія адносіны, а рэжым Лукашэнкі малюе з Польшчы аднанго ў галоўных ворагаў, якое значэнне дла гэтых народаў мае спадчына сёння Ежы Гедройця і Новака-Езяранскага?

— Я б усё ж размяжоўваў гэтыя біяграфіі. Абодва шмат зрабілі ў эміграцыі. Гедройць, парыжская «Культура», Літаратурны інстытут пакінулі велізарную спадчыну. Сам выбар назвы «Культура» для палітычнага часопіса ў выгнанні паказвае шлях: калі палітычныя магчымасці абмежаваныя, трэба развіваць культуру. Яна дазваляе захаваць грамадзянскую і палітычную супольнасць. Вялікая заслуга Гедройця — і прызнанне ўсходніх межаў Польшчы.

У нас ёсць карціна з Багданам Асадчуком, Ежы Гедройцем, Янам Новакам-Езяранскім і Чэславам Мілашам. У жыцці яны ніколі не збіраліся ўчатырох, але ўсе надзвычай паўплывалі на наш рэгіён.
Мы пераймаем гэты досвед: выдаём кнігі, пераклады, ствараем прастору культурнага супрацоўніцтва. Нам блізкая ідэя Польшчы, моцнай у ЕС і NATO, якая дбае пра спадчыну шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай. Унутраныя сваркі і палярызацыя шкодзяць не толькі ёй, але і суседзям. Спадчына эміграцыі паказвае: нават у найцямнейшыя часы нараджаюцца ідэі, якія праз гады становяцца рэальнасцю.

Задуманы як дом сустрэч, Калегіум стаў таксама месцам сустрэчы ідэй. Яго штодзённая праца — даваць слова аўтарам рэгіёна і знаходзіць для іх чытачоў.

— Ян Новак-Езяранскі захапляўся дамамі сустрэч моладзі. Уяўляў басейн, корты, дзяцей з розных краін, якія адпачываюць і сябруюць. Цяпер ёсць Erasmus ды іншыя праграмы абмену. Мы больш засяроджаныя на ідэях: выдавецтве, аналітыцы і асвеце.

Выдаём польскамоўную «Nowa Europa Wschodnia» і англамоўны «New Eastern Europe», які прадаецца больш як у 40 краінах. Першы захоўвае разнастайнасць тэм і поглядаў, не зводзіць размову да гістарычных спрэчак. Другі адкрывае рэгіён міжнароднай аўдыторыі.

Мы таксама адзін з заўважных выдаўцоў беларускай, украінскай і літоўскай літаратуры ў Польшчы. Праз кнігі ствараем агульную прастору ідэй. Ладзім семінары, публічныя сустрэчы, канферэнцыю «Польская ўсходняя палітыка», якая сёлета пройдзе 26–28 кастрычніка. Больш за 20 гадоў яна збірае людзей, якія займаюцца рэгіёнам. Яднаць у Польшчы тых, хто цікавіцца Усходняй Еўропай, — таксама наша місія.

слухайце аўдыёфайл

эж