Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Перамены пачынаюцца з Канстытуцыі: польскія і беларускія эксперты абмяркоўваюць шляхі да новай Беларусі

03.11.2026 15:23
Якой павінна быць Канстытуцыя дэмакратычнай Беларусі? Прэзідэнцкай ці парламенцкай, новай ці папраўленай з 1994 года?
Аўдыё
         Free Belarus Journal
Дыскусія аб канстытуцыі падчас прэзентацыі другога нумара навуковага часопіса Free Belarus Journal Polskie radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

Гэтыя ды іншыя пытанні гучалі 29 кастрычніка ў Беларускім доме ў Варшаве, дзе прайшла прэзентацыя другога нумара навуковага часопісу Free Belarus Journal, прысвечанага тэме «Якая Канстытуцыя патрэбная новай Беларусі».

Доўгія гады ў Беларусі не сціхаюць дыскусіі пра тое, ці адбылося вяртанне да аўтарытарызму ў Беларусі з-за недасканаласці Канстытуцыі 1994-га года, якая ўвяла інстытут прэзідэнта. Такую думку выказаў адзін з лідараў беларускай апазіцыі ў выгнанні Зянон Пазняк, які на днях распавёў, што ў праекце Канстытуцыі планавалася пакінуць Беларусь парламенцкай рэспублікай, але пад ціскам тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча ў тэкст дакумента дадалі блок пра пасаду прэзідэнта.

Беларуская канстытуцыя была падобнай да іншых у Цэнтральнай Еўропе на той момант, ёй не хапіла збалансаванасці, кажа палітолаг з універсітэту Яна Выжыкоўскага Рафал Чахар.

— Я б не пагадзіўся, што тая Канстытуцыя была мінай, бо палітычныя рашэнні, прынятыя ў той час, адпавядалі стандартам еўрапейскіх краін. Аднак не змаглі прадбачыць іншы момант, бо, напэўна, немагчыма было прадбачыць сітуацыю, у якой мы маем справу са злоўжываннем уладай. Паколькі не было эфектыўных механізмаў прадухілення такой сітуацыі, у 1996 годзе адбыўся проста разрыў з папярэдняй сістэмай, якая была нядоўгай, усяго два гады існавання, і адбыўся пераход да мадэлі, якая дзейнічае ў Беларусі па сённяшні дзень.

Менавіта таму цяпер для Беларусі важна ўздымаць пытанне пра новы праект Канстытуцыі. Справа ў тым, каб новая беларуская дзяржава гарантавала падзел уладаў, абарону правоў чалавека і не дапусціла вяртання да аўтарытарызму. Гэта рэалізацыя ідэі Аляксандра Мілінкевіча пра дыялог, які вельмі патрэбны беларусам, перакананая канцлер Вольнага Беларускага Ўніверсытэту (ВБЎ) Іна Кулей.

— Калісьці Free Belarus Journal быў задуманы Аляксандрам Мілінкевічам разам з амбасадарам Марыюшам Машкевічам. Гэта проста цудоўная ідэя, таму што гэта запрашэнне да дыялогу, запрашэнне асэнаваць якой мы хочам бачыць Беларусь, да якой імкнёмся. Гэта павінна быць незалежная і дэмакратычная Беларусь.

Сярод беларусаў, у тым ліку за мяжой, ёсць зацікаўленасць такімі важнымі пытаннямі, як Канстытуцыя, кажа заснавальнік ды рэдактара парталу «Нехта» Сцяпан Пуціла.

— Гэта вельмі важныя тэмы: як будзе выглядаць будучыня Беларусі, Канстытуцыя, медыі, культура. Гэта вельмі важныя пытанні, яны цікавяць людзей, і мы бачым, што ёсць попыт на глыбокі кантэнт.

Канстытуцыйнаму ладу і прынцыпам, на якіх павінен будавацца новы Асноўны закон для Беларусі прысвечаны другі нумар часопіса Free Belarus Journal, галоўным рэдактарам якога зʼяўляецца вядомы польскі дыпламат Марыюш Машкевіч. Разам з новай канстытуцыяй трэба казаць пра важнасць еўрапейскай перспектывы для Беларусі, перакананы адмысловец.

— Такія ўнутраныя беларускія дыскусіі маюць важнае значэнне. Нам вельмі важна стварыць экспертна-акадэмічную платформу, якая дасць інтэлектуальныя інструменты для разгляду ўсіх пытанняў, якія стаяць перад Беларуссю. Са свайго боку, я перш за ўсё падтрымліваю еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Гэта тэма, якую мы з Аляксандрам Мілінкевічам уздымалі падчас яго прэзідэнцкай кампаніі. У 2009 годзе мы апублікавалі кнігу, у якой сцвярджалі, што месца Беларусі — у Еўропе. Другое важнае пытанне — суверэнітэт Беларусі. Я асабліва падкрэсліваю неабходнасць адмовіцца ад так званага геапалітычнага падыходу. Я лічу, што там знікае чалавечая, гуманістычная і ў пэўным сэнсе еўрапейская перспектыва. Узнікае схаваны сталінскі праект, які вяртае нас у часы Савецкага Саюзу.

Ці не зʼяўляюцца марнымі сённяшнія дыскусіі сярод апазіцыі пра Канстытуцыю? Асноўны закон — гэта пэўны баланс палітычных сіл, партый, якія прысутнічаюць у парламенце ў канкрэтны момант. Сёння мы не ведаем, што зменіцца, якія прыйдуць сілы да ўлады? З такім пытаннем мы звярнуліся да польскага эксперта палітолага Рафала Чахара.

— Я не хачу ацэньваць, што стане ў будучыні, але сам працэс, інтэлектуальныя разважанні і праца над новай сістэмай у Беларусі, безумоўна, карысная сама па сабе. Калі апазіцыя хоча нешта прапанаваць грамадству, яна павінна прадставіць пакет канкрэтных прапаноў, у тым ліку і сістэмныя рашэнні. Менавіта гэта адбываецца зараз, калі распрацоўваецца не толькі гэтая Канстытуцыя, але і асобныя законы, таму што на самой справе дасягненні дэмакратычнай Камісіі шырэйшыя; гэта не толькі Канстытуцыя, але і шэраг законаў, якія ўжо знаходзяцца на прасунутай стадыі распрацоўкі.

Вольны Беларускі Ўніверсытэт разам з Nexta і рэдакцыяй Free Belarus Journal разам падрыхтавалі другі нумар гэтага часопіса, які прысвечаны абмеркаванню пытанняў і выклікаў звязаных з Асноўным законам для беларускай дзяржавы.

Free Belarus Journal — навукова-аналітычны праект Вольнага беларускага ўніверсітэту, які аб’ядноўвае беларускіх і замежных даследчыкаў для асэнсавання сучасных выклікаў і пошуку шляхоў дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Юры Ліхтаровіч