Дэмакратычная партыя атрымала большасць у абедзвюх палатах Кангрэса ЗША на найбліжэйшыя два гады. На прамежкавых выбарах у аўторак, 3 лістапада, дэмакраты адабралі ў рэспубліканцаў шэсць месцаў у Сенаце. Сярод штатаў, дзе яны перамаглі, — традыцыйна рэспубліканскія Тэхас і Паўднёвая Караліна.
Рэспубліканцы яшчэ могуць перамагчы ў асобных акругах, якія традыцыйна галасуюць за дэмакратаў. Аднак, паводле прагнозаў, дэмакраты ўжо забяспечылі сабе дастаткова мандатаў, каб узяць пад кантроль верхнюю палату Кангрэса.
Аглядальнікі расцэньваюць вынікі выбараў як сур’ёзны ўдар па прэзідэнце ЗША Дональдзе Трампе і ягонай Рэспубліканскай партыі. Падчас галасавання выбарцы выказалі незадаволенасць высокімі цэнамі і вайной з Іранам, а таксама занепакоенасць карупцыяй ва ўладзе. Дэмакраты перамагалі па ўсёй краіне, у тым ліку ў штатах, дзе ў 2024 годзе Трамп апярэдзіў суперніцу больш як на дзесяць працэнтных пунктаў. Сярод традыцыйна кансерватыўных штатаў, дзе дэмакраты атрымалі месцы ў Сенаце, — Аёва, Агая, Паўночная і Паўднёвая Караліна.
У тэлефонным інтэрв’ю Fox News Дональд Трамп заявіў, што не лічыць паразу рэспубліканцаў «ударам па сабе». Паводле гаспадара Белага дома, вынік хутчэй звязаны з самімі кандыдатамі. Пры гэтым Трампа прызнаў вынікі выбараў, павіншаваўшы апанентаў з перамогай і адзначыў, што дэмакраты «добра папрацавалі» і «зацята змагаліся».
Трамп таксама сказаў, што не збіраецца мяняць склад урада і гатовы супрацоўнічаць з дэмакратамі ў многіх пытаннях. Адначасова ён паабяцаў накладаць вета на законапраекты дэмакратаў, якія лічыць «шалёнымі».
— Права вета — адно з наймацнейшых паўнамоцтваў прэзідэнта. Калі яны будуць дасылаць шалёныя прапановы, я буду накладаць на іх вета. Пасля некалькіх месяцаў такіх вета яны спытаюць, як можна дамовіцца, і тады мы пачнём супрацоўнічаць. У мяне шмат сяброў сярод дэмакратаў. Мне ўжо патэлефанавалі чатыры ўплывовыя прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі. Відаць, яны хочуць размаўляць.
Раней Трамп апублікаваў у сваёй сацсетцы Truth Social выяву чырвонай кепкі з надпісам Veto. Аглядальнікі ўспрынялі публікацыю як папярэджанне, што прэзідэнт ЗША мае намер блакаваць законапраекты, падрыхтаваныя дэмакратамі ў Кангрэсе. Сам Трамп сказаў, што вынікі яго здзівілі, і прызнаў, што на іх паўплывала вайна з Іранам. На яго думку, выбарцы «не былі гатовыя да кароткатэрміновых наступстваў для цэн на бензін».
Прафесар Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані, амерыканіст Радаслаў Фідлер лічыць, што вынікі прамежкавых выбараў паказалі, наколькі выбарцы незадаволеныя палітыкай Трампа.
— Тут спрацавалі некалькі фактараў. Перадусім гэта вайна з Іранам, дарагоўля, карупцыя, мыты, хаос і тое, што прэзідэнт Трамп адарваўся ад патрэб сваіх выбарцаў.
На думку Фідлера, пасля паразы Рэспубліканская партыя можа пачаць шукаць новы курс і новага лідара ці некалькіх лідараў.
— Гэта ўжо не хваля, а фактычна цунамі і вельмі сур’ёзны сігнал для рэспубліканцаў, для трампізму. Вынік паказвае Рэспубліканскай партыі, што з Трампам яна далёка не заедзе.
Поспех дэмакратаў Фідлер тлумачыць тым, што ім удалося аб’яднаць людзей з рознымі поглядамі і мабілізаваць у тым ліку кансерватыўных выбарцаў.
Польскі амерыканіст з Сілезскага ўніверсітэта (Катавіцы) Марцін Сарнэк таксама звязвае атрыманне большасці дэмакратамі ў абедзвюх палатах з незадаволенасцю палітыкай Трампа і тым, што цэны на паліва застаюцца высокімі. Палітолаг, аднак, сказаў, што вынікі прамежкавых выбараў яго не здзівілі.
— Гэтыя вынікі азначаюць, напрыклад, што Кангрэс зможа значна больш пільна кантраляваць бюджэт. Гэта, бадай, самае важнае. Кангрэс таксама зможа адхіляць законапраекты, якія прапануе адміністрацыя Трампа. Але прэзідэнт Трамп ужо заяўляе, што таксама будзе адхіляць любыя заканадаўчыя прапановы Кангрэса, і ўжо назваў сябе будучым «панам Вета».
Паводле Сарнэка, змены ў Кангрэсе можа адчуць і Польшча, у прыватнасці праз рашэнні аб падтрымцы Украіны.
— Для Польшчы таксама будзе вельмі важна, наколькі гэтыя выбары паўплываюць на магчымае павелічэнне ці скарачэнне дапамогі Украіне. На жаль, адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Дэмакраты, імаверна, захочуць крыху спрасціць фінансаванне гэтай дапамогі, але, на жаль, для іх гэта не першачарговае пытанне.
Першай задачай дэмакратаў у Кангрэсе, на думку Сарнэка, будзе паспрабаваць палегчыць жыццё найменш забяспечаным жыхарам ЗША.
Што вынікі выбараў могуць азначаць для Польшчы
Прэс-сакратар прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага Рафал Ляськевіч лічыць, што перамога дэмакратаў на прамежкавых выбарах не пагоршыць адносін Варшавы з Дональдам Трампам. У Леськевіча спыталі пра магчымасць стварэння ў Польшчы пастаяннай базы амерыканскіх войскаў. Ляськевіч падкрэсліў, што ў гэтым і іншых важных для Польшчы пытаннях апошняе слова ў любым выпадку застаенцца за прэзідэнтам ЗША.
— Ацэнка магчымасці стварыць у Польшчы амерыканскую базу, пастаянную амерыканскую базу, дарэчы, яшчэ працягваецца. Яна мае завяршыцца да канца лістапада, а на пачатку снежня чакаецца рашэнне. Яго прыме не Кангрэс, а непасрэдна прэзідэнт Злучаных Штатаў.
На базе маглі б размясціцца каля пяці тысяч вайскоўцаў, а разам з сем’ямі — каля 15 тысяч чалавек. Праект прадугледжвае склады ўзбраення, аб’екты для захоўвання і забеспячэння палівам, камандныя будынкі, трэнажоры і палігоны. Для вайскоўцаў і іх сем’яў плануюць пабудаваць жыллё, школы, дзіцячыя садкі і бальніцу. Арыенціровачны кошт будаўніцтва — 20 мільярдаў злотых.
Прэс-сакратар партыі «Левіца», якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, Лукаш Міхнік вітаў перамогу дэмакратаў, якія, паводле прагнозаў, атрымаюць большасць у Сенаце і Палаце прадстаўнікоў. Палітык перакананы, што абмежаванне ўлады Трампа стане станоўчым вынікам прамежкавых выбараў.
— Перад гэтымі выбарамі Дональд Трамп заклікаў выбарцаў галасаваць так, нібыта яны бачаць ягонае прозвішча ў бюлетэні. Відаць, яны так і прагаласавалі і заадно далі зразумець, што думаюць пра Дональда Трампа. Вельмі добра, што гэтую неабмежаваную ўладу Дональда Трампа абмяжуюць, бо ён не з’яўляецца і ніколі не быў прэзідэнтам, прыязным да Польшчы. Ён увёў мыты супраць Польшчы і Еўропы. Ён зняў санкцыі з Расіі, аднавіў гандаль з ёю дызельным палівам і абвінавачваў Украіну ў тым, што яна развязала вайну з Расіяй.
Падлік галасоў яшчэ працягваецца. Прэзідэнт ЗША Дональ Трамп адхіляе меркаванне, што выбары сталі ацэнкай ягонага прэзідэнцтва, але заявіў, што не будзе аспрэчваць іх вынікаў.
iar/pap/эж