На кракаўскім фестывалі «Культура ў выгнанні» Беларуская служба Польскага радыё спытала ў праваабаронцы, чаму ён вырашыў перадаць кіраўніцтва «Вясной» і што могуць зрабіць для Беларусі тыя, каго вымусілі з’ехаць. А яшчэ пагаварылі пра тое, чаму цяперашняя сітуацыя ў рэгіёне нагадвае яму 1984-ы і якіх змен ён чакае ў самой Беларусі.
Вы абвясцілі, што неўзабаве пакінеце пасаду старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна». Чаму вы прынялі такое рашэнне і чым збіраецеся займацца пасля?
— Я ж не абвяшчаў, што сыходжу з «Вясны». Я яшчэ застаюся старшынёй праваабарончага цэнтра «Вясна», але на чарговым сходзе складу з сябе паўнамоцтвы. Больш за 30 гадоў я ўжо старшыня. І хоць частку гэтага часу я правёў у турме і не мог выконваць старшынёўскія абавязкі, маральная адказнасць усё роўна заставалася за мной.
Усяму свой час. Вырасла новае пакаленне праваабаронцаў. Гэта мае найлепшыя сябры, з якімі я працаваў не адзін год. Ёсць дастаткова шмат дасведчаных праваабаронцаў, якія змогуць павесці арганізацыю далей. А я застаюся ў «Вясне». Можа быць, як сябра рады, а можа, проста як сябра арганізацыі. Гэта ўжо не так істотна.
Я адчуваю маральную адказнасць за тое, каб арганізацыя і далей ішла да стратэгічных мэт, якія мы вызначылі за гэты час, і працягвала праграмы, якія цяпер паспяхова вядзе на карысць усёй Беларусі і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Не толькі на карысць тых, хто з’ехаў, але і на карысць той Беларусі, якая цяпер у самой Беларусі. «Вясна» адыгрывае ўнікальную, важную ролю ў беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта частка і беларускага, і міжнароднага праваабарончага руху. Таму я з «Вясной», і «Вясна» са мной.
Іншая справа, што як нобелеўскі лаўрэат я цяпер працую не толькі дзеля Беларусі і клапачуся не толькі пра яе. Да мяне звяртаюцца і калегі-праваабаронцы, і былыя палітвязні з усяго свету. Я сам быў палітвязнем, таму цяпер маю поўнае права быць голасам палітвязняў усіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўсім свеце. Гэтым і буду займацца найбліжэйшым часам.
Плюс пытанне міратворчасці. Зноў жа, гэтае пытанне шырэйшае за Беларусь. Што да вайны і тэрору, якія Расія цяпер вядзе супраць Украіны, я буду прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб людзі не стамляліся ад гэтай сітуацыі і працягвалі супраціўляцца аўтарытарызму і таталітарызму, якія цяпер спрабуюць сілай зброі зламаць Украіну.
Яшчэ адно пытанне — салідарнасць грамадскіх арганізацый, як беларускіх, так і іншых дэмакратычных няўрадавых арганізацый. Праблемы Беларусі шмат у чым тыповыя. Яны не ўнікальныя, я б сказаў. Тое самае адбываецца ў Азербайджане, у Расіі, у Кыргызстане, у Грузіі. Мы бачым, як у Грузіі пачалі згортваць дэмакратычныя правы, якіх дабіўся грузінскі народ. Салідарнасцю ў супраціве таталітарызму ў шырэйшым маштабе я таксама буду цяпер вельмі актыўна займацца. Таму што я нобелеўскі лаўрэат і попыт з мяне большы, чым са звычайнага чалавека.
Мы з вамі сустракаемся на фестывалі «Культура ў выгнанні». Як выглядае беларуская праваабарончая супольнасць у выгнанні? Вы можаце зірнуць на яе звонку, як нобелеўскі лаўрэат, пра што вы толькі што сказалі, і знутры, як чалавек, які правёў гады ў зняволенні і кіруе найбуйнейшай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі. Якія перад гэтай супольнасцю задачы і якія ў яе ёсць магчымасці?
— Што да саміх выразаў «культура ў выгнанні», «праваабаронцы ў выгнанні», то ў пэўнай ступені гэта так. Сапраўды, нас вымусілі выехаць. Мяне канкрэтна выкінулі з Беларусі, не спытаўшыся, хачу я застацца ці не. Гэта зрабілі проста гвалтам. У такой самай сітуацыі апынуліся сотні тысяч беларусаў, якія пасля 2020 года былі вымушаныя выехаць з Беларусі, баючыся за сваю свабоду і не адчуваючы, што могуць гаварыць і думаць так, як хочуць. Вось гэта і была асноўная прычына.
Але, з другога боку, і праваабаронцы, і пісьменнікі, і творчыя людзі, якія цяпер апынуліся за мяжой, усё роўна косць ад косці і кроў ад крыві беларускага народа. Сёння ў нас ёсць сацсеткі, сайты, тэлеграм-каналы, той жа TikTok. Усё гэта дае магчымасць не адчуваць таго падзелу і дазваляе людзям, якія апынуліся за мяжой, заставацца часткай свайго народа. Па сутнасці, як мне падаецца, цяпер не так важна, дзе ты жывеш, хоць у Аўстраліі. Галоўнае, што ты робіш і як ты робіш для свайго народа.
Таму, можа быць, гэтая культура і ў выгнанні, але яна не адрэзаная ад беларускага народа. Яна жыве найлепшымі спадзяваннямі, памкненнямі і праблемамі, якія цяпер ёсць у беларускім грамадстве. Яна застаецца часткай агульнабеларускай культуры. Тое самае датычыцца і праваабаронцаў. Хоць мы апынуліся за мяжой, мы працягваем працаваць дзеля будучыні нашай Беларусі.
Падчас сустрэчы вы правялі паралель з распадам Савецкага Саюза і сказалі, што цяпер наш рэгіён знаходзіцца недзе ў 1984-м. На чым грунтуецца гэтая паралель і чаму менавіта 1984-ы, а не 1983-і ці 1982-і, калі ішла «гонка на лафетах»?
— Ну, гэта ўмоўна я кажу — 84-ы. Хаця, можа быць, гэта ўжо і 86-ы. Я не думаю, што мы недзе раней. Таму што сітуацыя, мне падаецца, падобная. Тады была вайна ў Афганістане, цяпер мы бачым вайну ва Украіне. Яна таксама бясконцая і ўжо хутка дагоніць тую па працягласці. І адчуваецца агульная стомленасць ад гэтай вайны, як бы там ні крычалі ідэолагі. Безнадзея страшная. І частка людзей не падтрымлівае гэтай вайны, як тады частка людзей не падтрымлівала вайны ў Афганістане.
Ну, насамрэч гэта вельмі моцны палітычны крызіс. Ён цяпер апанаваў, скажам так, найперш Расію. А калі ўлічыць, наколькі моцна Беларусь цяпер прывязаная да Расіі, то і для Беларусі гэта непазбежна. Крызіс ужо адчуваецца, а ў найбліжэйшы час у Беларусі ён будзе адчувацца яшчэ мацней.
У свой час распаўся вайсковы саюз краін Варшаўскага дагавора, распаўся і эканамічны саюз паміж так званымі сацыялістычнымі дзяржавамі і Савецкім Саюзам. Як толькі адчулася нейкая слабіна, усе гэтыя краіны хуценька павыходзілі з усіх гэтых дамоў, з усіх саюзаў. Я думаю, тое самае чакае і нас. Вось гэтыя саюзы, якія Лукашэнка пачынаючы з 90-х гадоў навязваў, фактычна гвалтам навязваў беларускаму народу, — усё гэта хутка зменіцца, усё гэта разваліцца. Вось я перакананы.
Гэта ўсё нежыццяздольнае, таму што будуецца не на волі людзей, не на дэмакратычных прынцыпах, а проста, рэальна, на гвалце. Любыя свабодныя выбары ў Беларусі цяпер прывялі б да таго, што і знешняя, і ўнутраная палітыка Беларусі змяніліся б на 180 градусаў. Таму гэты крызіс адчуваецца і ў эканоміцы, і ў ідэалогіі, якой практычна няма. Для Беларусі яе цяпер няма, яны нічога нам не прапануюць.
І ў перспектыве разваляцца гэтыя квазісаюзы, якія цяпер стварылі Расія і Беларусь ды яшчэ некалькі дзяржаў, у тым ліку Казахстан і той жа Кыргызстан. Усё гэта пабудавана на пяску. Няма сур’ёзнага падмурка, асабліва калі ўлічыць, што настроі беларускага грамадства за апошнія шэсць гадоў не змяніліся. Людзі дзесьці баяцца, баяцца сказаць. Ёсць пэўнае расчараванне, ёсць прывыканне, я б сказаў, да той ненармальнасці, якая ўсталявалася за гэты час. Але як толькі з’явіцца нейкі куток свабоды, як толькі павее свежы вецер, я перакананы, што беларусаў будзе не спыніць.
Эдуард Жолуд
Слухайце аўдыё!