Украінцам удалося пашкодзіць сімвал пуцінскай Расіі – Крымскі мост. У выніку ўдараў аўтамабільны рух спынены, а чыгуначны адбываецца з перабоямі. Больш за тое, суднаходны шлях, які праходзіць пад мостам, перакрыты з-за абломкаў канструкцыі, што прывяло да блакады Азоўскага мора. Украіна ўдарыла не толькі па мосце і заадно па эканоміцы ды ваеннаму патэнцыялу Расіі, але перш за ўсё па прэстыжы Крамля.
Разбурэнне Крымскага моста ў лістападзе 2026 года стала кульмінацыяй шматгадовай кампаніі ўкраінскіх сіл па парушэнні расійскай ваеннай лагістыкі. Дарэчы, да лістапада гэтага года аб'ект тройчы падвяргаўся буйным ударам.
Так, раніцай 8 кастрычніка 2022 года на аўтамабільнай частцы моста адбыўся магутны падрыў начыненага выбухоўкай грузавіка. У выніку абрынуліся тры пралёты дарожнага палатна даўжынёй каля 250 метраў, а на суседняй чыгуначнай нітцы загарэліся сем паліўных цыстэрнаў грузавога саставу. Аднаўленне заняло некалькі месяцаў.
У сваю чаргу ноччу на 17 ліпеня 2023 года пераправа была атакаваная надводнымі дронамі. Адзін з аўтамабільных пралётаў быў разбураны, а другі атрымаў сурʼёзныя пашкоджанні, што надоўга абмежавала прапускную здольнасць трасы.
У чэрвені 2025 года ўкраінскія сілы прымянілі падводную выбухоўку супраць апораў збудавання, нанёсшы чарговыя пашкоджанні канструкцыям пераходу.
Пасля больш чым гадавога зацішша, у ноч на 16 і 17 лістапада 2026 года, Сілы абароны Украіны правялі маштабную камбінаваную аперацыю, вынікам якой стала частковае знішчэнне збудавання. Паводле дадзеных украінскага боку, аперацыя рыхтавалася каля месяца і ўключала сем паслядоўных этапаў.
На працягу некалькіх тыдняў перад асноўным ударам украінскія войскі метадычна выводзілі са строю расійскія радыёлакацыйныя станцыі, комплексы радыёэлектроннай барацьбы і сістэмы СПА, якія прыкрывалі Керчанскі праліў.
Падчас двух начных хваляў атакаў выкарыстоўваліся 11 розных тыпаў узбраенняў. Паводле слоў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, па аўтамабільнай частцы білі дальнабойныя беспілотнікі «Паляніца», а чыгуначную нітку атакавалі крылатыя ракеты «Нептун», ракеты «Фламінга» і дроны «Рута».
Другі ўдар у ноч на 17 лістапада прывёў да катастрафічных наступстваў для канструкцыі. Паводле спадарожнікавых здымкаў і відэаматэрыялаў з месца падзей, адна з дзвюх галоўных металічных суднаходных арак – аўтамабільная – разам з участкам дарожнага палатна даўжынёй каля 200 метраў абвалілася ў ваду.
Аўтамабільны рух па пераправе быў поўнасцю спынены на нявызначаны тэрмін. На падʼездах да моста ўтварыліся шматкіламетровыя заторы, а ўлады пачалі перанакіроўваць патокі на паромную пераправу і сухапутны маршрут.
Чыгуначная арка выстаяла, аднак палатно атрымала пашкоджанні. Пасля кароткачасовага прыпынення рух цягнікоў аднавілі ў абмежаваным рэжыме з сурʼёзнымі затрымкамі.
Удар па прэстыжы Пуціна напярэдадні саміту ў Кітаі. Дональд Трамп, Сі Цзіньпін і Уладзімір Пуцін у горадзе Шэньчжэнь, 18 лістапада 2026 года. Здымак: PAP/EPA/LUKAS COCH
Заходнія і ўкраінскія эксперты расцанілі абвальванне аркі як цяжкі ўдар па іміджы Уладзіміра Пуціна. Мост, які расійскі прэзідэнт асабіста адкрываў за рулём грузавіка ў 2018 годзе, зʼяўляўся галоўным матэрыяльным увасабленнем анексіі Крыма. На пашкоджанне моста ўвагу асабіста адрэагаваў расійскі дыктатар, традыцыйна абвінаваціўшы ўкраінцаў ва ўсіх грахах.
– Гэта ж яны ўсё пачалі! Па кожнай пазіцыі яны ўсё пачалі! Гэта што, цацкі нейкія? Гэта нейкія дзіцячыя гульні?
Атака адбылася напярэдадні саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў кітайскім горадзе Шэньчжэнь, дзе запланаваныя сустрэчы Пуціна са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, што надало падзеі дадатковую дыпламатычную вагу. На гэта, дарэчы, увагу звярнуў адзін з галоўных расійскіх прапагандыстаў Уладзімір Салаўёў.
– Пакуль што мост закрыты, быў магутны налёт, нашы біліся. Сітуацыя вельмі складаная, удар быў масіраваны з выкарыстаннем не толькі БПЛА, у тым ліку рэактыўных, але і ракет. Відавочна, што гэты акт агрэсіі, правакацыі накіраваны на зрыў сустрэчы ў вярхах у Кітаі.
У адказ расійскія войскі ўзмацнілі ракетныя і дронавыя ўдары па цывільнай транспартнай інфраструктуры Украіны, пашкодзіўшы масты праз Днепр у Кіеве.
Пашкоджанне Крымскага моста – гэта не толькі сарваны транспартны паток у анексаваны паўвостраў, у тым ліку ваенных грузаў, але і праблемы для марскога транспарту. Шматтонная металічная арка і бетонныя абломкі, што ўпалі ў мора, заблакавалі суднаходны Керч-Енікальскі канал. Гэта спыніла праход буйных суднаў паміж Чорным і Азоўскім морамі, паралізаваўшы марскі экспарт і забеспячэнне праз парты акупаваных Марыупаля і Бярдзянска. На блакаду Азоўскага мора звярнуў увагу на сваім YouTube-канале беларускі і ўкраінскага палітычны аналітык ды публіцыст Ігар Тышкевіч.
– Калі пралёт падае, ён падае недзе. І куды ён падае? Ён падае на фарватар, па якім праходзяць марскія судны з грузамі, з тым жа самым збожжам, з тымі ж самымі нафтапрадуктамі з Азоўскага ў Чорнае мора і назад. Цяпер у Расійскай Федэрацыі стаяць дзве задачы.
Першая – аднавіць неяк лагістыку, а другая – нешта зрабіць з фарватарам, гэта значыць неяк там адкапаць гэта, таму што там глыбіня дастатковая – карабель можа прайсці. Але апора Крымскага моста разам з аркай – усё-ткі жалязяка можа тырчаць і можа спакойна распароць гандлёваму судну дно.
Відэа: з адкрыцця моста застаўся толькі ўспамін.
Інжынеры-мостабудаўнікі ацэньваюць аднаўленне разбуранай суднаходнай аркі як вельмі складаную задачу. Толькі на расчыстку дна фарватара ад абломкаў, праектаванне, выраб новай металаканструкцыі са спецыяльнай маставой сталі, яе транспарціроўку і мантаж можа пайсці ад аднаго да трох гадоў. Ва ўмовах баявых дзеянняў і адсутнасці надзейнага прыкрыцця СПА правядзенне такіх работ у акваторыі праліва застаецца пад пытаннем.
Ігар Тышкевіч мяркуе, што актуальна паміж Украінай і Расіяй назіраецца вайна на знясіленне, мэта якой – дасягнуць на будучыню лепшых пазіцый падчас мірных перамоваў.
– На дадзеным этапе, нягледзячы на ўсе размовы аб мірных перамовах, логіка вайны – гэта вайна на знясіленні. Гэта значыць хуткіх прарываў, хуткіх рашэнняў у бакоў няма. Адпаведна, Украіна на дадзеным этапе выносіць удары па нафтавай галіне, па лагістыцы, ускладняючы сітуацыю на фронце. І пачала біць у рэжыме, скажам так, кожныя два дні па вузкім месцы вытворчасці расійскіх ракет і рэактыўных дронаў.
Такім чынам атрымліваецца, што і адзін, і другі бок спрабуюць для сябе ствараць сітуацыю перавагі эканамічнай, лагістычнай, інфраструктурнай недзе на люты 2027 года. А да лютага актыўныя ўзаемныя атакі будуць працягвацца. Дакладней, яны будуць працягвацца і далей, але зноў-такі гэта падрыхтоўка да таго, што бліжэй да лютага могуць змяніцца рамкі перамоўнага працэсу альбо колькасць пасярэднікаў, альбо тэма, якая абмяркоўваецца, і тады можна будзе пагаварыць прадметна.
Ваенныя аналітыкі адзначаюць, што Крым фактычна апынуўся ў становішчы вострава. Альтэрнатыўныя шляхі забеспячэння – Керчанская паромная пераправа і марскія перавозкі – маюць нізкую прапускную здольнасць, не хапае суднаў і яны знаходзяцца ў зоне дасяжнасці ўкраінскіх марскіх і паветраных дронаў. Асноўная нагрузка лягла на сухапутны калідор праз акупаваныя тэрыторыі поўдня Украіны, па мастах якога адначасова таксама былі нанесеныя ўдары. Але гэты шлях рэгулярна прастрэльваецца ўкраінскімі ракетамі і дронамі, таму сітуацыі ў акупаванай Расіяй паўднёвай частцы Украіны і на фронце можа стаць даволі складанай
вс
слухайце аўдыёфайл