Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Шэньчжэнь не стаў новай Ялтай

19.11.2026 13:36
У кітайскім у Шэньчжэне адбылася сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам і расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.
Аўдыё
  • Шэньчжэнь не стаў Ялтай: вялікая здзелка не адбылася
  ,
Прэзідэнт Расіі Пуцін, старшыня КНР Сі і прэзідэнт ЗША Трамп сустрэліся на саміце АТЭСREUTERS

Гэта была першая ў гісторыі трохбаковая сустрэча паміж лідарамі ЗША, Кітая і Расіі. Сустрэча, названая гістарычным самітам, не прынесла ніякіх канкрэтных вынікаў. Лідары абмежаваліся агульнай дэкларацыяй пра важнасць стабільнасці ў свеце. 

Сустрэча Сі Цзіньпіна, Пуціна і Трампа цягнулася 1,5 гадзіны. Ва ўступнай частцы, якая заняла каля 10 хвілін кожны з лідараў казаў пра тое, што для яго найважнейшае. Аб чым гаварылі лідары ЗША, Кітая і Расіі ў закрытай частцы першай у гісторыі трохбаковай сустрэчы, невядома.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з лідарамі Кітая і Расіі ў Шэньчжэне заявіў, што мір ніколі не дасягаўся шляхам адмовы ад магчымасцяў для дыялогу і абмену.

— Ніякія праблемы ніколі не вырашаліся шляхам прытрымлівання прынцыпаў старой школы — пазбягання абмеркавання праблем. І мір ніколі не дасягаўся шляхам адмовы ад магчымасцяў для дыялогу і абмену. Разам мы выбіраем іншы курс. Гэты гістарычны саміт дае нам магчымасць вывучыць новыя магчымасці і новы падыход да шэрагу найважнейшых пытанняў, якія зразумелыя большасці прысутных.

Раней Дональд Трамп размаўляў асабіста з Уладзімірам Пуціным і Сі Цзіньпінам. Амерыканскі прэзідэнт сказаў, што Уладзімір Пуцін хоча спынення вайны ва Украіне і выказаў надзею, што абодва бакі імкнуцца спыніць ваенныя дзеянні:

— Мы абодва таксама хочам дапамагчы вырашыць пытанне вайны паміж Расіяй і Украінай. Мы хацелі б, каб гэтая вайна скончылася. Думаю, я магу тут гаварыць ад нас абодвух. Кожны месяц гіне 25 000 чалавек, пераважна салдаты. Я лічу, што Пуцін, і я спадзяюся, што іншы бок таксама, хацеў бы, каб гэтая вайна скончылася.

Пытанні гандлю, Ірана і вайны ва Украіне былі тэмамі двухбаковых перамоваў паміж прэзідэнтам Дональдам Трампам і кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам. Палітыкі сустрэліся ў Шэньчжэне пасля саміту лідараў АТЭС. Падчас сустрэчы Дональд Трамп запэўніў, што адносіны паміж ЗША і Кітаем развіваюцца і служаць грамадзянам абедзвюх краін.

— Ад гандлю да інвестыцый, ад рэгіянальных пытанняў да міру ва ўсім свеце, Злучаныя Штаты і Кітай адыгрываюць вядучую ролю. І няма нікога, абсалютна нікога ў свеце, хто мог бы дасягнуць таго, што можам мы. Наша краіна стала вельмі, вельмі моцнай за апошнія некалькі гадоў. Ваша краіна таксама моцная, і, на маю думку, яна такой і застанецца.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін казаў аб агульных інтарэсах трох краін у «барацьбе з пагрозамі і выклікамі сучаснасці», а таксама прапанаваў абмеркаваць эканамічныя сувязі, харчовую і энергетычную бяспеку.

— Тры нашы дзяржавы аб'ядноўвае не толькі статус краін-пераможцаў у Другой сусветнай вайне, але галоўнае — сумесная адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Таму на нашых плячах ляжыць задача захавання і ўмацавання сістэмы міжнароднага права. Безумоўна, нам трэба абмеркаваць і глабальныя, і рэгіянальныя, і эканамічныя сувязі, харчовую бяспеку і энергетычную. У нашых краін шмат супадаючых інтарэсаў у частцы ўрэгулявання рэгіянальных канфліктаў, у тым ліку ва Украіне. У нас агульныя інтарэсы ў барацьбе з пагрозамі і выклікамі сучаснасці — гэта міжнародны тэрарызм, транснацыянальная арганізаваная злачыннасць і гэтак далей.

У адрозненне ад Трампа і Пуціна, Сі Цзіньпін, які, паводле кітайскіх дзяржаўных СМІ, старшынстваваў на сустрэчы, не згадваў Украіну. Сі казаў выключна пра стратэгічную стабільнасць і агульную адказнасць буйных дзяржаў за падтрыманне міру, а таксама пра неабходнасць забараніць ядзерную зброю.

— На працягу гісторыі адбылося больш за 10 тысяч войнаў. Дзве сусветныя вайны прынеслі чалавецтву небывалыя разбурэнні. Сёння ў свеце працягваюцца больш за 60 рэгіянальных канфліктаў, і іх інтэнсіўнасць не змяншаецца. Гісторыя вучыць нас: калі вялікія дзяржавы жывуць у згодзе, у свеце пануюць мір і стабільнасць; калі ж яны супрацьстаяць адна адной — свет ахоплівае хаос. Больш за 80 гадоў таму нашы тры краіны, стаўшы асноўнай сілай у сусветнай барацьбе супраць фашызму, атрымалі вялікую перамогу, якая прынесла свету мір і бяспеку. Гісторыя — найлепшы падручнік. Мы павінны памятаць пра яе, засвойваць яе ўрокі і разам працаваць дзеля стварэння лепшай будучыні... Ядзерную зброю трэба цалкам забараніць і знішчыць. Такая зброя — гэта дамоклаў меч, які вісіць над галавой чалавецтва.

Па выніках трохбаковай сустрэчы было апублікаваная сумесная дэкларацыя ЗША, Кітая ды Расіі, у якой выказваецца прыхільнасць рэфармаванню ААН, каб арганізацыя магла больш эфектыўна рэагаваць на глабальныя выклікі, зазначаецца, што тры краіны плануюць павялічыць вытворчасць і пастаўкі прадуктаў нафтаперапрацоўкі «на карысць усіх краін». У трэцім пункце кіраўнікі трох дзяржаў адзначылі, што «прынцып згоды дзяржаў і захаванне імунітэту афіцыйных асоб дзяржаў маюць асноватворнае значэнне». Міжнародны крымінальны суд і іншыя аналагічныя структуры не павінны злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі, — сказана ў дакуменце. Апошнім пунктам стала крытыка ядзернай вайны ды абяцанне весці дыялог па зніжэнні ядзерных рызык і прадухіленні распаўсюджвання ядзернай зброі.

На думку экспертаў «гістарычны саміт» Трампа, Сі ды Пуціна не мае ніякіх канкрэтных наступстваў, гэта больш сімвалічнае мерапрыемства. На гэта звярнуў увагу былы дарадца прэзідэнта Польшчы і выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Раман Кузьняр.

— Сустрэча гістарычная, але цалкам бяспечная. У першую чаргу карысная для іміджу Пуціна, бо незаслужана выбельвае яго. Ён там цалкам незразумелая фігура, дастаткова параўнаць памер эканомік. Расійская эканоміка ў восем разоў меншая за кітайскую, і ў 13 разоў за амерыканскую. Ён там, бо кітайцы выкарыстоўваюць яго. Пуцін — партнёр для іх, калі справа даходзіць да выканання бруднай працы. Сі Цзіньпін не настолькі дурны, каб уступаць у бойку з Захадам, ён можа гэта рабіць рукамі Пуціна. Вядома, Кітай не стаяў за расійскай агрэсіяй, але Пекін вельмі задаволены паўсталай сітуацыяй, бо яна звязвае рукі Захаду. У той жа час Расія ператвараецца ў кітайскую калонію. Сённяшняя сустрэча не мае ніякай ролі, а па-сапраўднаму важныя сустрэчы патрабуюць тыдняў падрыхтоўкі. Напрыклад, у Ялце перамовы ішлі тыдзень з раніцы да вечара, было шмат чаго абмеркаваць. Тут жа няма ніякіх тэм. Да таго ж тут не Вялікая тройка. Двое — ліліпуты. Адзін сапраўды лідар, багатыр, Эверэст, кажучы мясцовай мовай, а тыя дваіх па сутнасці зʼяўляюцца просьбітамі. Пакорлівыя просьбіты, якія стаяць перад кітайскім імператарам з просьбамі, як васалы. Кітаю гэта вельмі падыходзіць.

Былы пасол Польшчы ў Германіі і Францыі Анджэй Бірт выказаў меркаванне, што Уладзімір Пуцін, верагодна, валодае інфармацыяй, якая можа скампраметаваць Дональда Трампа. Таму, паводле госця Polskie Radio 24, Дональд Трамп павінен лічыцца з расійскім лідарам.

— У Пуціна ёсць тое, што расейцы называюць кампраматам на Трампа, і такім чынам, не раскрываючы падрабязнасці, ён маніпулюе ім. Гэта не падлягае сумневу, і варта сказаць, што дзясяткі артыкулаў, якія зʼявіліся ў амерыканскіх СМІ на гэтую тэму — не чуткі. Яны маюць пад сабой падставу, і таму ў інтарэсах Пуціна падтрымліваць кантакт і ціск на прэзідэнта ЗША за кулісамі. У сваю чаргу, у інтарэсах Трампа станоўча выказвацца пра Пуціна, каб свет не ўбачыў тое, што Пуцін мае на яго.

Пакуль Дональд Трамп знаходзіўся ў Азіі на перамовах з Сі Цзіньпінам і Уладзімірам Пуціным, яго пасланцы Стыў Віткоф і Джарэд Кушнер сустрэліся з еўрапейскімі партнёрамі. У Берліне сабралася так званая «Кааліцыя ахвотных». Канцлер Фрыдрых Мерц запрасіў, сярод іншых, Уладзіміра Зеленскага, Эмануэля Макрона, Дональда Туска і Эндзі Бернэма.

Юры Ліхтаровіч