Перадвыбарчая кампанія ў Польшчы набірае абаротаў. Да выбараў у парламент засталося менш чым месяц, гэта вельмі гарачы час як для палітыкаў кіруючай партыі, так і апазіцыі.
Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што актуальная партыя ўлады «Права і справядлівасць» (з іншымі партыямі стварае Аб’яднаныя правыя сілы) можа разлічваць на 40-47% галасоў, а за галоўную апазіцыйную партыю Грамадзянская платформа (стварае з іншымі групоўкамі Грамадзянскую кааліцыю) намераны галасаваць 21-30% выбарцаў.
У адрозненні ад апазіцыі, Права і справядлівасць надоечы прадставіла сваю дэталёвую праграму развіцця Польшчы на будучыя гады. Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, самае важнае ў праграме – будаванне дзяржавы дабрабыту ў Польшчы, а таксама магутнай эканамічнай сістэмы. Старшыня Рады міністраў падкрэслівае, на колькі важна клапаціцца пра інтарэсы палякаў, між іншым праз паніжэнне некаторых падаткаў.
- Мы – моцная Польшча ў моцнай Еўропе. Мы, канешне, любім Еўропу, Еўрапейскі Саюз, але перш за ўсё мы клапоцімся пра Польшчу. Для нас вельмі важная дбайнасць пра інтарэсы палякаў. У часы папярэдніх урадаў адной з важнейшых крыніц даходаў дзяржавы быў падатак ад эканамічнай дзейнасці, які плацяць прадпрымальнікі (CIT). Вы, верагодна, ужо ведаеце, што мы гэты падатак панізілі з 19 да 9% для малых і сярэдніх фірмаў.
Кіраўнік ураду падчас сваёй прамовы нагадаў таксама пра тое, што ўладам удаецца вельмі эфектыўна змагацца з падатковымі махлярамі, дзякуючы чаму ў дзяржбюджэт паступаюць мільярды злотых, якія раней раскрадаліся зладзеямі – «спецыялістамі» па падатку на дададзеную вартасць. Сёлета даходы з ПДВ значна выраслі, што дазволіла выкарыстаць грошы ў карысць эканамічнага развіцця.
- Адсюль узяліся грошы на вялікія сацыяльныя праграмы, на эканамічныя праграмы, на вяртанне кампаній ва ўладанне польскіх бізнесменаў. Мы імкнёмся да таго, каб у польскай эканоміцы было як мага больш польскага капіталу. Мы хочам таксама, каб супрацоўнікі розных фірмаў зараблялі так, як зарабляюць людзі ў Еўропе. І таму мы павышаем мінімальны заробак – у будучым годзе да 2 тысяч 600 зл, а ў чарговым годзе – да 3 тыс. злотых.
У цэнтры ўвагі выбарчай праграмы Права і справядлівасці стаіць традыцыйная сям’я, якая складаецца з мужчыны, жанчыны ды іх дзяцей. Па словах старшыні партыі Яраслава Качыньскага, сям’я з'яўляецца фундаментам нашай цывілізацыі, але апошнім часам яна падвяргаецца жорсткаму нападзенню. Падчас выбарчага сходу ў Ніжняй Сілезіі Качыньскі нагадаў, што часта кажуць, быццам бы сям’я зʼяўляецца крыніцай прыгнёту, асабліва дзяцей і жанчын. «Нельга казаць, што паталогія назіраецца ў кожнай сям’і, з парушэннямі неабходна змагацца, а не прымаць іх за норму», – адзначыў старшыня.
- Зразумела, парушэнні здараюцца, нельга казаць, што іх зусім няма. Неабходна на іх рэагаваць вельмі аператыўна, а нават вельмі жорстка, каб іх спыніць. Але гэта ні ў якім выпадку не норма. З іншага боку, калі сям’я будзе знішчана, то загіне таксама наша цывілізацыя. А часткай гэтай цывілізацыі з’яўляецца наша польская цывілізацыя і польская культура, наша польская ідэнтычнасць. Мы павінны бараніць сям’ю.
Палітыкі Права і справядлівасці робяць усё магчымае, каб мабілізаваць электарат гэтай партыі, заахвоціць яго пайсці на выбары. Важнейшая эканамічная прапанова – значнае павышэнне мінімальнага заробку, істотны элемент праграмы – кансерватыўныя каштоўнасці, перш за ўсё традыцыйная сям’я. Гучыць таксама заклік затрымаць гэтак званую гендарную ідэалогію. У палітычнай плоскасці найбольш эмоцый выклікае прапанова адмены імунітэту дэпутатаў, сенатараў і суддзяў. Канешне, некаторыя элементы імунітэту павінны астацца, але не ўсе. «Суддзяў, зразумела, неабходна бараніць, але ці за суддзёй павінен захоўвацца імунітэт, калі ён нешта ўкрадзе ў краме», – пытаў старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі. Акрамя адмены імунітэту парламентарыяў і суддзяў, партыя прапануе таксама змяніць статус журналістаў і пашырыць кампетэнцыі ваяводаў. Згодна прапанаванаму закону аб прафесіі журналіста, быў бы створаны новы орган (самаўрад журналістаў), які б займаўся маніторынгам журналісцкай этыкі.
ІАР ПР/нг