У мінулую пятніцу ў Польшчы завяршылася фармаванне новага кабінету міністраў. На чале ўраду дзяржавы застаўся ранейшы прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі. У аўторак старшыня Рады міністраў прадставіў важнейшыя прадпасылкі працы свайго ўраду цягам бліжэйшых чатырох гадоў.
13 кастрычніка ў Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. Перамогу атрымала Кааліцыя правых сілаў на чале з партыяй «Права і справядлівасць». Матэвуш Маравецкі, які быў прэм’ер-міністрам ад гэтай групоўкі, атрымаў заданне сфармаваць новы ўрад. Вядома, што ў склад ураду будзе ўваходзіць дваццаць міністэрстваў. Па традыцыі, пасля ўступлення на пасаду, важнейшыя дзяржаўныя чыноўнікі ў Польшчы выступаюць з гэтак званым expose – праграмнай прамовай.
У сваім выступленні, якое прагучала сёння, Маравецкі падкрэсліваў, што ўрад намераны працягваць будаўніцтва сучаснай дзяржавы, але на фундаментах традыцыйных каштоўнасцяў. Заявіў, што не будзе ідэалагічных рэвалюцый і сацыяльных эксперыментаў, затое ўрад пастараецца ўмацаваць сярэдні клас.
- Мы хочам стварыць умовы, каб пашырыць сярэдні клас, як у іншых краінах Еўропы. Аднак мы хочам большага, чым толькі поспех адзінак, мы імкнемся да поспеху ўсёй супольнасці. Мы не хочам быць багатай краінай бедных людзей або беднай краінай багатых людзей. Мы хочам быць багатым грамадствам.
Матэвуш Маравецкі звяртаў таксама ўвагу на агульначалавечыя каштоўнасці, якімі намераны кіравацца яго ўрад.
- Мы не згаджаемся, што галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца адсутнасць каштоўнасцяў, што вольнасць – гэта адвольнасць, што ўлада існуе толькі для ўлады, што закон можа дзейнічаць без справядлівасці. Рэч Паспалітая – гэта адзінае дабро ўсіх яе грамадзян, пра што згадвае першы артыкул канстытуцыі. Праграма партыі «Права і справядлівасць» абапіраецца на такія каштоўнасці, як свабода, справядлівасць, дэмакратыя, пашана ўласнасці і грамадскі дыялог.
Эканамічныя пытанні занялі пачэснае месца ў прамове прэм’ер-міністра. Ён абяцаў працягваць будаваць такую сістэму эканамічных адносінаў, каб індывідуальныя прадпрымальнікі маглі развіваць свой бізнес. Маравецкі заявіў між іншым пра паніжэнне падаткаў для невялікіх прадпрыемстваў.
- Ніжэйшыя складкі ў Фонд сацыяльнага страхавання ў сярэднім на 500 злотых для малых фірмаў, абмежаваная сума падатку для фірмаў з невысокім абарачэннем, у якіх не больш за мільён, а пазней таксама для тых, у каго максімальна два мільёны еўра абарачэння. Мы абяцаем ніжэйшыя падаткі для тых прадпрымальнікаў, у каго абарачэнне не перавышае двух мільёнаў еўра. Плануем таксама выдзеліць звыш мільярда еўра на стратэгічныя інвестыцыі для фірмаў.
Кіраўнік ураду не пакінуў без увагі і важныя сацыяльныя пытанні. Ён заявіў, што дзяржава будзе выплачваць гэтак званыя 13-ыя пенсіі, настаўнікі атрымаюць павышэнне зарплаты, а пешаходы стануць больш прывілеяванымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Матэвуш Маравецкі абяцаў, што кабінет міністраў будзе працягваць рэформу сістэмы правасуддзя, шматдзетныя сем’і з трыма і больш дзецьмі атрымаюць новыя льготы, а фермеры будуць атрымліваць такую ж фінансавую дапамогу, як у краінах Заходняй Еўропы. У выступленні паявілася тэматыка службы аховы здароўя, на якую вельмі скардзяцца палякі. Маравецкі абяцаў стварыць Фонд мадэрнізацыі шпіталяў, увесці праграму прафілактыкі для ўсіх палякаў, старэйшых за 40 гадоў і нагадаў, што ўладам удалося значна павысіць колькасць студэнтаў медычных факультэтаў, паколькі ў дзяржаве не хапае лекараў.
Матэвуш Маравецкі згадаў і пра экалогію. На ягоную думку, развіццё ўзнаўляльных крыніц энергіі, а таксама пашырэнне папулярнасці электрычных аўтамабіляў ці планы будаўніцтва атамнай электрастанцыі будуць імпульсам развіцця польскай прамысловасці.
- Мы прызначым ва ўрадзе ўпаўнаважанага па пытаннях узнаўляльных крыніц энергіі. Ужо сёння мы атрымліваем з сонечнай энергіі ў некалькі дзясяткаў разоў больш электраэнергіі, чым некалькі гадоў таму. Калі мы адказна падыходзім да навакольнага асяроддзя, мы павінны таксама клапаціцца пра тое, каб пластмаса не засыпала нашу планету. Мы намераны ўвесці сістэму грашовых залогаў на пластмасавыя бутэлькі і шэраг праграм з мэтаю скараціць маштаб выкарыстання пластмасы.
Пасля выступлення старшыня Рады міністраў звярнуўся да дэпутатаў з просьбай прадставіць вотум даверу яго ўраду. Дэпутаты маюць на абмеркаванне выступлення прэм’ер-міністра строга адведзены час – кожная партыя атрымлівае канкрэтную колькасць часу, у залежнасці ад долі атрыманых на выбарах мандатаў. Агулам дэбаты працягваюцца чатыры гадзіны, у тым ліку «Права і справядлівасць» мае ў сваім распараджэнні 117 хвілін, «Грамадзянская кааліцыя» – 68 хв., дэпутаты Левых сілаў – 28, кааліцыя Польскай сялянскай партыі і партыі Кукіз’15 – 18 хв., а Канфедэрацыя – 9 хвілін.
нг