Пасля шматгадовага перапынку Польшча вяртаецца да вытворчасці ўласных танкаў. Міністэрства нацыянальнай абароны пацвердзіла, што ўжо ў 2028 годзе ў краіне пачнецца зборка сучасных баявых машын K2PL — польскай версіі паўднёвакарэйскага танка K2 Black Panther, паведамляе партал forsal.pl.
У найбліжэйшыя гады польская армія атрымае яшчэ 180 карэйскіх танкаў K2. З іх 64 машыны будуць пастаўленыя ў мадыфікацыі K2PL, адаптаванай да патрабаванняў Войска Польскага. Першыя тры танкі гэтай версіі вырабяць у Паўднёвай Карэі для выпрабаванняў, а астатнія будуць збірацца на прадпрыемстве Bumar-Łabędy ў Глівіцах.
Праект прадугледжвае не толькі пастаўкі тэхнікі, але і шырокі трансфер тэхналогій. Польскія прадпрыемствы атрымаюць доступ да вытворчасці ключавых элементаў танка, уключаючы корпус, вежу, сістэмы ўзбраення і падвеску. Гэта дазволіць Польшчы самастойна абслугоўваць і мадэрнізаваць машыны.
Версія K2PL будзе адрознівацца ўзмоцненай бранёй, сістэмамі актыўнай абароны і сродкамі процідзеяння дронам. Распрацоўшчыкі ўлічылі таксама досвед вайны ва Украіне і эксплуатацыі першых K2 у польскім войску.
У Варшаве разлічваюць, што ў будучыні K2PL стане не толькі асновай польскіх бранятанкавых войскаў, але і экспартным прадуктам для замежных заказчыкаў.
эж