Беларуская Служба

7 снежня плануецца акцыя пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі Расіі і Беларусі

04.12.2019 13:00
«Трываць болей немагчыма. У такой сітуацыі наш адказ павінен быць адзін: плошча». 
Аўдыё
Ілюстрацыя Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё, Э. Жолуд

6 снежня, у пятніцу, павінна адбыцца сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Вядома, што пасля сустрэчы прэм’ераў чакаецца спатканне Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна (магчыма, 7 снежня). Тэма абедзвюх сустрэч: паглыбленая інтэграцыя паміж Расіяй і Беларуссю.

Хоць падрабязнасцяў пра інтэграцыйную дамову ў публічнай прасторы амаль няма, то эксперты і СМІ згодныя: у бліжэйшы час Расія можа паглынуць Беларусь. Яшчэ 19 лістапада Румас пасля сустрэчы з Мядзведзевым заявіў, што бакі ўзгаднілі 21 з 31 пунктаў «дарожнай карты» па інтэграцыі, і што развязкі па адчувальных для Беларусі пунктах – па рынку газу і нафты – плануецца прадставіць прэзідэнтам.

Грамадства не ведае, калі будзе падпісаная дамова аб паглыбленай інтэграцыі, як і не вядома, што ў гэтай дамове будзе.

На думку апазіцыйных палітыкаў і актывістаў, пагроза страты Беларуссю незалежнасці як ніколі блізка. Сустаршыня БХД Павал Севярынец заклікае ўсіх выйсці на плошчу ў Мінску, каб паказаць сваю незадаволенасць інтэграцыяй з Расіяй:

- Трываць болей немагчыма. Ідзе гаворка пра супольны ўрад, парламент, падатковую сістэму. Дзясяткі дарожных карт па міністэрствах і ведамствах. Беларусь прывязваюць да Расіі ўсімі магчымымі спосабамі і наўпрост рыхтуюцца здаць. У такой сітуацыі наш адказ павінен быць адзін: плошча. 7 снежня а 12 гадзіне выходзім на Кастрычніцкую плошчу і кажам, што мы супраць здачы Беларусі.

Аб’яднацца і ладзіць масавыя акцыі супраць інтэграцыйных дамоваў Беларусі і Расеі заклікаў «Рух Салідарнасці «Разам». Лідар руху Вячаслаў Сіўчык гаворыць, што сітуацыя ніколі не была такой кепскай:

- Сітуацыя выглядае вельмі жахліва. Стаіць пытанне ўвогуле аб існаванні незалежнай беларускай дзяржавы. Дзякуючы цяперашняй уладзе нас хочуць загнаць у краіну, якая з’яўляецца агрэсарам. Яна вядзе ваенныя дзеянні ў шэрагу краін. Сітуацыя небяспечная таксама тым, што беларускі народ не мае элементарных правоў і свабодаў.

Супраць інтэграцыі з Расіяй выступілі і блогеры. Пад зваротам «Незалежнасць Беларусі не прадмет гандлю» ў Telegram-канале падпісаліся больш за 60 чалавек.

«Рэагуючы на чуткі «аб узмацненні інтэграцыі« і падпісанні «дарожных картаў« з РФ, Telegram-супольнасьць Беларусі заяўляе: Незалежнасць Беларусі не прадмет гандлю; Падпісанне любых дакументаў, якія ідуць на шкоду суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны, – непрымальна; Паглыбленне інтэграцыі з Расеяй шкодзіць нацыянальным інтарэсам нашай краіны».

ав