«А Дуда і так пераможа» – артыкул пад такой назвай друкуе часопіс «Sieci». Што паўплывала на тое, што Анджэй Дуда стаў бясспрэчным каралём прэзідэнцкіх апытанняў, займаючы пазіцыю, якую ў бліжэйшай прагназаванай будучыні хутчэй нікому не ўдасца паставіць пад сумнеў? – пытаецца Ян Ракіта.
Анджэй Дуда выйграў бы кожныя выбары, якія адбыліся б у перспектыве, магчымай для прагнозаў. Гэта значыць у траўні, і ў чэрвені, ліпені ці нават у жніўні. Ён перамог бы і восенню, калі б яго тэрмін паўнамоцтваў быў бы прадоўжаны ў выніку якога-небудзь палітычнага рашэння, ці канстытуцыйных змен.
У сувязі з гэтым, няма дастатковага тлумачэння для ўпартасці лідара кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Качыньскага, каб выбары адбыліся ў траўні. Па-другое, цалкам бяздумна выглядае тактыка лідара апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» Борыса Будкі і амаль усёй апазіцыі, які гатовыя ўзарваць дзяржаву толькі для таго, каб выбары не адбыліся ў траўні.
На цяперашнюю перадвыбарчую пазіцыю Анджэя Дуды ўплываюць некалькі фактараў. Па-першае, стан палітычных спраў у Польшчы перад эпідэміяй і пасля, у час каранціну. Ужо тады, яшчэ на пачатку году Анджэй Дуда быў фаварытам выбараў, хоць шматлікія апытанні не давалі яму вялікай перавагі над кандыдаткай «Грамадзянскай платформы» Малгажатай Кідавай-Блонскай у другім туры. Перавагу Дудзе давалі амаль усе акалічнасці. Яго партыя «Права і справядлівасць» захоўвала безумоўную перавагу над канкурэнцыяй.
На карысць Дуды прамаўляў яго характэрны стыль публічнай дзейнасці, які можна выдатна апісаць метафарай «палітыка грыбніка», які не баіцца нахіліцца над кожнай апенькай, а не шукае для кампаніі толькі баравікоў.
Калі пачалася эпідэмія каранавіруса, пачаткова здавалася, што сам яе факт выкліча большы давер да ўлады. Цікава, што ў Польшчы так не адбылося. І гэта нягледзячы на тое, што ў першыя дні эпідэміі і замарозкі гаспадаркі прэзідэнт рабіў усё, каб паказаць сябе як гаспадара, які клапоціцца пра розныя сацыяльныя групы.
Аналіз апытанняў паказаў, што рост падтрымкі Анджэя Дуды не наступіў у выніку эпідэміі, а калі кандыдатка «Грамадзянскай платформы» абвесціла планы байкоту выбараў, адначасова заяўляючы, што возьме ў іх удзел.
ав