Пілсудскі застаецца ў памяці палякаў дзяржаўным дзеячам, палітыкам, стваральнікам арміі, архітэктарам незалежнасці і пераможцам польска-бальшавіцкай вайны.
Гісторыкі лічаць, што ён унёс вялізарны ўклад у аднаўленне незалежнай Польшчы і ўвайшоў у пантэон нацыянальных герояў.
З асобай Пілсудскага звязана шмат знакавых падзеяў у польскай гісторыі. Падчас Першай сусветнай вайны менавіта ён быў камандуючым польскіх легіёнаў, а яго вяртанне на радзіму 10 лістапада 1918 г. стала пачаткам незалежнасці Польшчы.
У свабоднай краіне Сэйм даверыў Пілсудскаму пасаду кіраўніка дзяржавы. Ён таксама стаў першым маршалам Рэчы Паспалітай. Менавіта ён камандаваў падчас пераможнай бітвы пад Варшавай у жніўні 1920 г, калі вырашаўся лёс польска-расійскай вайны і пад пагрозай была незалежнасць краіны. У 1926 годзе Юзаф Пілсудскі ажыццявіў дзяржаўны пераварот і ўвёў санацыйны ўрад.
У архіўных рэсурсах Польскага радыё захаваліся запісы голасу Юзафа Пілсудскага з 1926 года. У варшаўскім кінатэатры Калізей маршалак выступіў з лекцыяй пра каштоўнасць працы і калектыўных намаганняў.
- Для мяне заўсёды галоўным пастулатам было выкананне дамоўленасцяў, калі яны акрэсленыя. Дворнік, што падмятае вуліцы, міністр, што кіруе краінай, цясляр, які махае гэблям, ці прафесар, што выкладае ў вышэйшай школе, кожны вызначае ўмовы для супольнай працы з іншымі, акрэслівае ўмовы, потым выконвае іх. Калі б людзі ўзаемна і лаяльна трымаліся вызначаных умоваў, жыццё выглядала б інакш.
Яшчэ адзін напамін пра Юзафа Пілсудскага – гэта запіс яго выказванняў, зроблены 5 верасня 1925 года. Запіс быў зроблены на акустычны грамафон з трубкай, у тыя часы гэта была адна з самых сучасных прылад для запісу і прайгравання чалавечага голасу.
- Уяўляю сабе той забаўны момант, што нехта накруціць ручку, націсне на кнопку і замест мяне пачне галасіць нейкая труба. Больш забаўна тое, што, калі мяне ўжо ня будзе, голас спадара Пілсудскага будуць прадаваць па кірмашах за тры капейкі, нібы пернікі ці цукеркі.
Большасць грамадзянаў ІІ Рэчы Паспалітай называла Маршала Пілсудскага пяшчотна Дзядулям. У палітыка было пачуццё гумару і ён умеў пасмяяцца над сабой. У запісе 1925 года, будучы бацькам дзвюх дачок, ён звярнуўся да сваіх землякоў з просьбай, каб у іх дамах часцей гучаў дзіцячы смех.
- Голасам з трубы, я заклікаю вас – маці ды бацькі – адрыньце педагагічныя інструменты, калі самі смяяцца ня можаце, хай загучыць срэбным званочкам гучны смех вясёлых дзяцей па вашых хатах. Няхай смяюцца польскія дзеці смехам адраджэння, калі мы ня можам. Калі ж Вам цяпер не да смеху, тады я развітваюся з вамі дзіцячым смехам і простым жаўнерскім словам – да пабачэння.
У міжваенны час Юзафа Пілсудскага лічылі геніяльным камандзірам, выдатным стратэгам і палітыкам. Яшчэ пры жыцці пра яго пісалі ды спявалі песні.
Юзаф Пілсудскі памёр 12 мая 1935 года. Ён пахаваны на Вавэлі ў крыпце св. Леанарда. Яго сэрца было пахаванае на могілках Росы ў Вільні побач з маці. Пахаванне маршалка стала вялікай дэманстрацыяй нацыянальнай еднасці. Паводле ацэнак, у цырымоніі ўзялі ўдзел каля 200 000 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі 16 краін. Пахавальная працэсія цягнулася некалькі кіламетраў. Цырымонію транслявала Польскае радыё.
У 1937 годзе па загадзе кракаўскага арцыбіскупа Адама Сапегі труну з парэшткамі маршалка перанеслі ў прыдзел пад вежай Срэбных званоў.
Падчас ІІ Сусветнай вайны, як і падчас ПНР, улады змагаліся з культам Юзафа Пілсудскага. Гэта дало адваротны эфект – сярод палякаў расло прызнанне яго заслуг ды ўзмацнялася павага.
Пасля падзення камунізму ў Польшчы ў 1989 годзе Пілсудскі лічыцца адной з найважнейшых фігур у гісторыі краіны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч