Збор подпісаў не тычыцца 9 камітэтаў, яны былі зарэгістраваныя перад выбарамі 10 траўня і пацвердзілі намер удзелу ў новым галасаванні. Каб кандыдата зарэгістравалі, патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Пра выкананне гэтага патрабавання першым з 13 новых прэтэндэнтаў у кандыдаты заявіў Рафал Тшаскоўскі з «Грамадзянскай платформы».
Дэпутат «Грамадзянкай платформы» Марцін Кярвіньскі сказаў у Польскім радыё 24, што за кандыдатуру Рафала Тшаскоўскага ўдалося сабраць значна больш подпісаў, чым патрэбныя 100 тысяч. Палітык дадаў, што подпісы збіраюцца далей, паколькі гэта дасканалы спосаб, каб мабілізаваць прыхільнікаў Рафала Тшаскоўскага:
-Рафал Тшаскоўскі з’яўляецца кандыдатам, які мае сама мала часу, каб сабраць 100 тысяч подпісаў у гісторыі ўсіх выбараў. Нават падчас выбараў у 2010 годзе пасля трагічнай смерці Леха Качыньскага гэтага часу было больш – ажно 17 дзён. Сёння гэта толькі 7 дзён. Гэтых подпісаў удалося сабраць значна больш.
Прэзідэнцкая кампанія кандыдата «Грамадзянскай платформы» Рафала Тшаскоўскага будзе самай кароткай. Цяперашні мэр Варшавы ідзе на выбары пад лозунгам: «Моцны прэзідэнт, супольная Польшча». Выбарчы штаб кандыдата інфармуе, што ў яго падтрымку сабраныя амаль 400 тысяч подпісаў.
Прэзідэнцкая гонка ідзе поўным ходам. Кандыдаты ездзяць па Польшчы, штодзённа наведваюць па некалькі мясцовасцяў і пераконваюць у слушнасці сваёй выбарчай праграмы.
Дзеючы прэзідэнт Анджэй Дуда, якія ідзе на выбары ад Аб’яднаных правых сіл, у мясцовасці Гузд у Мазавецкім ваяводстве гаварыў, што яго план – гэта паляпшэнне якасці жыцця палякаў:
-Каб палякі не былі вымушаныя выязджаць за мяжу. Каб моладзь не эмігравала, атрымлівала адукацыю ў Польшчы і тут пачынала сваю першую працу. Тут стварала сям’ю, нараджала дзяцей і іх выхоўвала. Каб яны заставаліся ў Айчыне і рэалізоўвалі планы, працавалі для сям’і, але і для Польшчы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўмовах свабоднага рынку нельга падняць усім палякам заробкі, таму трэба было знайсці магчымыя для рэалізацыі формы падтрымкі. Найперш трэба было дапамагчы сям’і выхоўваць дзяцей, таму паявілася праграма «Сям’я 500+».
На сустрэчы з выбарцамі ў Любліне незалежны кандыдат на прэзідэнта Шыман Галоўня гаварыў, якімі ён хацеў бы заняцца справамі, калі пераможа ў выбарах:
-Праблемамі, якія для нас сёння ключавыя: адсутнасцю вады, сапраўды сур’ёзным фінансавым і арганізацыйным заняпадам самакіраванняў, добрай аховай здароўя ў Польшчы, добрай сістэмай адукацыі.
Кандыдат казаў, што ідзе будаваць такую Польшчу, якую б «мы хацелі пакінуць дзецям». Ён дадаў, што з’яўляецца праціўнікам будовы Цэнтральнага камунікацыйнага порту, адной з ключавых інвестыцый, планаванай урадам.
Лідар Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш, таксама кандыдат у прэзідэнты, казаў у Тарнаве, што трэба спыніць крызіс у ахове здароўя ў Польшчы. Паводле яго, гэта самае важнае заданне побач з затрыманнем эканамічнага і палітычнага крызісу.
-Нашая праграма: добраахвотнае сацстрахаванне для прадпрымальнікаў, пенсіі без падатку, большыя льготы для асоб, якія цяжка працуюць, мы ставім на зялёную энергію, увядзем сапраўдную рэформу службы аховы здароўя. Мы адбудоўваем дзяржаву, уводзім антыкарупцыйны закон, выбіраем дэпутатаў, якія адказваюць перад сваімі грамадзянамі, рэферэндум, які не дазволіць кіруючым колам рабіць глупствы.
Падчас сустрэчы з выбарцамі Уладзіслаў Касіняк-Камыш сказаў, што прэзідэнцкія выбары – гэта шанец, каб даказаць, што «мы вартыя, каб быць паслядоўнікамі вялікіх палякаў».
Паводле апытання для парталу Wirtualnа Polskа, актуальны прэзідэнт Анджэй Дуда застаецца фаварытам сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. За ім знаходзіцца Рафал Тшаскоўскі, які ўзмацняе сваю пазіцыю. На Дуду хочуць галасаваць 42,7% апытаных, а на Тшаскоўскага 26,6%. У параўнанні з папярэднімі даследаваннямі, праведзенымі ў канцы траўня, Анджэй Дуда здабыў на 0,4 працэнтныя пункты больш, а Рафал Тшаскоўскі – на 3,4 пункты. Трэцяе месца атрымаў незалежны кандыдат Шыман Галоўня, за якога гатовыя прагаласаваць 7,7% апытаных.
Астатнія кандыдаты могуць разлічваць на наступныя вынікі: Уладзіслаў Касіняк-Камыш – 7,4%, Кшыштаф Босак – 6,9%, Роберт Бедрань – 3,4%.
На пытанне, ці, калі б выбары адбыліся ў бліжэйшую нядзелю, палякі пайшлі б на выбарчыя ўчасткі, «так» адказала 64,2% чалавек. У сваю чаргу 21,4% апытаных упэўненыя, што не прагаласуюць. 5,2% палякаў надалей не ведаюць, на каго будуць галасаваць.
На гэтым тыдні мінае таксама важны тэрмін для палякаў, які жывуць за мяжой. Усе, хто хоча прагаласаваць у выбарах на замежных выбарчых участках, павінны зарэгістравацца да 13 чэрвеня.
ав