Беларуская Служба

Прэзідэнт Дуда неўзабаве можа наведаць Дональда Трампа ў Белым доме

17.06.2020 14:02
Візіт Анджэя Дуды, калі ён наогул адбудзецца, будзе згодны планам Трампа павялічыць колькасць амерыканскіх войскаў у Польшчы.
   .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. PAP/EPA/Stefani Reynolds / POOL

Прэзідэнт Анджэй Дуда неўзабаве можа сустрэцца ў Белым доме з Дональдам Трампам, паведамляе амерыканскі партал POLITICO са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай і польскай адміністрацыях.

Візіт можа адбыцца ў часе, калі Трамп здзівіў саюзнікаў і ўласную адміністрацыю рашэннем вывесці больш за чвэрць амерыканскіх войскаў, размешчаных у Германіі.

Пасля перапынку, выкліканага пандэміяй, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неўзабаве нанава пачне прымаць замежных лідараў у Белым доме. Верагодна, яго супрацоўнікі ўжо вядуць перамовы па гэтым пытанні з прадстаўнікамі польскага прэзідэнта.

Візіт Анджэя Дуды, калі ён наагул адбудзецца, будзе ўпісвацца ў планы Трампа павялічыць колькасць амерыканскіх войскаў, якія дыслакуюцца ў Польшчы, але таксама можа адбыцца непасрэдна перад прэзідэнцкімі выбарамі, 28 чэрвеня. Такая магчымасць выклікала здзіўленне часткі каментатараў.

„Візіт Дуды ў такім моманце ўспрымаўся б, як падтрымка ЗША для адной з палітычных сіл у Польшчы. Гэта не вельмі добрая ідэя”, - лічыць Дэніэл Фрыд, былы пасол ЗША ў Польшчы ў адміністрацыі Клінтана, які зараз з’яўляецца членам Атлантычнага савета.

Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа заявіў, што польскі прэзідэнт можа прыбыць у Вашынгтон на наступным тыдні, але іншы амерыканскі чыноўнік кажа толькі, што візіт Дуды чакаецца „хутка”. У сваю чаргу крыніцы ў польскім урадзе пацвердзілі, што вядуцца перамовы пра прысутнасць у Польшчы амерыканскіх войскаў і па справе пагаднення пад назвай „Форт Трамп”. Аднак пакуль не вядома дакладна, калі сустрэча можа адбыцца.

Прэс-сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Джон Ульят адмовіўся ад каментароў, а чыноўнікі Дзярждэпартамента не адказвалі на электронныя лісты або перанакіравалі POLITICO ў Белы дом. У сваю чаргу, прэс-сакратар польскага пасольства заявіў, што „няма ніякай інфармацыі пра які-небудзь візіт у бліжэйшыя дні”.

Візіт кіраўніка польскай дзяржавы адбыўся б у момант, калі Трамп плануе скараціць амерыканскі кантынгент у Германіі больш чым на 9 000 чалавек, адначасова павялічваючы прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы. Гэты план „з'явіцца ў бліжэйшы час” і будзе больш поўным, чым чакалася, заявіла пасол ЗША ў Польшчы Джаржэт Масбахер.

Нагадваем, Трамп заявіў, што не памяняе стаўлення наконт вываду амерыканскіх войскаў з Германіі. Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што Германія не ўносіць належнага ўкладу ў НАТА, хаця ў добраахвотным пагадненні краіны-члены абавязаліся павялічыць выдаткі на абарону.

Аднак план скарачэння войскаў у Германіі выклікае супраціў у Кангрэсе, таксама сярод рэспубліканцаў.

Паводле каментатараў, прадстаўнікі Пентагона былі здзіўлены рашэннем вывесці войскі з Германіі -  сядзібы каля 35 тысяч супрацоўнікі службаў ЗША і іх сем'яў, а таксама асноўнай базы для аперацый у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Генерал у адстаўцы Бен Ходжэс, які камандаваў арміяй ЗША ў Еўропе, лічыць таксама, што ЗША пазбягаюць стварэння ў Польшчы пастаяннай ваеннай базы. Паводле яго, многія еўрапейскія саюзнікі лічаць, што такі крок парушыць дамоўленасць НАТА з Расіяй - дарожную карту супрацоўніцтва альянсу з Масквой, паведамляе партал POLITICO.

аз