„Я прадстаўляю беларусаў, якія стаміліся хамствам і беспарадкам”, - кажа Віктар Бабарыка, вядучы канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, былы старшыня аднаго з найбуйнейшых банкаў краіны ў размове з журналістам газеты Rzeczpospolita Русланам Шошынам.
Нагадваем, у „Белгазпрамбанку”, які на працягу 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка (2000-2020), ужо некалькі дзён вядуцца арышты і ператрусы. На думку каментатараў, гэта толькі частка маштабнай гульні афіцыйнага Мінска, які ўжо абвясціў, што ў хуткім часе прадставіць доказы „ўмяшання замежнай дзяржавы ва ўнутраныя справы Беларусі”.
А можа, Менск хвалюецца, паколькі рэдка такія высокапастаўленыя кіраўнікі „Газпрама” (гэта ўладальнік Белгазпрамбанка) балатуюцца ў прэзідэнты Беларусі?, задумоўваецца журналіст.
„У іншых краінах да кандыдатаў у прэзідэнты адносяцца як да прадстаўнікоў часткі грамадства, але ў Беларусі ў іх бачаць „рукі Крамля”, „ногі Еўрасаюза”і некаторыя іншыя часткі цела, якія належаць, напрыклад, Кітаю. Я прадстаўляю толькі інтарэсы беларусаў, якія, як і я, не былі на выбарах з 1994 года (тады Лукашэнка ўпершыню стаў прэзідэнтам). Беларусаў, якія не верылі, што нешта можна змяніць. Беларусаў, якім надакучыла непавага, грубасць і беспарадак, і надакучылі тыя, хто паставіў краіну пад пагрозу страты суверэнітэту”, - пераконвае Бабарыка.
Дапусцім, што вы заўтра станеце прэзідэнтам Беларусі. Якія будуць вашыя першыя прынцыповыя рашэнні?
„Неабходна было б правесці канстытуцыйную рэформу і вярнуцца да канстытуцыі 1994 года. Прэзідэнт павінен кіраваць краінай не больш чым цягам двух тэрмінаў паўнамоцтваў. Кіраўнікі павінны мяняцца. Таксама не можа быць ля ўлады адна асоба, дзяржавай павінны кіраваць многія органы. Я б не рабіў стаўкі на загады, але на ініцыятыву людзей. Трэба наймаць разумных людзей, якія падкажуць, што рабіць”, - кажа палітык.
Калі б заўтра вы вырашылі інтэграваць краіну з Еўрасаюзам ці НАТА, Масква моўчкі дазволіла б Беларусі пакінуць сферу сваіх уплываў?
„Беларусы - свабодныя людзі і маюць незалежную дзяржаву, мы не рабы. Мы будзем прымаць рашэнне аб нашай знешняй палітыцы, зыходзячы з уласных інтарэсаў. Калі нейкія альянсы будуць нам выгадныя, то мы іх будзем заключаць, а калі не, то мы іх пакінем”, - сказаў Віктар Бабарыка.
А што кандыдат у прэзідэнты Беларусі думае пра справу непрызнаванага ўладамі ў Мінску Саюз палякаў у Беларусі, у якога яшчэ ў 2005 годзе забралі „Польскія дамы”?
„Калі гэта займае столькі часу, то, відаць, простага рашэння няма. Я не вельмі разбіраюся ў гэтай тэме, але я ведаю, што трэба пазнаёміцца з аргументамі ўсіх бакоў. Мы павінны спаслацца на міжнароднае права, а калі ў нас будзе нейкая спрэчка з Польшчай па гэтым пытанні, то мы павінны шукаць кампраміс, як у бізнесе. Гэта адзінае правільнае рашэнне. Трэба будзе заняцца гэтай справай”, - абяцаў Бабарыка.
Кандыдат у прэзідэнты паясніў таксама, чаму ён пазбягае адказаць на пытанне „каму належыць Крым?”.
„На сёння сітуацыя такая, што беларускае грамадства ў гэтым пытанні падзелена. Дрэнна, калі мы пачынаем дзеліць беларусаў на часткі, нават калі гэта тычыцца знешняй для нас праблемы. Давайце адкажам на гэтае пытанне крыху пазней. Я не падтрымліваю знешняй палітыкі дзейснага прэзідэнта, які кажа, што пасля 26 гадоў яго кіравання Беларусь акружаюць толькі ворагі. Я хачу, каб Беларусь акружалі сябры. Што тычыцца канфлікту паміж Украінай і Расіяй, я падтрымліваю „мінскі фармат”- неабходна знайсці кампраміс”, - сказаў Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю выданню Rzeczpospolita.
аз