Беларуская Служба

«Пасля сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і ЗША трэба чакаць добрай інфармацыі»

22.06.2020 13:13
У сераду Анджэй Дуда сустрэнецца з прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Аўдыё
  • «Пасля сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і ЗША трэба чакаць добрай інфармацыі»
 .
Белы дом. ВашынгтонPAP/EPA/Yuri Gripas / POOL

Пасля сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і ЗША трэба чакаць добрай інфармацыі – заявіў кіраўнік кабінету прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі. У сераду Анджэй Дуда сустрэнецца з прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Паведамляецца, што размовы будуць весціся на тэму аховы здароўя, інвестыцый і бяспекі. Абмяркоўвацца таксама будуць планы, звязаныя з рэалізацыяй дэкларацыі аб узмацненні амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Польшчы.

15 чэрвеня Дональд Трамп пацвердзіў ранейшыя паведамленні ў СМІ, што Злучаныя Штаты плануюць вывесці з Германіі 9,5 тысяч сваіх жаўнераў. Агенцтва Associated Press спекулюе, што план перавядзення часткі гэтых вайскоўцаў у Польшчу будзе галоўнай тэмай размоваў Трамп-Дуда.

Прэзідэнцкі міністр Кшыштаф Шчэрскі адзначыў, што Анджэй Дуда будзе размаўляць з Дональдам Трампам пра справы здароўя, інвестыцыі і развіццё, а таксама пра пытанні бяспекі:

-Гэта тры галоўныя блокі пытанняў, у кожным з іх ёсць яшчэ падтэмы. Калі мы кажам пра бяспеку, то таксама гаворым пра энергетычную бяспеку, ваенную. Калі кажам пра развіццё і інвестыцыі, то гаворым і пра рэгіён Трох мораў, пра новыя тэхналогіі, пра кібербяспеку. Калі кажам пра здароўе, то гаворым пра супольнае змаганне з пандэміяй, пошук леку і прышчэпкі на хваробу, якая нас сёння закранае. Па гэтых трох тэматычных блоках будуць добрыя весткі.

Кіраўнік кабінету прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі гаворыць, што прэзідэнт Анджэй Дуда ў Вашынгтоне будзе размаўляць пра будучыню НАТА ў Еўропе:

-Прэзідэнт едзе вырашаць польскія справы. Таксама ёсць другі кантэкст – саюзніцкі. Гэта размова пра планы Дональда Трампа часткова вывесці войскі з Германіі. Мы хочам ведаць пра гэтыя планы. Таму на гэтую тэму прэзідэнт будзе размаўляць з генсакратаром НАТА. Гэта будзе першы прэзідэнт краіны-чальца НАТА, якія сустрэнецца з амерыканскім лідарам пасля абвяшчэння рашэння Трампа. Прэзідэнт таксама будзе размаўляць пра будучыню саюзу з моцным націскам на тое, каб захаваць актыўны ўдзел ЗША ў бяспецы Еўропы.

Кшыштаф Шчэрскі таксама сказаў, што прэзідэнт Анджэй Дуда ў Вашынгтоне будзе адстойваць пазіцыю цэлага рэгіёну:

-Пасля інфармацыі, што прэзідэнт сустрэнецца з Дональдам Трампам, многія сталіцы нашага рэгіёну правялі з намі кансультацыі. Прэзідэнт Польшчы паедзе ў Вашынгтон ад імя некалькіх краін нашага рэгіёну, якія з такой просьбай звярнуліся да нашага прэзідэнта. Каб таксама былі закранутыя іх аргументы. Гэта нармальная сітуацыя, у якой прэзідэнт будзе гаварыць ад імя рэгіёну, ад імя саюзніцкага інтарэсу.
Кшыштаф Шчэрскі сказаў, што ў кабінеце прэзідэнта ідуць апошнія працы над праграмай сустрэчы.

Пра тое, што падчас візіту ў ЗША Анджэй Дуда будзе прадстаўляць не толькі Польшчу, але і НАТА, гаворыць і намеснік прэс-сакратара кіроўнай партыі «Права і справядлівасці» Радаслаў Фогель:

-Несумненна Злучаныя Штаты з’яўляюцца важным глабальным гульцом, адзінай у дадзены момант супердзяржавай. Гэта наш партнёр па НАТА, гаспадарчы партнёр. І ўсе гэтыя пытанні будуць там закранацца. А пытанне бяспекі – адно з самых важных, пра якое Анджэй Дуда заўсёды размаўляе падчас візітаў у ЗША.

Пра тое, што размовы ў ЗША будуць праходзіць у трансатлантычным духу, гаворыць і амбасадар Польшчы ў Амерыцы Пётр Вільчэк. У сваю чаргу ў размове з PAP ён падкрэсліў, што Варшава не спалучае пытанне ўзмацнення амерыканскай вайсковай прысутнасці з абмежаваннем яе ў іншых краінах і не вядзе такім чынам перамоваў.

Павелічэнне лічэбнасці войскаў ЗША ў Польшчы «не адбываецца супраць іншых дзяржаваў» – запэўніў амбасадар. Паводле яго, канчатковае рашэнне аб размяшчэнні жаўнераў ЗША залежыць ад Вашынгтону.

Апрача пытання абароннасці, у Вашынгтоне будзе закранутае пытанне супрацы ў галіне энергетыкі. Тут, як сцвердзіў амбасадар Вільчэк, ЗША з’яўляюцца важным, але не адзіным партнёрам Варшавы. Для амерыканскага боку важным праектам, звязаным з энергетыкай, з’яўляецца Ініцыятыва Трох мораў. –Для амерыканцаў гэта шанец на інвестыцыі, таксама стратэгічныя. У выніку іх удзелу ў праекце, рэгіёнам Цэнтральнай Еўропы цікавяцца эканамічна развітыя краіны Азіі – Японія ці Паўднёвая Карэя, – сказаў амбасадар Пётр Вільчэк.

Дыпламат лічыць, што ЗША характарызуюцца прагматычным падыходам да палітыкі, незалежна ад таго, хто з’яўляецца гаспадаром Белага дому. Гэта асабліва заўважальнае, калі гаворка заходзіць пра гаспадарчыя, энергетычныя і гандлёвыя інтарэсы.

Амбасадар прызнаў, што некаторыя палітыкі з Дэмакратычнай партыі «маюць крытычнае стаўленне да палітычных падзей у Польшчы». Аднак, магчымыя змены ўлады ў абедзвюх дзяржавах не паўплывалі, паводле яго, на змену падыходу Вашынгтону да рэгіёну Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў пытаннях абароны і энергетыкі.

ав