Амерыканская вайсковая база, якая функцыянуе ў грамадска-палітычнай прасторы як Fort Trump, усё ж такі будзе ў Польшчы, неафіцыйна паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. У сераду пра базу будзе афіцыйна паведамлена падчас сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы Анджэя Дуды і ЗША Дональда Трампа ў Вашынгтоне.
У Польшчы мае дыслакавацца каля 2 тыс. амерыканскіх салдат і афіцэраў – раней паведамлялася пра 1 тыс. ваеннаслужачых. У Польшчу будзе таксама перабазаванае з Кентукі камандаванне 5-га корпусу Арміі ЗША. Акрамя таго, існуюць планы перакідкі з Нямеччыны ў Польшчы 30 амерыканскіх самалётаў F-16. На якіх прынцыпах амерыканцы будуць дыслакавацца ў Польшчы – пакуль невядома. Вядома аднак, што большую частку фінансавых выдаткаў на ўтрыманне базы Варшава ўзяла на сябе. Таксама вядома, што ўзамен амерыканцы перададуць палякам пяць транспартных самалётаў C-130 Hercules. І хоць гэта былыя ва ўжыванні самалёты, то яны і так маладзейшыя, чым транспартнікі такога ж тыпу, якія служаць у польскіх ВПС.
Дарэчы, падчас візіту прэзідэнта Дуды ў Вашынгтон будуць абмяркоўвацца пытанні не толькі амерыканскай базы. І так, паведамляецца, што абодва лідары абмяркуюць магчымую закупку для Войска Польскага амерыканскіх ударных верталётаў Boeing AH-64 Apache альбо Bell AH-1Z Viper. Акрамя таго, Дуда і Трамп абмяркуюць пытанне будаўніцтва ў Польшчы атамнай электрастанцыі. Зразумела, што амерыканцы будуць старацца прасунуць свае атамныя тэхналогіі. Гаворыцца таксама пра прадастаўленне амерыканскага крэдыту на будаўніцтва польскай АЭС.
Паводле аднаго з каментатараў, які пажадаў застацца ананімным, пагадненне карыснае для Польшчы з геапалітычнага пункту гледжання. Хоць надалей невядома, ці праект больш амерыканскі, ці ў рамках НАТА. Каб не было ўражання, што ўвесь працэс адбываецца па-за структурамі Паўночнаатлантычнага пакту, у панядзелак прэзідэнт Анджэй Дуда правёў тэлефонную размову з генеральным сакратаром НАТА Енсам Сталтэнбергам, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.
вс
здымае мае ілюстрацыйны характар